29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ураган «Флорэнс» усутыч наблізіўся да ўзбярэжжа ЗША

3
Ураган «Флорэнс» усутыч наблізіўся да ўзбярэжжа ЗША
ФОТА: AFP

Дзясяткі тысяч дамоў засталіся без электрычнасці на ўсходнім узбярэжжы ЗША.

Ураган па меры прасоўвання да мацерыка аслабеў да першай катэгорыі паводле шкале Сафіра - Сімпсана (з пяці магчымых, дзе пятая - максімальная), цяпер хуткасць ветру ў эпіцэнтры ўрагану складае 150 км на гадзіну, паведамляе расейская служба BBC.

Небяспека не мінула

Аднак, як папярэджваюць метэаролагі і мясцовыя ўлады, нельга казаць пра тое, што небяспека абмінула. Вялікая колькасць ападкаў, якую нясе з сабой ураган, можа прывесці да катастрафічных наступстваў.

Раніцай у пятніцу ўраган ушчыльную падышоў да ўзбярэжжа штатаў Паўночная і Паўднёвая Караліна. У прыбярэжных гарадах штата марская вада затапіла некаторыя вуліцы. Улады штатаў папярэджваюць, што ёсць рызыка ўзнікнення «катастрафічнай паводкі», якая, у сваю чаргу, можа прывесці да гібелі людзей. Паводле звестак метэаролагаў, у найбліжэйшыя два-тры дні ў Паўночнай Караліне выпадзе 8-месячная норма ападкаў.

«Флорэнс» імкліва набліжаецца да Караліны

Паводле прагнозу метэаролагаў, ураган «Флорэнс» дасягне ўзбярэжжа Паўночнай Караліны апоўдні паводле мясцовага часу ў пятніцу.

Чакаецца, што з раёнаў, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі, будуць эвакуяваныя больш за мільён чалавек.

Губернатар штата падкрэсліў, што ва ўладаў і жыхароў рэгіёну быў час на тое, каб ужыць неабходныя захады, і час яшчэ застаецца на гэта.

Катастрафічная паводка

Надвор'е ў Паўночнай і Паўднёвай Караліне значна пагоршылася ў чацвер. У некаторых раёнах Паўночнай Караліны ўсяго за некалькі гадзін выпала амаль 30 см ападкаў.

Цяпер ураган «Флорэнс» рухаецца ў паўночна-заходнім кірунку. Паводле звестак сіноптыкаў, шторм прадоўжыць павольна прасоўвацца ўздоўж усходняга ўзбярэжжа ЗША ў пятніцу і суботу, увесь гэты час у прыбярэжных раёнах будуць ісці праліўныя дажджы.

У НЕКАТОРЫХ РАЁНАХ ПАЎНОЧНАЙ КАРАЛІНЫ ЎСЯГО ЗА НЕКАЛЬКІ ГАДЗІН ВЫПАЛА БЛІЗУ 30 СМ АПАДКАЎ
ФОТА: GETTY IMAGES

У Нацыянальным цэнтры вывучэння ўраганаў папярэдзілі, што высокая імавернасць «штармавога падвышэння ўзроўню вады» ў прыбярэжных раёнах штатаў Паўночная і Паўднёвая Караліна. Сіноптыкі адзначаюць, што штармавы прыліў і моцны вецер могуць выклікаць моцнае затапленне прыбярэжных тэрыторый.

У чацвер а 23:00 паводле мясцовага часу (03:00 паводле Грынвіча) Нацыянальны цэнтр вывучэння ўраганаў заявіў, што ўраган «Флорэнс» аслабеў да першай катэгорыі (з пяці магчымых). Раней сіла ўрагану ацэньвалася ў чатыры балы.

У цэнтры адзначаюць, што, нягледзячы на тое, што сіла ўрагану знізілася, ён застаецца даволі небяспечным праз аб'ём ападкаў, якія ён нясе з сабой.

У 2017 годзе ЗША панеслі рэкордныя страты ад стыхійных бедстваў

«Паводкі, да няшчасця, прыводзяць да гібелі людзей, і, мабыць, менавіта з гэтым мы і можам сутыкнуцца», - сказаў Брок Лонг, кіраўнік Федэральнага агенцтва надзвычайных сітуацый (FEMA).

З ягоных слоў, найбольшую рызыку зазнаюць тыя жыхары, дамы якіх размешчаныя блізу рэк, ручаёў і ў нізіне.

Паводле прагнозаў метэаролагаў, шторм яшчэ больш аслабне да моманту, калі ён дасягне ўзбярэжжа. Пры гэтым ён прынясе з сабой велізарную колькасць ападкаў.

ЦЯПЕР УРАГАН «ФЛОРЭНС» РУХАЕЦЦА Ў ПАЎНОЧНА-ЗАХОДНІМ КІРУНКУ. ПАВОДЛЕ ЗВЕСТАК СІНОПТЫКАЎ, ШТОРМ ПРАДОЎЖЫЦЬ БОЛЬШ МАРУДНЫ РУХ УЗДОЎЖ УСХОДНЯГА ЎЗБЯРЭЖЖА ЗША Ў ПЯТНІЦУ І СУБОТУ
ФОТА: GETTY IMAGES

Як папярэджваюць метэаролагі, у некаторых раёнах узровень вады можа падняцца да 4 метраў, рэкі могуць выйсці з берагоў.

У некаторых раёнах Паўночнай Караліны выпадзе 50-70 см ападкаў.

Больш за 100 тысяч жыхароў ужо засталіся без электрычнасці, але, як папярэджваюць энэргетыкі, калі сітуацыя пагоршыцца, без электраэнэргіі могуць застацца амаль тры мільёны дамоў і кампаній.

Паводле звестак сайта FlightAware.com, скасаваныя амаль 1400 авіярэйсаў. Праца многіх аэрапортаў, размешчаных на ўсходнім узбярэжжы краіны, прыпыненая праз набліжэнне ўрагану.

ФОТА: REUTERS

Берагавая ахова ЗША падрыхтавала катэр на выпадак неабходнасці весці выратавальныя працы на вадзе.

На дапамогу ратавальнікам у Паўночнай і Паўднёвай Караліне прыбылі іх калегі з іншых штатаў.

Больш за мільён жыхароў павінны пакінуць узбярэжжы штатаў Вірджынія, Паўночная і Паўднёвая Караліна, блізу 12 тысяч чалавек размешчаныя ў спецыяльных часовых цэнтрах.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках