19 красавiка 2024, Пятніца, 6:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ветліва спытаў: на якой падставе вы залазіце ў маё аўто?»

40
«Ветліва спытаў: на якой падставе вы залазіце ў маё аўто?»

Унікальны выпадак: у Любані суд стаў на бок збітых міліцыяй людзей.

У Любані завяршыўся працэс пра брутальнае масавае затрыманне моладзі побач з клубам у самым цэнтры горада. Але міліцыянтаў за гвалт і здзекі не пакараюць, паведамляе «Белсат».

Гэтак адбылося і сёлета 10 чэрвеня: кампанія маладых людзей увечары выйшла з клубу ў Любані, хлопцы стаялі каля аўтамабіля і размаўлялі. Паводле іх, раптам падышлі міліцыянты, адзін з якіх без папярэджанняў стаў зазіраць у аўтамабіль і нешта фатаграфаваць.

«Ветліва спытаў: на якой падставе вы залазіце ў маё аўто? Ён адказаў: якая табе справа? Атрымліваецца, ніяк не адрэагаваў і далей працягнуў свае дзеянні: капаўся, капаўся. Вылазіць з аўто, кажа: што ты хочаш? Мы цябе зараз увогуле закрыем тут», – распавядае любанскі блогер Уладзіслаў Бараноўскі.

Пабачыўшы такую рэакцыю, Уладзіслаў паспрабаваў зняць дзеянні міліцыянта на тэлефон. Аднак той спачатку пачаў пагражаць хлопцам, а пасля выклікаў падмогу з мэтаю ўсіх затрымаць.

«Адразу сталі заломваць за рукі. Я не хацеў на зямлю падаць, яны пачалі ставіць падножкі. Я сказаў «Што вы робіце?» І тут ззаду нехта газавым балончыкам запырскаў, і адразу ў аўто пасадзілі. Пасля адвезлі нас у аддзел. Мяне выцягнулі з аўто, адразу ў твар ударылі», – кажа мясцовы жыхар Артур Лемешаў.

Усяго былі затрыманыя і дастаўленыя ў мясцовае аддзяленне РАУС пяць чалавек, там на іх склалі па тры пратаколы на кожнага – за непадпарадкаванне і аказанне супраціву працаўнікам міліцыі, а таксама за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Хоць хлопцы нічога не ўжывалі, а завезці іх на абследаванне міліцыянты адмовіліся. Адзначыўся і ўчастковы Андрэй Вішчэня, пра канфлікт якога з мясцовымі жыхарамі «Белсат» расказваў сёлета ў траўні.

«Працаўнік міліцыі Вішчэня, які складаў пратаколы, пісаў усе гэтыя пратаколы пад капірку. А відэа, якія я пісаў на тэлефон, з яго зніклі, тэлефон быў зламаны», – працягвае Бараноўскі.

Зніклі і відэазапісы з кабінету РАУС, у якіх, паводле хлопцаў, іх паклалі на падлогу і збівалі. Спачатку дзве гадзіны яны ляжалі на падлозе, пасля іх адправілі за краты. Уладзіслава Бараноўскага пратрымалі двое содняў – у камеры, разлічанай на двух чалавек, былі пяцёра. Родным нават не паведамілі, дзе ён. На наступны дзень ягоны бацька сам дабраўся да РАУСу, дзе, з ягоных слоў, у яго адбыўся наступны дыялог з намеснікам начальніка Сяргеем Башурам.

«Я кажу: пусціце мяне паглядзець на сына, вы яго збілі. Ён кажа: так, збілі. Я кажу: а за што вы яго збівалі? А ён мне: не твая справа, мы яшчэ яго і пасадзім. Я кажу: вось даверанасць, дайце мне сустрэцца з сынам, паглядзець, у якім ён стане. І я цягам двух сутак дабіваўся сустрэчы з сынам, але мяне так і не дапусцілі», – дадае Бараноўскі.

Па выхадзе на волю Уладзіслаў Бараноўскі зняў пабоі – у выніку затрымання ён атрымаў расцяжэнне звязак на плячы і сінякі, а таксама заўважныя парэзы рук ад наручнікаў. Паводле выніку справы суд разгледзеў пратаколы, складзеныя міліцыянтамі, і вынес пастанову – пратаколы ануляваць. Такім чынам, невінаватыя кары не панеслі, як, зрэшты, і тыя, хто праводзіў затрыманне.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках