28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст з Віцебска дамогся скасавання штрафу за Дзень Волі

2
Актывіст з Віцебска дамогся скасавання штрафу за Дзень Волі
МІКАЛАЙ КАЧУРЭЦ
ФОТА: SVABODA.ORG

Адміністрацыйная справа ў дачыненні да Мікалая Качурца адпраўленая на новы разгляд.

Разгледзеўшы ў парадку нагляду скаргу актывіста Мікалая Качурца на пастанову суддзі Уладзіміра Царыкава (суд Кастрычніцкага раёна Віцебска) ад 26 сакавіка 2018 года, старшыня абласнога суда Мікалай Хамічонак пастанавіў гэты прысуд скасаваць, паведамляе "Витебская Весна". Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да актывіста будзе накіраваная на новы разгляд.

Кіраўнік судовай улады вобласці скасаваў пастанову не толькі раённага суда, але і абласнога - туды актывіст накіраваў скаргу на прысуд суда першай інстанцыі, якую суддзя Ірына Смалякова не задаволіла.

25 сакавіка 2018 года, каб адзначыць чарговыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Мікалай Качурэц выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам да помніка князю Альгерду ў Віцебску. Яго затрымалі і змясцілі ў ІЧУ да суда, які адбыўся на наступны дзень. Згодна са скасаванай цяпер судовай пастановай, актывіст быў прызнаны правапарушальнікам ў адпаведнасці з артыкулам 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства) і артыкулам 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) КоАП і асуджаны да штрафу 30 базавых адзінак (735 рублёў). Акрамя таго, пастанавілі канфіскаваць бел-чырвона-белы сцяг.

У тлумачэнні сваёй пастановы Мікалай Хамічонак адзначыў, што «судовымі інстанцыямі не прыведзена ў судовых пастановах довадаў і не дадзена належнай ацэнкі, у чым палягала арганізацыя Качурцом незаконнага масавага мерапрыемства», таму «выснова суда аб давядзенні вінаватасці Качурца паводле ч.2 арт.23.34 КаАП з'яўляецца заўчаснай», а значыць, «прысуд падлягае скасаванню цалкам».

Згодна з суправаджальным лістом, копія пастановы старшыні Віцебскага абласнога суда была накіраваная не толькі актывісту, але і ў Кастрычніцкі РАУС. Мабыць, міліцыянты нешта не так напісалі ў складзеных супраць Качурца паперах, бо ў сваёй пастанове Хамічонак асабліва адзначыў: «Суду неабходна праверыць выкананне органам, які вядзе адміністрацыйны працэс, патрабаванняў да зместу пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы кваліфікацыі ўчынку, які пацвярджаецца сабранымі па справе довадамі».

Хаця адміністрацыйнае спагнанне ў дачыненні да актывіста скасаванае, гэта не дае яму падставы святкаваць перамогу. Мікалай Качурэц прасіў старшыню аблсуда не толькі скасаваць прысуд, але і спыніць справу супраць яго. Паколькі ж справа не спыненая, а толькі накіраваная на паўторны разгляд, цалкам магчыма, што ён будзе зноўку прызнаны правапарушальнікам і пакараны штрафам. Таксама невядома, які лёс напаткае раней адабраны ў актывіста бел-чырвона-белы сцяг: ці яго вернуць актывісту, ці зноўку пастановяць канфіскаваць.

Дарэчы, просьба аб спыненні справы - не адзіная, якую не задаволіў старшыня абласнога суда. Сваю скаргу Мікалай напісаў на беларускай мове і прасіў суддзю напісаць сваю пастанову таксама па-беларуску. Той гэтую просьбу праігнараваў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках