28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абвінавачаны паводле справы Коржыча распавёў, як працавала сістэма пабораў у Печах

26
Абвінавачаны паводле справы Коржыча распавёў, як працавала сістэма пабораў у Печах
АРХІЎНЫЯ ФОТА TUT.BY

Не толькі «дзяды» вымагалі грошы ў «духаў», але і афіцэры ў жаўнераў.

У трэцяй вучэбнай танкавай роце 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах, дзе служыў Аляксандр Коржыч, існавала татальная сістэма пабораў, паведамляе «Белсат».

Абвінавачаны паводле справы Коржыча Ягор Скуратовіч распавёў у судзе аб тым, што не толькі «дзяды» вымагалі грошы ў «духаў», але і афіцэры ў жаўнераў.

Сяржант Ягор Скуратовіч заявіў, што камандзір роты старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка завёў такі парадак: жаўнеры павінны былі рэгулярна набываць яму каву, цыгарэты, прадукты. У сваю чаргу «дзяды» прымушалі «духаў» набываць прадукты ў краме за ўласныя грошы - частку стараслужбоўцы бралі сабе, а частку аддавалі камандзіру роты.

Абвінавачаны таксама распавёў пра выпадак, калі старэйшы лейтэнант вымагаў у яго грошы за карыстанне мабільным тэлефонам - патрабаваў за гэта набыць яму новую форму. Акрамя таго, са слоў Скуратовіча, Сукавенка краў грошы з грашовага забеспячэння жаўнераў - шарагоўцам ён выдаваў 8,5 рублёў замест 9,3, а сяржантам - 15 замест 16 рублёў. Розніцу афіцэр браў сабе.

Дзедаўшчына як сістэма

Сяржанту Скуратовічу 20 гадоў. Ён быў прызваны на вайсковую службу на паўгода пазней за Бараноўскага і Вяжэвіча. Скуратовіч падкрэсліваў на судзе, што сістэма не статутных дачыненняў і пабораў у Печах склалася задоўга да таго, як ён патрапіў у войска. На ягоную думку, не ўдзельнічаць у дзедаўшчыне фактычна было нельга: калі стараслужбоўца, напрыклад, не захацеў бы ўжываць фізічную сілу ў дачыненні да «духаў», то да яго пачалі б грэбліва ставіцца іншыя сяржанты.

Сваю віну Скуратовіч прызнае часткова. З ягоных слоў, злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды мела месца, аднак дачыненне да смерці Коржыча сяржант зняпраўджвае.

«Я думаю, што нашы дзеянні не маглі прывесці да яго самагубства. Яму заставалася некалькі тыдняў у нашай роце, потым яго павінны былі перавесці ў іншую частку. Тым больш на гэты час можна было без праблем легчы ў медыцынскую роту», - заявіў ён.

Загадкавы таварыш Коржыча

Скуратовіч распавёў, што Аляксандр Коржыч у сваёй роце сябраваў з шарагоўцам Алімхажаевым, які нібыта меў схільнасць да самагубства. Зрэшты, сяржанты бачылі запісы ў ягоным сшытку - малюнкі самагубства, суіцыдальныя вершы. Алімхажаеў тлумачыў сяржантам, што гэта ў яго такі настрой часам бывае. А аднойчы Алімхажаеў сышоў у лес, зрабіў пятлю на дрэве і проста сядзеў побач.

Маці загінулага салдата Святлана Коржыч у сваю чаргу мяркуе, што роля Алімхажаева ў трагедыі не да канца высветленая.

«Сын тэлефанаваў мне, казаў, што «мне засталося пратрымацца 2 тыдні, я потым сам буду з гэтым войскам ваяваць». Чаму людзі, схільныя да суіцыду, засталіся жыць, а ён загінуў? Чаму Чумак, якая яго лячыла ў медыцынскай роце, чаму Алімхажаеў гэты з'ехалі ў Расею? Ніхто не спрабуе высветліць прычыны!»

Скуратовіч сцвярджае, што работнікі КДБ нібыта маральна на яго ціснулі, аднак прынцыпова на ягоныя паказанні гэта не паўплывала: супрацоўнікі КДБ толькі падказалі сяржанту шэраг фармулёвак, сэнс фактычна не змяніўся. У адрозненне ад сяржанта Бараноўскага, які даваў паказанні ўчора, Скуратовіч падкрэслівае: фізічнае ўздзеянне да яго не ўжывалася.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Печах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці - са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Са слоў сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, з яго здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самагубства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкмет крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчыну і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.

Нарэшце, 19 красавіка, Следчы камітэт абвясціў, што следства паводле справы скончанае, і версія забойства не пацвердзілася. Згодна з СК, Коржыча не забілі, але давялі да самагубства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з вынікамі следства не згодныя.

Суд паводле справы пачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць на падставе ч.1 і 2 арт.430 («атрыманне хабару»), а таксама на падставе ч.3 арт.455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках