25 красавiка 2024, Чацвер, 20:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Павук: Мне не патрэбная скажоная інфа з газеты, мне патрэбная наўпроставая інфармацыя

3
Андрэй Павук: Мне не патрэбная скажоная інфа з газеты, мне патрэбная наўпроставая інфармацыя
АНДРЭЙ ПАВУК
ФОТА: SVABODA.ORG

Блогер змагаецца за права на атрыманне інфармацыі.

Суд Мазырскага раёна не задаволіў скаргу блогера з Кастрычніцкага Андрэя Павука аб парушэнні ягонага права на атрыманне інфармацыі, піша гомельская «Весна».

Яшчэ ў чэрвені Павук звярнуўся да кіраўніцтва Кастрычніцкага райвыканкама і раённага «савета дэпутатаў» з прапановай дазволіць яму прысутнічаць на адкрытых нарадах у райвыканкаме і на сесіях раённага «савета дэпутатаў». Чыноўнікі адказалі, што такога права Павук не мае і адмовілі яму ў просьбе.

Блогер палічыў, што гэтай адмовай чыноўнікі парушылі ягонае канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне i распаўсюд поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi, гарантаванае як міжнароднымі дамовамі, так і нацыянальным заканадаўствам. Зрэшты, ён спасылаўся на артыкул 23 Канстытуцыі РБ і на арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Скаргі ў вышэйшую інстанцыю - Гомельскі абласны выканаўчы камітэт - таксама засталіся без задавальнення.

Гэтую скаргу прыкладна месяц таму разглядаў суддзя Кастрычніцкага раёна Уладзімір Васілеўскі, але ў судовым перапынку, яшчэ да моманту правядзення спрэчак бакоў, на стале пракурора заўважылі гатовы тэкст пастановы. Выклалі яго ў інтэрнэт - і замест вердыкту суддзя прыняў пастанову аб самаадводзе. Таму і накіравалі скаргу на разгляд у іншы раён.

Суд, які адбыўся 17 і 18 верасня, вынес прысуд адмовіць Андрэю Павуку і ягонаму прадстаўніку Леаніду Судаленку ў задавальненні скаргі на пастановы і дзеянні службовых асоб дзяржаўных органаў, спаслаўшыся пры гэтым на Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», а таксама на Закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

Андрэй Павук на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» так пракаментаваў прысуд суддзі суда Мазырскага раёна Дзмітрыя Мазая:

- Суддзя Мазай зрабіў выснову, што ягонае права на атрыманне інфармацыі не парушанае, бо я атрымліваю гэтую інфармацыю з раённай газеты. Адказваю: мне не патрэбная скажоная інфармацыя з газеты, мне патрэбная наўпроставая інфармацыя, атрыманая падчас прысутнасці на адкрытых нарадах. Нагадваю, што рэгламент райвыканкама і райсавета не забараняе грамадзянам РБ прысутнічаць на такіх мерапрыемствах, а артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе атрыманне інфармацыі.

Блогер не задаволены пастановай суда Мазырскага раёна і мае намер абскардзіць яе ў вышэйшай судовай інстанцыі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках