29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва або Латвія: каго спрабуе шантажаваць Лукашэнка?

Літва або Латвія: каго спрабуе шантажаваць Лукашэнка?

Пагрозы дыктатара суседзям - не больш, чым блеф.

Будзь лаяльны, і грашовыя рэкі пацякуць у тваю краіну. Менавіта такім станам спраў Лукашэнка неаднаразова абураўся ў стасунках з Расеяй. Маўляў, не трэба на нас ціснуць. Але, як паведамляе «Белсат», ва ўласных стасунках з іншымі, меншымі краінамі, кіраўнік Беларусі паводзіць сябе гэтак жа, як і яго расейскі візаві.

Пытанне Астравецкае АЭС усё больш аддаляе Літву і Беларусь адну ад адной. Вільня са сваім жорсткім непрыняццем двух атамных рэактараў за 30 кіламетраў ад сваёй сталіцы вымушае Аляксандра Лукашэнку пайсці на непапулярныя дыпламатычныя захады – шантаж.

«Выхаду да мора ў нас няма, і калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, то трэба рабіць стаўку на Латвію. Трэба, каб гэтая рэспубліка атрымлівала задавальненне ад супрацы з Беларуссю», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка звяртае ўвагу менавіта на мора, а не на іншыя аспекты супрацы, – менавіта таму, што імпарт і экспарт беларускіх тавараў праз той ці іншы порт можа значна ўплываць на дабрабыт адной з дзвюх балтыйскіх краінаў. Паводле розных падлікаў, транзіт беларускіх тавараў праз Латвію можа складаць нават да 2 % ад усяго ВУП гэтае краіны. З Літвой сітуацыя падобная. Доля беларускага транзіту тут таксама дасягае 2–3 % ВУП.

«Канкурэнцыя з латышскімі партамі была заўсёды. І мы працуем у гэтым кірунку. І я думаю, што літоўскія парты змогуць канкураваць з латвійскімі», – адзначыў міністр транспарту і камунікацыяў Літвы Рокас Масюліс.

Літва актыўна клапоціцца аб прывабнасці сваёй транспартавай інфраструктуры і гнутка аперуе стаўкамі на чыгуначны транспарт, у адрозненне ад той жа Латвіі. Дзякуючы гэтаму і большай прапускной магутнасці сваёй чыгункі менавіта Клайпедскі порт у Літве стаў для Менску асноўным вокнам у Балтыку. Беларусь дасылае адсюль лес, нафтапрадукты, мінеральныя ўгнаенні. Праз гэты порт у Беларусь трапляюць кітайскія дэталі для Барысаўскага заводу «Джылі». Ці варта Менску ў такіх умовах разрываць дачыненні з Вільняй?

«Кітай зрабіў Літве прапанову. Пекін хоча будаваць у Клайпедзе хаб. А хаб азначае вялікі перавалачны пункт. Гаворка ідзе пра Літву і Беларусь. Я не думаю, што Беларусь, якая мае такія вялікія інвестыцыі з Кітаю, пайшла б на зрыў дачыненняў ды інвестыцый. Усё ж узаемна завязана», – гаворыць намеснік кіраўніка бюджэтнага камітэту Сейму Літвы Кястуціс Главяцкас.

Да таго ж Менск укладаў уласныя грошы, некалькі дзясяткаў мільёнаў, у разбудоўванне Клайпедскага порту. Выйсці сёння адтуль – страціць інвестыцыю. Да таго ж нават неістотны праз свой невялікі аб’ём нафтавы экспарт праз Клайпеду не так і лёгка перамясціць у іншы порт. Украіна адпала праз высокія тарыфы, Расея праз удвая большыя адлегласці і нежаданне кліентаў «Белнафтахіму» працаваць праз гэтую краіну.

«Перанакіроўванне літоўскіх аб’ёмаў на Латвію прывядзе да падаражання. Ды і як паведамляюць крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, «Белнафтахім» нават не разглядае такога варыянту. То бок гэта чысты блеф», – уважае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Атрымліваецца, што нават калі Беларусь і возьме жорсткі курс на зрыў супрацы з Літвой, перанакіраванне транзітнай плыні забярэ ў Менску не адзін год, і будзе каштаваць не адзін дзясятак мільёнаў даляраў. А ў дачыненнях з краінамі Еўразвязу Аляксандр Лукашэнка не раз даводзіў, што эканоміка ўсё ж перамагае палітыку. А таму і словы пра стаўку на Латвію ў Вільні наўрад ці ўспрымуць сурʼёзна.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках