25 красавiка 2024, Чацвер, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менгарвыканкам: Мемарыяльную шыльду да 100-годдзя БНР не ўсталюем

18
Менгарвыканкам: Мемарыяльную шыльду да 100-годдзя БНР не ўсталюем

Якое тлумачэнне далі гарадскія ўлады?

У Менгарвыканкаме патлумачылі, чаму на доме на адрасе Валадарскага, 9 дагэтуль не ўстаноўленая мемарыяльная шыльда да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, піша nn.by.

СТАРШЫНЯ МЕНГАРВЫКАНКАМА АНДРЭЙ ШОРАЦ

Нагадаем, дазвол на ўстаноўку мемарыяльнай шыльды быў дадзены яшчэ ў сакавіку 2018 года, напярэдадні святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР. Грамадскасць імгненна сабрала сродкі на выраб мемарыяльнай шыльды. Усяго за некалькі гадзін на краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» было ахвяраваныя 7500 рублёў пры заяўленай суме 6000 рублёў. Аператыўна была выраблена дыхтоўная мемарыяльная шыльда з бронзы на аснове арыгінала, зробленага яшчэ ў 1993 годзе скульптарам Аляксандрам Шатэрнікам з таннага сплаву.

ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

Была нават прызначаная дата яе ўстаноўкі, пасля чаго Менгарвыканкам раптам здаў назад. Пасяджэнне, на якім чыноўнікі павінны былі зацвердзіць мемарыяльную шыльду, пераносілі шмат разоў - у выніку, прайшло паўгода, а мемарыяльная дошка так і не ўсталяваная.

Якое тлумачэнне гарадскія ўлады далі цяпер?

«Інфармуем пра тое, што на адрас Мінгарвыканкама паступіў шэраг зваротаў ад грамадзян Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці, якія негатыўна ставяцца да пытання ўсталявання памятнай шыльды на вуліцы Валадарскага, 9. Пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця пастановы Менгарвыканкамам аб ўсталяванні мемарыяльнай дошкі знаходзіцца на разглядзе», - гаворыцца ў адказе, які атрымала Белоаруская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ад намесніка старшыні Менгарвыканкама Ігара Юркевіча.

Хто такі Ігар Юркевіч? Гэта 41-гадовы мэдык, які ў мінулым годзе стаў намеснікам старшыні Менгарвыканкама і адказвае за сацабарону, адукацыю, ахову здароўя і ідэалогію. Юркевіч нарадзіўся ў Століне, скончыў Гарадзенскі медыцынскі ўніверсітэт.

Працаваў лекарам у Століне, у прыёмным аддзяленні Менскай інфекцыйнай лякарні, намеснікам галоўнага лекара гэтай установы, галоўным лекарам Дзіцячай інфекцыйнай лякарні, намеснікам старшыні камітэта аховы здароўя Менгарвыканкама, а пасля і старшынём гэтага камітэта.

ІГАР ЮРКЕВІЧ. ФОТА ЯЎГЕН ЯРЧАК.

Памочніца Ігара Юркевіча Ася Бірук паведаміла, што ейны начальнік знаходзіцца ў адпачынку, таму не зможа пракаментаваць сітуацыю. Сама ж Бірук - актывістка «Лігі камуністычнай моладзі».

У прэс-службе Менгарвыканкама атрымаць каментар таксама не ўдалося.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках