21 красавiка 2019, Нядзеля, 12:19
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Былы міністр працы: Ігнаруйце «дармаедскія» камісіі

138
КРЫНІЦА: RIA.RU

Як не трапіць у «базу дармаедаў».

З 1 верасня ў Беларусі з ініцыятывы Міністэрства працы запусцілі «базу дармаедаў» - спіс звестак, які дапаможа уладам выявіць беларусаў, якія не занятыя ў эканоміцы.

Працадаўцы з дапамогай спецыяльнай праграмы цяпер будуць штоквартальна падаваць дзяржаве інфармацыю пра задзейнічаных у іх працаўнікоў. Перадаць трэба імёны занятых работнікаў, іх пашпартныя звесткі, а таксама інфармацыю аб месцы рэгістрацыі. Атрымаць доступ да «паслугі» могуць усе дзяржорганы Беларусі. Грамадзяне, якія не трапілі ў спіс, будуць аўтаматычна лічыцца не занятымі ў эканоміцы, гэта значыць належаць да катэгорыі «дармаедаў».

Да чаго прывядзе ўвядзенне ў дзеянне «баз дармаедаў»? На пытанні Charter97.org адказвае экс-міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў:

- Фактычна, асноўная частка гэтай базы ў разрозненым выглядзе існавала і раней. Практычна ўсе гэтыя звесткі можна было атрымаць праз міліцэйскія каналы. Але, відаць, уладам здалося, што гэтага мала.

Бо звесткі МУС, па-першае, не настолькі сканцэнтраваныя, а па-другое, арыентаваны на пошук злачынцаў і людзей з крымінальным мінулым.

А вось тых, хто не працуе, праз такую базу было не знайсці. Бо пасля савецкіх часоў артыкул аб «дармаедстве» скасавалі і нават замацавалі ў Канстытуцыі права не працаваць. Цяпер гэта права спрабуюць нейкім чынам адабраць, але не адкрыта, шляхам змен у асноўным законе, а, што называецца, дэ-факта.

Бо для ўладаў непрацоўны «дармаед» значна страшней, чым крымінальны рэцыдывіст. Таму і зроблена спроба аб'яднаць усе звесткі аб грамадзянах у адным месцы.

Але гэтая спроба поспеху не будзе мець. Хто хоча – зможа сысці ад гэтага кантролю і не патрапіць у базу звестак.

- І якім чынам гэта можна зрабіць?

- Вельмі проста. Напрыклад, не працаваць у Беларусі, як гэта робіць усё больш і больш нашых суграмадзян. Для такога чалавека адзіны варыянт патрапіць у базу звестак – гэта калі яго спыніць на вуліцы занадта учэпісты дзяржаўны службоўца і пачне цікавіцца, ці ёсць ён у базе «дармаедаў».

З іншага боку, нават у гэтым выпадку чалавек можа не даваць аб сабе звестак і даць бюракратыі магчымасць доўга і нудна высвятляць, дзе ён напраўду працуе або не працуе.

Баюся, улады самі яшчэ добра не ведаюць, што ім з гэтай базай «дармаедаў» рабіць і як выконваць дэкрэт №1. Атрымалася як звычайна: сказалі «А» і не могуць успомніць, якую літару казаць потым.

Думаю, што стваральнікі базы звестак намалявалі сабе ў галаве ідыэльную карціну: усе працуюць на дзяржпрадпрыемствах ад «званка» і да абеду, а калі ў працоўны час кагосьці ўбачылі на вуліцы, то да яго адразу будуць падыходзіць, спыняць і правяраць на «дармаедства».

Але часы ўжо не тыя – з дурной задумы можа нічога не выйсці. Акрамя дурных і неадэкватных спроб умешвацца ў асабістае жыццё грамадзян. Чым улады займаюцца даўно – з фанатызмам і зацятасцю, прыдатнай да лепшага выкарыстання.

- Вяртаючы да жыцця дэкрэт аб «дармаедах», улады падкрэслівалі яго нібыта важнасць для эканомікі. Нават назву для беспрацоўных прыдумалі – «не занятыя ў эканоміцы». Ці мае гэтая база звестак штосьці агульнае з задачамі эканамічнага развіцця?

- Нічога агульнага з эканомікай ні дэкрэт, ні электронная база «дармаедаў» не маюць. Думаю, тут ёсць толькі адная старанна схаваная мэта: забраць грошы ў тых, хто працуе за межамі Беларусі. Усё астатняе, як гаворыцца, ад злога.

Рыторыка пра «незанятых у эканоміцы» закліканая схаваць крах папулісцкіх лозунгаў аб заробку «папіцьсот». Гэта свайго кшталту дробная помста для тых, хто надумаў шукаць і знайшоў нармальны заробак за мяжой, жаданне пакапацца і ў іх кішэнях.

А што да эканомікі, то тут цягнік для Лукашэнкі даўно сышоў. Дваццаць чатыры гады таму трэба было ствараць інстытуцыйнае асяроддзе для развіцця эканомікі, палягчаць умовы для ўваходжання ў бізнэс. Не трэба было душыць прадпрымальнікаў, не трэба было апекавацца бандыцкімі структурамі. А цяпер застаецца толькі шукаць дробязь па кішэнях грамадзян.

- Калі, як вы сказалі, база звестак ствараецца з прыцэлам працоўных за мяжой, то як яе будуць напаўняць? Запытваць звесткі ў замежных фірмаў?

- Могуць і паспрабаваць. Але наўрад ці ім хто-небудзь адкажа. Яшчэ чаго не ставала замежным фірмам – уступаць у перапіску і адсылаць звесткі аб сваіх працаўніках нейкім сумнеўным камісіям у Беларусі.

Таму, пацярпеўшы тут фіяска, пачнуць дзейнічаць паводле звыклага шаблону, на які толькі і здольныя ўзроўнем свайго мыслення. Гэта значыць, як я ўжо казаў, спыняць на вуліцы і правяраць на «дармаедства».

Як раней, пры прыгонным праве, пыталіся: «Ты чыіх будзеш?» Трэба было альбо пана назваць, альбо паказаць «вольную грамату». А цяпер будуць шукаць у базе: калі не замацаваны чалавек за якім-небудзь прадпрыемствам, то яго трэба дадаць у базу «дармаедаў».

Думаю, што ўлады менавіта так бачаць рэалізацыю сваіх задум. І такія эксцэсы могуць пачацца. Але наўрад ці гэта прыме сур'ёзны размах.

- Чаму?

- Бо дзеянне спараджае супрацьдзеянне. Калі міліцыя ці нейкія ўпаўнаважаныя «дружыннікі» пачнуць хапаць людзей на вуліцах і выпытваць іх на тэму «чыіх будзеш?», адказ можа быць імгненны і нечаканы.

Успомніце, як перагнулі палку з дэкрэтам №3 у 2017 годзе, справакавалі масавыя пратэсты і вымушаныя былі «адыграць» назад. Такая сітуацыя можа паўтарыцца і цяпер. Калі дармаедскія камісіі «пяройдуць Рубікон» - пратэсты могуць іх ацверазіць.

Пагадзіцеся, што мала каму спадабаецца рабаванне сярод белага дня на вуліцы. А сцэнар для беларусаў, якія прыехалі з заробкаў, менавіта такі, калі яго хочуць праверыць на «дармаедства». Нават калі ягоныя грошы ляжаць у замежным банку, унутраны пратэст такі інцыдэнт абавязкова выкліча. Гэта ж банальнае рабаванне!

Думаю, улады больш разлічваюць на тое, што людзі самі спалохаюцца новага дэкрэта і электронных баз звестак – і пойдуць здавацца. Вось гэтага нам ні ў якім выпадку рабіць не варта. Лукашэнка спрабуе ўзяць на страх, рэальных механізмаў для таго, каб вывернуць кішэні ва ўсіх, у яго няма. А спробы рабаваць сярод белага дня толькі раззлуюць людзей – і ўжо прыйдзе чарга спалохацца самой уладзе.

- Дарэчы, пра страх улады. Надоечы Лукашэнка заявіў, што ягоны галоўны страх – эканоміка.

- У Лукашэнкі сапраўды ёсць закаранелы страх. І ён звязаны з неразуменнем таго, як працуе сучасная эканоміка. Ён яшчэ захрас, завіс, загруз у старых савецкіх догмах.

Таму ён не бачыць іншага шляху, акрамя як прымусіць людзей працаваць з-пад палкі. Мог бы ўжо зразумець, што так працаваць – неэфектыўна. Гэта было неэфектыўна яшчэ ў пачатку папярэдняга тысячагоддзя ў Рымскай імперыі, калі з-пад палкі прымушалі працаваць рабоў. Але і тады гэта ўжо была недасканалая з'ява, таму і імперыя распалася.

І сістэма Лукашэнкі прыходзіць у заняпад, бо яна не здольная зацікавіць людзей у эфектыўнай працы і дзейнічае пячорнымі метадамі.