23 красавiка 2024, aўторак, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берлінскія лекары: Хутчэй за ўсё, Вярзілаў быў атручаны

5
Берлінскія лекары: Хутчэй за ўсё, Вярзілаў быў атручаны
ФОТА: АНТОН НОВАДЗЯРЭЖКІН/ТАСС/SCANPIX/LETA

Cтан расейскага актывіста палепшыўся.

Лекары берлінскай клінікі Charite, куды даставілі спецбортам з Масквы ўдзельніка Pussy Riot і выдаўца «Медиазоны» Пятра Вярзілава, прыйшлі да высновы, што ён сапраўды мог быць атручаны. Цяпер стан Вярзілава «нашмат палепшыўся», паведамляе bbc.com.

«З высокай доляй імавернасці [можна сказаць], што ён быў атручаны», - заявіў журналістам прадстаўнік клінікі прафесар Кай-Уве Экард (цытата паводле агенцтва Рэйтэр). Раней гэтую версію вылучалі блізкія Вярзілава.

Іншага тлумачэння сімптомам Вярзілава няма, прыйшлі да высновы лекары.

Якое менавіта рэчыва патрапіла ў арганізм Вярзілава, ім сказаць цяжка, адзначыў прадстаўнік Charite. З ягоных слоў, гэта маглі быць як медыкаменты, так і натуральныя рэчывы.

Пры гэтым малаімаверна, што змогуць знайсці прычыну цяпер, праз шэсць дзён пасля меркаванага атручвання, мяркуюць лекары.

Яны патлумачылі, што клас рэчываў, якія знайшлі ў крыві Вярзілава, выкарыстоўваецца, прынамсі, у афтальмалогіі, каб пашырыць зрэнкі пацыента і даследаваць іх стан.

«Ёсць адна субстанцыя, якая раней выкарыстоўвалася наўмысна - скапаламін. Але мы можам рабіць выснову толькі пра клас. Гэты клас рэчываў ужываецца ў медыцыне, прысутнічае ў шматлікіх медыкаментах, але тады давялося б праглынуць велізарную колькасць медыкаментаў», - заявіў доктар Экард.

У лекараў няма звестак, што Вярзілаў прымаў лекі перад тым, як яму стала дрэнна, тым больш у такой колькасці.

Цяпер стан Вярзілава «нашмат палепшыўся», пагрозы для ягонага жыцця няма, аднак яму ўсё яшчэ патрэбная інтэнсіўная медыцынская дапамога, сказаў прадстаўнік клінікі. Актывіст знаходзіцца ў свядомасці, прыборы для падтрымкі жыццезабеспячэння яму не патрэбныя.

Кіраўнік клінікі Карл Макс Айнхойпль, у сваю чаргу, паведаміў, што берлінскія лекары супрацоўнічалі з маскоўскімі, тыя перадалі ім усю інфармацыю аб захворванні і паведамілі, якія захады былі ўжытыя (цытата па Інтэрфаксу).

Што такое скапаламін?

Скапаламін - рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў якасці заспакойлівага сродку, для падрыхтоўкі да наркозу, часам - як супрацьрвотнае пры марской хваробе.

У пачатку XX стагоддзя скапаламін выкарыстоўвалі як атруту. Цяпер жа скапаламін выкарыстоўваюць злачынцы, якія ўчыняюць рабаванні або згвалтаванні.

Гэты спосаб асабліва распаўсюджаны ў Калумбіі: у Багоце блізу адной пятай тэрміновых зваротаў у лякарню звязаныя з атручваннем скапаламінам: рабаўнікі даюць ахвяры напой з гэтым рэчывам, каб потым без супраціву забраць усе каштоўнасці.

Прыкметы атручвання

Вярзілава ў цяжкім стане даставілі ў лякарню ўвечары 11 верасня. Як распавяла ягоная дзяўчына Вераніка Нікульшына, яму стала дрэнна неўзабаве пасля пасяджэння суда, на якім разглядалася заведзеная супраць яе адміністрацыйная справа.

З яе слоў, у Вярзілава пачаліся праблемы са зрокам, ён пачаў губляць здольнасць размаўляць, а затым і хадзіць. Праз два дні на патрабаванне блізкіх яго перавялі ў рэанімацыю Інстытута імя Скліфасоўскага.

У лякарні Бахрушына, як паведамілі ВВС блізкія Вярзілава, лекары падазравалі ў яго атручэнне нейкімі лекавымі прэпаратамі.

Лекары ў Інстытуце імя Скліфасоўскага не знайшлі ў ягоным арганізме слядоў атрутнага рэчыва, распавяла 15 верасня Нікульшына.

«Вярзілаў быў абследаваны, у тым ліку, у таксікалагічным аддзяленні НДІ імя Скліфасоўскага, але ніякіх атрутных рэчываў у ягоным арганізме выяўлена не было», - распавяла ў аўторак расейская медыцынская крыніца агенцтва Інтэрфакс.

Спецборт у Берлін

У той жа дзень Вярзілава даставілі спецбортам у Нямеччыну. Са слоў Нікульшынай, адпраўку спецборта арганізаваў бацька Вярзілава.

«Мы вязем Пецю ў Берлін, бо там ёсць сябар ягонага бацькі, лекар, які будзе займацца Пецем», - казала яна.

«Я думаю, што ён быў атручаны наўмысна. Гэта была спроба запалохаць яго ці забіць», - сказала журналістам удзельніца Pussy Riot Надзея Талаконнікава ў аэрапорце Шэнефельд (цытата паводле Рэйтэр).

Іншыя блізкія Вярзілава таксама агучылі версію пра тое, што ён мог быць наўмысна атручаны.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках