24 красавiка 2024, Серада, 20:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свята бел-чырвона-белага сцягу і «Пагоні»

4
Свята бел-чырвона-белага сцягу і «Пагоні»

Як нацыянальныя сімвалы беларусаў сталі дзяржаўнымі.

27 гадоў таму герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь. Іх гісторыя налічвае сотні гадоў, піша тэлеграм-канал «Баста».

Розныя варыяцыі герба «Пагоня» сустракаюцца з сярэдзіны 10 стагоддзя ў гісторыі шматлікіх народаў, якія жылі на паўднёвым і ўсходнім берагах Балтыйскага мора - ад Даніі да Ноўгарада. Коннік з мячом быў на пячатках кіраўнікоў бодрычаў і люцічаў, а таксама князёў Казіміра Апольскага і Аляксандра Неўскага.

Першая пісьмовая згадка аб выкарыстанні «Пагоні" на тэрыторыі Беларусі сустракаецца ў літоўскіх хроніках у 1278 годзе і звязаная з князем Нарымонтам. Густынскі летапіс кажа аб узнікненні герба ў часы вялікага князя Віценя (1294-1316). Першая візуальная выява «Пагоні» сустракаецца на пячатцы «караля Літвы і Русі» Гедыміна (1316-1341). Герб прысутны і на пячатцы полацкага князя Глеба, датаванай 1330 годам. Была «Пагоня» і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён змацаваў дамову з польскім каралём Казімірам у 1366 годзе.

Самыя раннія звесткі пра бел-чырвона-белы сцяг таксама належаць да Сярэднявечча. Першым дакументальным сведчаннем яго выкарыстання лічыцца карціна нямецкага мастака Ганса Крэла 1524 года, прысвечаная Бітве пад Воршай. Таксама бел-чырвона-белы сцяг добра бачны на палатне фламандскага мастака Пітэра Снаерса 1619 года, прысвечанага бітве пад Кірхгольмам.

Беларускія даследчыкі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з Аль-Кітабаў звесткі аб татарскай конніцы, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта праз прыналежнасць палотнішча выдатнаму вялікаму князю яны пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сцяг беларусаў.

Бел-чырвона-белая сімволіка выкарыстоўвалася ўдзельнікамі нацыянальна-вызвольнага руху XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. У 1909-1912 гадах стужкі гэтых колераў ўжываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу. У 1916 году сцяг з бел-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя «Звяз незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі.

Паводле шматлікіх сведчаннях, праект сучаснага відарыса сцяга распрацаваў інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі не пазней за 1917 год. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі значкі з выявай бел-чырвона-белага палотнішча вольна прадаваліся ў Менску. Праз паўгода на першай сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы павінны насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення.

7 снежня 1917 года ў Менску пад бел-чырвона-белымі палотнішчамі пачаў сваю работу Першы ўсебеларускі з'езд. Менавіта з тых часоў бел-чырвона-белы сцяг пачаў успрымацца ў масавай свядомасці як нацыянальны сімвал беларусаў. 19 лютага 1919 гады, пасля выгнання з Менска бальшавікоў, ён узняўся над будынкам губернатарскага палаца і неўзабаве стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі. Ім карысталіся лідары Слуцкага паўстання і вайсковыя фармаванні Булака-Балаховіча.

У 1927 годзе абмяркоўваўся праект гербу БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку. Праект прайшоў некалькі інстанцый, аднак Прэзідыум ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай.

Афіцыйнае прызнанне бел-чырвона-белага сцягу і «Пагоні» як нацыянальных сімвалаў беларусаў адбылося ў 1990 годзе разам з прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Пад гэтай сімволікай прайшлі красавіцкія і травеньскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі сваю ролю ў краху таталітарызму ў краіне. А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь». Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі афіцыйнымі сімваламі нашай краіны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках