16 красавiка 2024, aўторак, 12:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кароткае жыццё лідараў сепаратыстаў Данбаса

Кароткае жыццё лідараў сепаратыстаў Данбаса
АЛЯКСАНДР ЗАХАРЧАНКА
ФОТА: REUTERS

Імя Захарчанкі папоўніла спіс забітых і памерлых пры розных абставінах лідараў сепаратыстаў.

Лідар самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" 42-гадовы Аляксандр Захарчанка загінуў у выніку выбуху ў рэстаране "Сепар" у цэнтры Данецка ў пятніцу ўвечары 31 жніўня. Параненыя былі дзяўчына і адказны за фінансы ў "ДНР" Аляксандр Цімафееў. Імя Аляксандра Захарчанкі прадоўжыла спіс лідараў сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, якія заўчасна пайшлі з жыцця ў выніку забойства або хваробы, піша Нямецкая хваля.

Мала хто памятае цяпер пра Уладзіміра Маковіча. Калі ў красавіка 2014 года прарасейскія сепаратысты ў Данецку абвесцілі "народную рэспубліку", у захопленым будынку абладміністрацыі ён зачытваў "дэкларацыю незалежнасці". Маковіч, які са сваёй сівой барадой быў падобны на праваслаўнага святара, стаў віцэ-спікерам "Вярхоўнага савета", але ўжо праз паўгода адышоў на задні план. Пра яго зноў успомнілі, калі Маковіч памёр 12 сакавіка 2017 года. Як было сказана – ад пухліны мозгу. Яму было 54 гады.

Смерць з засады

Спіс былых і дзейных лідараў сепаратыстаў скарачаўся і ў выніку мэтанакіраваных забойстваў. Так, у лютым 2017 года Міхаіл Талстых, вядомы праз пазыўныя "Гіві", памёр у выніку абстрэлу з агнямётаў ягонага кабінета пад Данецкам.

За некалькі месяцаў да гэтага ў ліфце быў узарваны Арсен Паўлаў, ён жа "Матарола". Паўлаў быў, магчыма, самым вядомым расейцам, які ваяваў на ўсходзе Украіны з пачатку канфлікту. Кіраўнікі "ДНР" абвінавацілі ў абодвух замахах "украінскіх дыверсантаў", Кіеў гэта адмовіў. Ва Украіне ў такіх выпадках часта паказваюць на Маскву і кажуць пра "чысткі". За тры гады блізу дзясятка лідараў сепаратыстаў загінулі ад нападаў з засады.

Хворае сэрца ў 46 гадоў

Некаторыя вядомыя лідары прарасейскіх сепаратыстаў нечакана памерлі ад хваробаў, напрыклад Валерый Болатаў. Паведамлялася, што першы кіраўнік "Луганскай народнай рэспублікі" памёр у студзені 2017 года ў сваёй маскоўскай кватэры ва ўзросце 46 гадоў. Паводле афіцыйнай версіі – ад вострай сардэчнай недастатковасці. Некаторыя СМІ не выключалі атручвання. Болатаў сышоў у адстаўку на піку вайны, у жніўні 2014 года, і з тых часоў вёў малапрыкметнае жыццё ў Расеі.

Генадзь Цыпкалаў быў яшчэ маладзейшы, яму было 43, калі восенню 2016 года, як паведамілі з Луганска, ён скончыў жыццё самагубствам у СІЗА. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы перавароту. І ў гэтым выпадку гучалі меркаванні пра забойства. Цыпкалаў быў намеснікам Болатава і "прэм'ер-міністрам".

Узаемныя абвінавачванні Кіева і Масквы

Як і ў выпадку з іншымі гучнымі забойствамі лідараў сепаратыстаў у Данбасе, і на гэты раз Масква і Кіеў усклалі адно на аднаго адказнасць за смерць Аляксандра Захарчанкі. "Ёсць падставы меркаваць, што за ягоным забойствам стаіць кіеўскі рэжым", – заявіла ў пятніцу ўвечары афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Паводле паведамленняў Службы бяспекі Украіны, там разглядаюць дзве версіі забойства лідара "ДНР": крымінальныя разборкі сярод баевікоў і ліквідацыя расейскімі спецслужбамі. Гібель Захарчанкі не стала выключэннем. І ў яго выпадку здагадкі выказваюцца пра тое, што ён трапіў у няласку і быў ліквідаваны Масквой, бо занадта шмат ведаў, што загінуў у выніку барацьбы паміж сепаратыстамі за сферы ўплыву ў палітыцы ці бізнэсе або што быў забіты ў выніку аперацыі ўкраінскіх спецслужбаў супраць варожага Кіеву рэжыму.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках