19 красавiка 2024, Пятніца, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Голас народа: «Хіба за МКАД людзі другога гатунку?»

Голас народа: «Хіба за МКАД людзі другога гатунку?»
Фота: БелТА

Як актывісты змагаюцца з уладамі за межамі Менска.

Пагаворым аб мясцовым самакіраванні. Наогул вельмі шмат хто перакананы: яго ў палітычнай прыродзе Беларусі няма! Але стае і больш стрыманых ацэнак сітуацыі. Пераправяраючы розныя меркаванні, ад'ехаў за тры дзясяткі кіламетраў ад Менска. У Дзяржынскі раён - самы блізкі ад сталіцы, піша журналіст «Салідарнасці» Аляксандр Байчун.

Марына Мокас - актывістка з ускрайкавага мікрараёна на вуліцы Ціхай. Яе ведаюць вельмі многія: бесперапынна тэлефануюць, пішуць лісты. Альбо дзеляцца ідэямі, альбо просяць дапамогі - як прабіць абарону ўлады?

- Ды не абараняецца яна: гэта кароль горы, не - непрыступная цытадэль, справа якой вяршыць і не пушчаць, - папраўляе мяне мама пяцярых дзетак.

Яна знерваваная: надоечы тэлефанаваў «дэпутат палаты прадстаўнікоў», да якога Марына звярталася па дапамогу. На першы погляд - у дробнай справе: дапамагчы з рэканструкцыяй дзіцячай пляцоўкі, адной на дзясятак гмахаў з Ціхай. Апускаючы дэталі, заўважу, што там як пачалося з праектаваных, дамоўных хібаў яшчэ пры закладцы дома, так і працягваецца блытаніна, каму ж тое шчасце-няшчасце належыць. Выканкам нарэшце адсек: хай жыхары збіраюцца па пяцёрцы на атракцыёны, а за ім толькі мантаж. Але людзі ўперліся: хай улада плаціць, гэта яе абавязак!

- Наш самы вялікі начальнік ніяк не хоча зразумець, што тут справа не ў ганарыстасці, а ў беднасці: спрэс шматдзетныя, а заробкі якія? Калі вы атрымліваеце 200 рублёў, пяць рублёў адтуль дробязь? Не, гэта малако і хлеб для сям'і на вячэру. Я і папрасіла «палатачніка» паўплываць на выканкамаўцаў, навучыць іх, але ў адказ прагучала, што Мокас такая-сякая, ёй жа пайшлі насустрач, прапанавалі сабраць даслоўна драбкі, а хочацца за чужы кошт!

Пакуль Марына абураецца, праглядаю створаны ёю гарадскі вайбэр-чат. Выдатна развіваецца: у дзень па дзясятку пачаткоўцаў, процьма просьбаў, скаргаў і - што вельмі важна - ідэй. Часта цалкам незвычайных. Напрыклад, плюнуць на гарадскую навагоднюю ялінку і арганізаваць сваю, пасярод двара. Каб усім выцерці нос і не прыніжацца, пачаць трэба ўжо сёння.

Гэта значыць пралічыць, па колькі трэба сабрацца, далей - арганізаваць сталы, прадумаць ілюмінацыю, музыку, штосьці кшталту дружыны... Ужо знайшліся цесляры і «матэматыкі», адшукалі МАЗ для вывазу лясной прыгажуні - свята павінна атрымаецца!

- А ведаеце, чаму мы надумалі праігнараваць гарадскую? Гэта не дэмарш: проста няма транспарту, дарога не чысціцца, а тупаць трэба больш, чым два кіламетры! З дзеткамі... Мы што - не людзі? Вось чаму на Ціхую аўтобусы ходзяць ўсяго тры разы на дзень? Чаму прыпынак каля нас - аж за кіламетр? Чаму няма аптэкі? Чаму школу не будуюць? Дзіцячыя сады дзе? Рэзервацыя нейкая! Вось я і хаджу, вось я і пішу, даводжу...

У адказ жа чую з розных кабінетаў: суцяжніца, дапякайла. Ну што - не крыўдна? Я, мы хіба за сябе так турбуемся? Ды не, гэта ж справа горада, выканкама, чыноўнікаў, дэпутатаў - яны дзякуй павінны сказаць! Ага, дачакаешся... Удакладню ў канцы: гэта клопаты і мае, і маіх суседзяў - нашы агульныя.

- Я толькі з Менска: увесь цэнтр у тысячах прыгожых сцяжкоў у гонар свята горада. А мы тут маракуем, як капейкавым скотчам «абнавіць» леташнюю расцяжку пра Дзень Фаніпаля... Я іак, разумею: сталіца - адно, а мы - другое. Але паслухайце, хіба тут людзі другога гатунку? Хіба ў нас не плацяць падаткі? Але замест бюджэту - дзірка ад абаранка, - абураны Аляксей Сырамалотаў, актывіст з Фаніпаля.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках