19 красавiка 2024, Пятніца, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Солберэцкія: Прыгоды «турыстаў» з Міністэрства абароны РФ

6
Солберэцкія: Прыгоды «турыстаў» з Міністэрства абароны РФ

Новыя факты пра Пятрова, Башырава і іх калег.

У першай частцы расследавання Bellingcat і The Insider удалося знайсці ў пашпартных звестках Аляксандра Пятрова (аднаго з падазраваных у атручванні Скрыпалёў) указанні на ягоную прыналежнасць да спецслужбаў, а таксама выявіць, што замежныя пашпарты Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова адрозніваюцца толькі адной апошняй лічбай. У гэтай частцы The Insider публікуе новыя дакументальныя пацверджанні прыналежнасці Пятрова і Башырава да ГРУ, а таксама некаторыя нечаканыя звесткі аб іх папярэдніх «турыстычных» паездках.

Сляды Міністэрства абароны

У пашпартных звестках Башырава з адзінай інфармацыйнай сістэмы «расейскі пашпарт», як і чакалася, выявілася тая ж пазнака, што і ў Пятрова — «а. с.» («абсалютна сакрэтна»), якая тлумачыць, чаму ў справе прысутнічаюць далёка не ўсе дакументы. А на пячатцы «звестак не даваць» значыўся той жа тэлефонны нумар - «195-79-66»:

Выпіска з Адзінага дзяржаўнага тэлефоннага даведніка пацвярджае, што гэта нумар Міністэрства абароны:

Солберэцкія, частка другая. Прыгоды «турыстаў» з Міністэрства абароны

Больш за тое: гэта не проста Міністэрства абароны, а менавіта комплекс будынкаў на Харашоўскай шашы, дзе і размяшчаецца ГРУ (цяпер — ГУ Генштаба ВС РФ). Калі памяняць у паказаным нумары апошнюю лічбу, то можна знайсці, напрыклад, тэлефон часопіса «Зарубежное военное обозрение», які размяшчаецца непадалёк.

Солберэцкія, частка другая. Прыгоды «турыстаў» з Міністэрства абароны

А вось самы цікавы момант: замежныя пашпарты Башырава і Пятрова па нумарах блізкія не толькі паміж сабой, але і з іншымі супрацоўнікамі ГРУ. Калі ў іх нумары заканчваюцца на 294 і 297, то ў іншага раней засвечанага супрацоўніка ГРУ Эдуарда Шырокава — Шышмакова) - той жа нумар пашпарта, але са сканчэннем 323, гэта значыць з розніцай у 25 і 28 выдадзеных пашпартоў адпаведна. Мяркуючы з усяго, супрацоўнікі ГРУ і праўда атрымліваюць пашпарты асаблівай серыі — а калі гэта так, то кожны ахвотны, атрымаўшы доступ да базы пашпартоў, можа выявіць усіх супрацоўнікаў Галоўнай управы Генштаба. Больш нядбайнага падыходу да нацыянальнай бяспекі немагчыма сабе ўявіць.

Турыстычныя маршруты

Крыніцы ў праваахоўных органах Нідэрландаў паведамілі The Insider і Bellingcat (не ўдакладняючы дат таго, што адбылося), што Пятроў і Башыраў раней былі арыштаваныя на тэрыторыі Нідэрландаў. Крыніца таксама намякнула, што аб гэтым затрыманні можна даведацца больш, «калі чытаць СМІ». У прэсе ёсць толькі адзін эпізод такога кшталту: сёлета (нібыта вясной, але дакладны час не паведамляецца) пракуратура Нідэрландаў затрымала двух расейцаў на шляху ў лабараторыю ў швэйцарскім горадзе Шпіцы, якая сёння вядомая тым, што дапамагае расследаваць хімічныя атакі ў Сірыі і атручэнне Скрыпаля і ягонай дачкі. Пры сабе ў затрыманых былі тэхнічныя сродкі для ўзлому кампутарнай сеткі. Прычым, паводле звестак следства, гэтыя ж людзі ўдзельнічалі ва ўзломе антыдопінгавага агенцтва WADA (само WADA пры гэтым заяўляла, што за ўзлом адказная хакерская група Fancy Bear, дзе, як пацвердзілася нядаўна, працуюць супрацоўнікі дзвюх вайсковых частак ГРУ — №26165 і №74455).

Арышт мае на ўвазе, што яны былі дэпартаваныя з краіны, і малаімаверна, што пасля гэтага яны маглі б скарыстацца шэнгенскай візай. Апошняй паездкай Пятрова ў зону Шэнген была менавіта Швэйцарыя: у канцы студзеня-пачатку лютага гэтага года. То бок, калі Пятроў і Башыраў сапраўды былі арыштаваныя, як сцвярджае крыніца, то гэта адбылося менавіта падчас гэтай паездкі. Мяркуючы з усяго, яны былі затрыманыя на тэрыторыі Галандыі і перададзеныя швэйцарскаму правасуддзю, бо справа тычылася швэйцарскай лабараторыі. Гэта не азначае, што яны былі менавіта тымі двума арыштаванымі спецыялістамі ў кібератаках, пра якія пісала прэса, але такое супадзенне па часе і месцы не магло быць выпадковым - так што калі арышт і праўда быў, то яны дзейнічалі як мінімум у адной групе са «ўзломшчыкамі».

Калі Пятроў і Башыраў ужо былі «засвечаныя», магло ГРУ паслаць іх на новую справу? Гэта гучыць не надта праўдападобна, але такія прэцэдэнты былі зусім нядаўна: у кастрычніку 2014 Польшча выправадзіла расейскага супрацоўніка ГРУ — таго самага Эдуарда Шышмакова, чый пашпарт мы прыводзілі вышэй, — пасля спробы завербаваць польскага вайскоўца, а ўжо ў 2016 годзе ён жа — але ўжо пад імем Эдуард Шырокаў — адправіўся ў Сербію для арганізацыі перавароту ў Чарнагорыі (і, дарэчы, зноў праваліўся). Такім чынам, як бы дзіўна гэта ні гучала, але ГРУ часам выкарыстоўвае ўжо праваленых агентаў.

Але як пасля распачынання крымінальнай справы Пятроў і Башыраў затым патрапілі ў Вялікую Брытанію? Нават калі дапусціць, што галандская крыніца памыляецца, і яны не былі раней арыштаваныя, гэта ўсё адно дзіўна. Бо каб атрымаць дзелавую візу ў Вялікую Брытанію, яе трэба пацвярджаць рознымі дакументамі, у тым ліку давесці існаванне бізнэсу, і Пятроў і Башыраў на зразумелыя прычыны такую праверку б не прайшлі. У The Insider і Bellingcat ёсць адказ на гэтае пытанне, і ён не вельмі прыемны для Вялікай Брытаніі, але пра гэта - у наступнай частцы нашага расследавання.

А пакуль прыгледзімся да паездак Пятрова.

Навошта «турысты» лёталі ў Швэйцарыю, пачынаючы з лістапада 2017 года, цяпер больш-менш зразумела. Прычына візіту Пятрова ў Нідэрланды ў 2016 годзе не такая відавочная, але і тут таксама ёсць цікавае супадзенне: ён быў там у дні рэферэндуму аб асацыяцыі з Украінай. Гэтае пытанне было настолькі хваравітым для Крамля, што Масква, акрамя звычайных сродкаў (хакерскія атакі, укіды хлуслівых навін), правяла цэлую спецаперацыю: на тэрыторыі Галандыі ад асобы «ўкраінскіх уцекачоў» некалькі расейцаў правялі кампанію супраць асацыяцыі з Украінай. Пры гэтым яны распаўсюджвалі хлуслівае відэа з пагрозамі нібыта ад батальёна «Азоў» — - прычым відэа гэта было створанае знакамітай фабрыкай троляў Яўгена Прыгожына. Менавіта ў гэтыя дні Амстэрдам вызначыў наведаць Аляксандр Пятроў.

Ёсць і яшчэ адна цікавая паездка: 11 ліпеня 2016 года Пятроў на міжгароднім аўтобусе заехаў у Казахстан, прычым у якасці накіравання сваёй паездкі паказаў ні многа ні мала Пекін. Больш дзіўнага спосабу дабрацца да Пекіна і ўявіць сабе нельга — але, хутчэй за ўсё, ні ў які Пекін ён і не збіраўся, бо вяртаўся ў Маскву ўжо 26 ліпеня з Тэль-Авіва. Мяркуючы з усяго, мэтай Пятрова была нейкая з краін Сярэдняй Азіі ці Блізкага Усходу, і трапіць туды ён хацеў не самым прыкметным спосабам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках