29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць паўстання 1661 года

11
Магілёўскія ўлады адмовіліся ўшанаваць памяць паўстання 1661 года

Пры гэтым нядаўна ў Магілёве паставілі памятны знак сядзібе расейскага імператара Мікалая II.

Намеснік начальніка ўправы культуры Магілёўскага гарвыканкама Марына Клепчукова дала адмоўны адказ на петыцыю з прапановай усталяваць памятную шыльду пра паўстанне 1 лютага 1661 года на гарадской ратушы, паведамляе «Радыё Свабода».

Магілёўскае паўстанне адбылося падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай: жыхары акупаванага расейцамі горада за некалькі гадзін знішчылі шматтысячны гарнізон і вызвалілі Магілёў. За паўстанне горад атрымаў ад караля Яна Казіміра Вазы Магдэбуржскае права (адабранае ў 1654-м пасля таго, як маскоўцы занялі горад без бою) і новы герб, найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі дваранства.

У петыцыі пісалі, што «ўвекавечанне памяці аб паўстанні будзе спрыяць росту патрыятызму і гонару магілёўцаў, а таксама патрыятычнаму выхаванню новага пакалення». Яны прапаноўвалі ўсталяваць мемарыяльную шыльду «на месцы пачатку паўстання» - на будынку Магілёўскай ратушы.

Прадстаўніца гарвыканкаму Марына Клепчукова адказала на гэта, што прапанова «гістарычна неабгрунтаваная», бо «ратуша, пра якую ідзе гаворка [...], не мае непасрэднага дачынення да сучаснай ратушы, акрамя агульнай пераемнасці». Былая драўляная ратуша, піша яна, у 1664 годзе згарэла, ды і была не на тым месцы, дзе сучасная (на месцы старой цяпер дамы №8 на вуліцы Першамайскай).

Іншых варыянтаў ўшанавання паўстання яна не прапанавала.

Пры гэтым менш за месяц таму ў Магілёве насупраць ратушы паставілі памятны знак сядзібе расейскага імператара Мікалая II. Апошні расейскі самадзержац камандаваў з Магілёва сваімі войскамі ў Першую сусветную вайну.

Думкі экспэртаў, якія абмяркоўвалі ініцыятыву гарвыканкама, падзяліліся. Адны намагалі, што ініцыятыва чыноўнікаў накіраваная не на ўвекавечанне расейскага самадзержца, а на святкаванне гістарычнага факту, што сядзіба размяшчалася акурат у Магілёве. Гучалі меркаванні, што памятны знак варта разглядаць як кампрамісны варыянт помніка Мікалаю II.

Іншыя прытрымліваліся пазіцыі, што ўшаноўваць варта перш за ўсё падзею і асоб з беларускай гісторыі, якія ўмацоўваюць беларускую дзяржаўнасць і нацыянальную свядомасць грамадзян краіны. У 2009 годзе ў горадзе нават збіраліся паставіць бюст Мікалаю II, але ў выніку яго перадалі ў музей.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках