19 красавiка 2024, Пятніца, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Беларусь змагаецца з наркотыкамі, парушаючы правы дзяцей

11
«Нямецкая хваля»: Беларусь змагаецца з наркотыкамі, парушаючы правы дзяцей

Тысячы непаўналетніх беларусаў адбываюць пакаранне паводле артыкула 328.

Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці ўвайшла ў дзеянне ў Беларусі ў 1990 годзе. У плане аховы дзяцінства краіна традыцыйна ўважаюцца за паспяховую, аднак сітуацыя змянілася тры гады таму праз правапрымяняльную практыку рэалізацыі прэзідэнцкага Дэкрэта №6 "Аб неадкладных захадах для супрацьдзеяння незаконнаму абарачэнню наркотыкаў", піша "Нямецкая хваля".

У выніку прыняцця гэтага дакумента была ўведзеная крымінальная адказнасць паводле артыкула 328-ы КК "незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў" з 14 гадоў, максімальнае пакаранне за парушэнне складае 25 гадоў пазбаўлення волі. Як вынік, за краты ўсё часцей сталі трапляць школьнікі, а дзяржава была не гатовая цалкам выконваць іх правы. Бацькі асуджаных дзяцей, якія аб'ядналіся ў ініцыятыву "Маці 328", разлічваюць на дапамогу кіраўніцы Камітэта правоў дзіцяці ААН Рэнаты Вінтэр (Renate Winter).

Школьныя іспыты ў беларускім следчым ізалятары

Упершыню аб Канвенцыі правоў дзіцяці ААН маці дзяцей, асуджаных за злачынствы, якія звязаны з наркотыкамі, даведаліся на мерапрыемстве беларускага прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ЮНІСЕФ (UNICEF). У канцы сакавіка, кажа адна з маці Наталля Горбач, у Менску прайшла Міжнародная канферэнцыя на тэму "Аднаўленчае правасуддзя паводле спраў аб злачынствах непаўналетніх", на якой ёй разам з лідаркай Руху Ларысай Жыгар удалося пагаварыць асабіста з Рэнатай Вінтэр.

Падчас кавы-паўзы, распавядае Горбач, ім выдалі перакладчыка ўсяго на дзесяць хвілін. Гэтага дастаткова, каб коратка апісаць праблему і расказаць асабісты выпадак Наталлі: ейнагасына-школьніка змясцілі ў следчы ізалятар за тое, што ў кішэнях курткі знайшлі рэшткі наркатычнага рэчыва. Магчыма, працягвае яна, сын каштаваў наркотык, і яго спачатку абвінавацілі паводле часткі 1-й артыкула 328 - за захоўванне наркотыкаў. Але пазней на падставе сведчанняў толькі аднаго аднакласніка следчыя перакваліфікавалі абвінавачванне на трэцюю частку названага артыкула КК, і хлопца асудзілі на 9 гадоў за распаўсюд наркотыкаў, хоць віну сваю ён не прызнаў.

Рэната Вінтэр, успамінае Наталля Горбач, была шакаваная перш за ўсё залішне жорсткімі прысудамі дзецям. Ад яе маці ўпершыню даведаліся, што непаўналетнія не павінны карацца нароўні з дарослымі. Пазней, вывучыўшы Канвенцыю ААН, працягвае Горбач, маці прыйшлі да высновы, што на ўсіх этапах следства міліцыя дапускае парушэнні ў дачыненні да дзяцей.

У яе выпадку дзіця давала першыя сведчанні без прысутнасці псіхолага і першыя тры дні знаходзілася ў камеры з дарослымі. І галоўнае - у артыкуле 37-й Канвенцыі ААН гаворыцца, што арышт або турэмнае зняволенне выкарыстоўваецца толькі ў якасці "крайняй меры і цягам як мага больш кароткага перыяду часу". А ейнага сына нават не выпусцілі са следчага ізалятара здаваць экзамены, школу ён скончыў, знаходзячыся ў турме.

Амаль палова зняволеных калоніі ў Бабруйску - паводле 328-га артыкула

На сёння, працягвае Горбач, да руху "Маці 328" далучыліся 1 070 бацькоў. Выпадкаў асуджэння непаўналетніх пакуль набралася 18, але лічба гэтая няпоўная. МУС афіцыйна адмовілася даць звесткі аб колькасці асуджаных непаўналетніх, таму застаецца разлічваць толькі на інфармацыю ад бацькоў.

Жыхарка райцэнтра Ліда Жанна Гойдзь у пачатку верасня ездзіла на спатканне да сына ў Бабруйск, дзе размешчаная адзіная ў Беларусі калонія для непаўналетніх злачынцаў. Установа, распавядае яна, разлічаная на 240 чалавек, якія падзелены на тры атрады.

Адзін з атрадаў на 75 чалавек цалкам укамплектаваны асуджанымі паводле 328-га артыкула КК. Яшчэ 16 чалавек, якія адбываюць тэрмін за наркотыкі, знаходзяцца ў другім атрадзе, і некалькі пачаткоўцаў - у "карантыне" (памяшканні для новапрыбылых). Гэта значыць, без малога палова калоніі, удакладняе Жанна Гойдзь, гэта, як іх называюць, "наркаманы". А ўлічваючы, што ў 21 год асуджаныя непаўналетнія пераводзяцца у дарослыя калоніі, іх агульную лічбу палічыць немагчыма.

Міліцыянты, мяркуе Гойдзь, карыстаюцца наіўнасцю і безабароннасцю дзяцей. На момант затрымання ейнага сына, навучэнцу каледжа, было 16 гадоў. Ён не быў злоўлены з довадамі злачынства, але следчы патрабаваў ва ўсім прызнацца, абяцаючы хуткае вызваленне. Юнак паверыў у справядлівасць закона і ўсё распавёў: навучэнцы купілі на траіх сумесь спайсу, каб паспытаць яе недалёка ад навучальнай установы. Прызнанне было падведзенае пад артыкул аб збыце наркотыкаў, і хлопец атрымаў восем з паловай гадоў.

Асуджаныя за наркотыкі ў РБ: надзея на што?

Жыхарка Гародні Ірына, якая папрасіла не называць прозвішча, паказвае, што ў яе няма прэтэнзій ні да МУС, ні да судоў. Ейны 17-гадовы сын, навучэнец вучэльні, усведамляючы, што ўчыняе злачынства, надумаў падзарабіць грошай, стаўшы кур'ерам, якія перавозяць наркотыкі па горадзе.

Прыкладна на трэцяй закладцы ён быў затрыманы з довадамі злачынства і асуджаны на 10 гадоў. Апраўдання яму няма, мяркуе жанчына, але яна асцерагаецца, што такі вялікі тэрмін зробіць юнака яшчэ горшым. Яна спадзяецца толькі на памілаванне дзяржавы, якая можа абвясціць амністыю для непаўналетніх злачынцаў: "аднаго месяца ў следчым ізалятары ім дастаткова, каб усё зразумець".

Усе тры вышэй апісаныя выпадкі вельмі розныя, адзначае Наталля Горбач, але аб'ядноўвае іх адно: аднолькавыя прысуды - ад 8 да 10 гадоў. Суды, як пад капірку, выносяць аналагічныя пастановы, зусім не звяртаючы ўвагі на довады адвакатаў. Маці асуджаных, з прызнання Горбач, не ведаюць у каго прасіць дапамогі. Праваабаронцам гэтая тэма не цікавая, і надзея захоўваецца толькі на Камітэт ААН, куды маці накіравалі зварот.

Экспэрт Менскага прадстаўніцтва ЮНІСЕФ Ганна Пінаева канстатуе, што, паводле меркавання Камітэта ААН у правах дзіцяці, простае валоданне наркатычнымі сродкамі не павінна весці да крыміналізацыі дзеянняў дзяцей. ЮНІСЕФ падтрымлівае адукацыйны, а не карны падыход да адказнасці падлеткаў, якія ўступілі ў канфлікт з законам.

У 2018 годзе фондам будзе рэалізаваны праект аб распрацоўцы нацыянальных падыходаў да юстыцыі для непаўналетніх, а ў лістападзе супольна з Вярхоўным судом Беларусі і міжнароднымі экспэртамі будзе праведзены яшчэ адзін круглы стол на тэму адказнасці непаўналетніх за нарказлачынствы.

На запыт DW у Камітэце правоў дзіцяці ААН адказалі, што кіраўніца камітэта Рэната Вінтэр, якая наведала ў сакавіку 2018 года Беларусь, "не ўпаўнаважаная казаць пра сітуацыю ў асобных краінах".

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках