25 красавiка 2024, Чацвер, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Д'Артаньян Вялікага Княства Літоўскага

2
Д'Артаньян Вялікага Княства Літоўскага

Большасці беларусаў нічога не кажа імя Яна Ракаўскага.

Між тым гэты імпазантны моднік узначальваў наш горад у 30-я гады XVII стагоддзя, піша «Вячэрні Брэст».

«Бачым на Яну Ракаўскім кароткую куртачку-пурпуэн з завышанай таліяй, ад якой уніз ідуць расклёшаныя крысы. Куртка з гладкай карычневай тканіны ў тонкія чырвоныя палоскі. Абшэўкі-раструбы рукавоў упрыгожаныя срэбнымі тонкімі гішпанскімі карункамі. Па-над пурпуэнам з правага пляча звісае перавязь з залатога муару, вытканая дробнымі залатымі або срэбнымі кветачкамі. З такой тканіны заказвалі сабе вопратку прадстаўнікі найвышэйшай французскай арыстакратыі...» – такім Яна Ракаўскага ўбачыла кандыдатка гістарычных навук Вольга Папко.

Падчас даследавання калекцыі жывапісу князёў Вітгенштэйнаў, сабранай у 1830–1900 гады, ёю быў знойдзены партрэт маладога мужчыны ў модных строях XVII стагоддзя. Карціна знаходзілася ў адным з музейных пакояў палаца Шылінгсфюрст у Нямеччыне – там, дзе захоўваецца калекцыя былых уладальнікаў Мірскага замка. Імя паказвала на паходжанне Яна Ракаўскага з Рэчы Паспалітай.

Далейшыя даследаванні паказалі: зграбны, у фарсістым строі, «д'Артаньян» быў берасцейскім ваяводам у перыяд 1635–1638 гадоў. Пасада ваяводы ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага – гэта ўзровень сучаснага кіраўніка вобласці.

Вольга Папко, з першых вуснаў:

– Ян Ракаўскі вучыўся ў Італіі і Нямеччыне, пачатак кар'еры звязаў з дыпламатычнай дзейнасцю. Вядома, што Ракаўскі ездзіў у Англію, каб садзейнічаць шлюбу адной з ангельскіх прынцэсаў з сынам караля. Магчыма, паспяховасць гэтай «угоды» дапамагла яму атрымаць пасаду берасцейскага ваяводы. Гэты прыгожы чалавек, які гаварыў на 3-4 замежных мовах, хадзіў па Берасці ў вопратцы, шытай паводле французскай моды, на працу ездзіў на кані... Гледзячы на ягоны партрэт, разумееш, што наш горад быў еўрапейскім і цалкам сучасным для свайго XVII стагоддзя . Ракаўскі – адзін з 28 ваяводаў Берасця, і кожны з іх быў бы варты прынамсі кароткай згадкі ў дні святкавання 1000-годдзя Берасця. Можна было б аднавіць партрэты ваяводаў або кашталянаў Берасця і размясціць на плакатах па ўсім горадзе.

Гісторыя Берасця захавалася ў дакументах проста шыкоўна. У Нацыянальным гістарычным архіве толькі за перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай захоўваюцца больш за 150 тамоў дакументаў розных установаў Берасця і ваяводства. Выдатна захаваліся кнігі магістрата – вялізныя тамы з 1566 года да пачатку XIX стагоддзя. Кожная кніга магістрата змяшчае 700–800 старонак, у якіх гісторыя Берасця вельмі падрабязна апісаная. Дырэктар Нацыянальнага архіва ў гутарцы са мной сказаў, што Берасце ў архіўных дакументах пададзенае вельмі багата, што з'яўляецца ўнікальнай з'явай для Беларусі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках