28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніч: Пакуль гарадскому суду не дадуць каманду, там спяшацца не будуць

1
Фядыніч: Пакуль гарадскому суду не дадуць каманду, там спяшацца не будуць
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Лідар прафзвязу РЭП пракаментаваў разгляд апеляцыі паводле «справы прафзвязаў».

Адвакаты асуджаных прафсаюзных лідараў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пачалі вывучаць судовы пратакол паводле «справы РЭП», паведамляе «Радыё Свабода».

«Хаця суд скончыўся 24 жніўня, пратакол нам даслалі толькі 17 верасня. Гэта вялікі дакумент. Там ёсць усё: і паказанні сведак, і пытанні пракурора, і нашы выступы. Мабыць, вёўся поўны запіс на магнітафон. Закон адводзіць на азнаямленне з дакументам і яго вывучэнне 5 дзён. Цягам гэтага часу адвакаты павінны вызначыцца: ці трэба ім пісаць свае заўвагі да пратаколу ці не», - растлумачыў сітуацыю Генадзь Фядыніч.

Прафзвязам па-ранейшаму кіруе Фядыніч

Прафсаюзны лідар мяркуе, што без пратаколу Менскі гарадскі суд, куды Фядыніч і Комлік падалі апеляцыйную скаргу, не будзе выносіць свой вердыкт. На падставе закона на разгляд апеляцыі суд мае часу менш за месяц. А верхняя мяжа не прапісаная.

«Думаю, пакуль гарадскому суду не дадуць адмашку, там спяшацца не будуць», - мяркуе старшыня РЭП.

Фядыніч кажа, што пакуль прысуд не ўвайшоў у дзеянне, ён афіцыйна прадаўжае займаць пасаду старшыні РЭП. Кіраўніка прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці абіраюць на справаздачна-выбарчым з'ездзе. У статуце запісана: такі форум праводзіцца раз на пяць гадоў. Пакуль у правядзенні пазачарговага з'езда актывісты патрэбы не бачаць.

Калі ж прысуд пакінуць у дзеянні, хтосьці будзе часова выконваць абавязкі старшыні. «Але праз гэта РЭП сваю працу не спыніць. Як дзейнічалі, так і будзем прадаўжаць», - запэўнівае Генадзь Фядыніч.

За што асудзілі Фядыніча і Комлікa

Суд Савецкага раёна Менска прызнаў іх вінаватымі на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса Беларусі (ухіленне ад выплаты падаткаў у значнай суме).

24 жніўня прафсаюзных лідараў прысудзілі да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай цягам 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.

«Штучныя «довады» суда супярэчаць не толькі законам Рэспублiкi Беларусь, але і міжнароднаму заканадаўству. Таму ў скарзе мы просім спыніць гэтую крымінальную справу», - мяркуе Фядыніч.

Міжнародныя прафзвязы ўважаюць беларускіх калег за палітвязняў

Абсерваторыя ў абарону праваабаронцаў мяркуе, што дзеянні ўладаў парушаюць Канстытуцыю дзяржавы і міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, абвінаваўчыя прысуды павінны быць скасаваныя паводле вынікаў апеляцыі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders перакананая, што пераслед прафсаюзных лідараў звязаны выключна з іх мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека. Улады Беларусі павінны неадкладна скасаваць прысуды і цалкам аднавіць свабоду актывістаў.

З патрабаваннем перагледзець пакаранне лідарам незалежнага прафзвязу РЭП звярнуліся да Лукашэнкі Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў.

Што важна ведаць

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 года. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 года.

Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачванні ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва значнай суме» - 23 тысяч рублёў.

Следчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафзвязу РЭП ва ўсёй краіне. Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках