25 красавiка 2024, Чацвер, 10:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Пуцін губляе расейскі Далёкі Усход

4
Bloomberg: Пуцін губляе расейскі Далёкі Усход

У РФ нарастаюць цэнтрабежныя тэндэнцыі.

Менш за два тыдні таму прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін расхвальваў перад азіяцкімі лідарамі паспяховасць сваёй палітыкі ў аднаўленні расейскага Далёкага Усходу, піша Bloomberg (пераклад – inosmi.ru).

Аднак пасля гэтага выступу прэзідэнта падтрымоўваныя Крамлём кандыдаты не змаглі перамагчы на губернатарскіх выбарах у дзвюх найбуйнейшых абласцях Далёкага Усходу, што паставіла пад сумнеў здольнасць Пуціна кантраляваць шырокія стратэгічна важныя тэрыторыі, размешчаныя бліжэй да Токіё, Сеула і Пекіна, чым да Масквы.

У звароце да прэзідэнта Кітая Сі Цзіньпіна, прэм'ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ і прэм'ер-міністра Паўднёвай Карэі Лі Нагён на Усходнім эканамічным форуме ва Уладзівастоку Пуцін пахваліўся, што аб'ём прамысловай вытворчасці на расейскім Далёкім Усходзе вырас амаль на 22%. Дзякуючы ўрадавым праграмам развіцця, заявіў ён, на Далёкім Усходзе з'явілася 130 новых кампаній і было створана 16 тысяч працоўных месцаў. Ён мог бы дадаць яшчэ адзін важны пункт: у 2017 годзе Далёкі Усход, да якога належаць дзевяць з 93 суб'ектаў РФ (з 95, калі ўлічваць тыя два суб'екты, якія з'явіліся пасля анэксіі Крыма), заняў першае месца ў Расеі паводле ўзроўню інвестыцый у прыватны сектар — ён прыцягнуў 1,2 трыльёна рублёў (18,4 мільярда даляраў).

Такія аптымістычныя даклады гучаць ужо некалькі гадоў, з пачатку ягонага папярэдняга прэзідэнцкага тэрміну ў 2012 годзе, і з'яўляюцца адлюстраваннем засяроджанасці ўвагі Пуціна на Далёкім Усходзе. Заклікаўшы Расею «злавіць кітайскі вецер у ветразі нашай эканомікі», ён стварыў дзяржаўную карпарацыю, закліканую паскорыць развіццё гэтага рэгіёну, стварыў бязмытныя зоны і бясплатныя парты і прымусіў дзяржаўныя карпарацыі (чые інвестыцыі ўлічваюцца ў афіцыйных звестках аб інвестыцыях у «прыватны сектар») надаваць больш увагі далёкаму Усходу. Яшчэ да пачатку гэтай імклівай кампаніі развіцця на Далёкім Усходзе Расеі было рэалізавана некалькі мегапраектаў, прафінансаваных дзяржавай, такіх як будаўніцтва двух вялікіх мастоў ва Уладзівастоку агульным коштам 1,6 мільярда даляраў.

Цэнтралізацыя ўлады была фірмовым знакам Пуціна з таго моманту, як ён упершыню стаў прэзідэнтам у 2000 годзе, і тыя намаганні, якія ён уклаў у Далёкаўсходнія праекты, цалкам вытлумачальныя, улічваючы, што паміж Уладзівастокам і Масквой — блізу 6,5 тысяч кіламетраў, а паміж Уладзівастокам і Пекінам - 1,3 тысячы кіламетраў. Разрыў Расеі з Захадам пасля яе наступу на Украіну павысіў стратэгічную важнасць Далёкага Усходу: нарошчванне прысутнасці Масквы там неабходнае для паспяховага павароту да Ціхаакіянскага рэгіёну.

Аднак, намаганні Крамля пакуль не мелі поспеху.

16 верасня ў Прыморскім краі, да якога належыць Уладзівасток, — найбуйнейшай вобласці на Далёкім Усходзе з насельніцтвам блізу 2 мільёнаў чалавек — адбыўся другі тур губернатарскіх выбараў, у якім узялі ўдзел пуцінскі кандыдат Андрэй Тарасенка і ягоны апанент ад Камуністычнай партыі Андрэй Ішчанка. Апошні лідараваў да таго моманту, калі было палічана 95% галасоў, але затым раптам ён саступіў Тарасенку. Пуцінскага кандыдата ненадоўга абвясцілі пераможцам, аднак нават пакорлівая Федэральная выбарчая камісія не змагла заплюшчыць вочы на масу сведчанняў таго, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя. Старшыня камісіі Эла Памфілава нават расплакалася падчас адказу на пытанні журналістаў аб выніках галасавання, якія неўзабаве былі скасаваныя. У Прыморскім краі пройдзе новае галасаванне( яго дакладная дата яшчэ не вызначаная), аднак у Крамля няма моцнага кандыдата.

У нядзелю Вячаслаў Шпорт, прызначаны Пуціным губернатар Хабараўскага краю - другога найбуйнейшага рэгіёну на Далёкім Усходзе з насельніцтвам 1,3 мільёна чалавек - пацярпеў поўную паразу ў барацьбе супраць Сяргея Фургала ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Фургал набраў амаль 70% галасоў.

У Расеі няма сумленных і справядлівых выбараў. Звычайна тыя кандыдаты, якім аддае перавагу Крэмль, перамагаюць дзякуючы велізарным рэсурсам, досведу працы на адпаведных пасадах і фальсіфікацый вынікаў галасавання. Кандыдатам, якія прадстаўляюць радыкальную апазіцыю, часцяком проста не дазваляюць удзельнічаць у выбарах. І Ішчанка, і Фургал прадстаўляюць парламенцкую апазіцыю, якая як правіла шчасна супрацоўнічае з Крамлём. Аднак, іх поспех стаў сведчаннем важнага збою ў палітычнай машыне, якая падтрымлівае рэжым Пуціна.

Абодва гэтых фіяска Крамля можна спісаць на непапулярнасць прапанаванага Пуціным плана павелічэння пенсійнага ўзросту. І Ішчанка, і Фургал выступалі супраць гэтага плана, паставіўшы маскоўскіх кандыдатаў у нявыгаднае становішча. Іншыя пуцінскія кандыдаты таксама сутыкнуліся праз гэта з пэўнымі праблемамі. Ва Уладзіміры - цэнтральная частка Расеі - у нядзелю губернатарка Святлана Арлова саступіла нацыяналісту Уладзіміру Сіпягіну, і яе параза шмат у чым тлумачыцца менавіта непапулярнасцю пенсійнай рэформы ў насельніцтва.

Аднак паразы на Далёкім Усходзе - гэта іншая справа: нягледзячы на велізарную колькасць укладзеных грошай і палітычнай увагі, якую Пуцін надаваў гэтай частцы Расеі, Масква не змагла заваяваць сэрцы мясцовых жыхароў.

Аляксей Чадаеў, былы палітычны дарадца Крамля і адзін з нямногіх расейскіх інтэлектуалаў, якія захавалі вернасць Пуціну, напісаў у сваім блогу, што гэтыя паразы тлумачацца разрывамі паміж трыма ўзроўнямі, на якіх Далёкім Усходам кіруюць: «на першым Вярхоўны вызначае глабальныя геапалітычныя задачы; на другім карпарацыі б'юцца за падрады, бюджэты і плыні; на трэцім бізнэс і насельніцтва «круціцца» і выжывае, як умее. І ўсе гэтыя тры працэсы знаходзяцца ў жорсткай рассінхранізацыі адзін з адным».

І Ішчанка, і Фургал - гэта мясцовыя бізнэсоўцы, якія практычна нічога не атрымалі ад праектаў Масквы, і ў гэтым сэнсе яны нічым не адрозніваюцца ад мясцовых жыхароў. Урадавыя грошы прасвісталі над іх галовамі як пулі, выпушчаныя па іншых мішэнях. Масква цяпер гэтак жа далёкая ад іх, як і ў той дзень, калі Пуцін ініцыяваў спробы зблізіцца з імі. Як піша Чадаеў, мясцовыя жыхары бачаць «мегапраекты карпарацый - на фоне крамкі запчастак, якая ледзь зводзіць канцы з канцамі, з якой па чарзе збіраюць даніну пажарнікі, падатковая, бандыты і мытня».

«Пажывеш у гэтым — мабыць, і сам прагаласуеш хоць за чорта лысага, абы назло», — дадае Чадаеў.

Розніца паміж пуцінскай рыторыкай аб звышдзяржаве, яго перакананасцю ў тым, што расейская эканоміка стабільная, яго гіганцкімі ўрадавымі інвестыцыйнымі праграмамі і тым, як жывуць простыя людзі, велізарная ва ўсіх рэгіёнах Расеі. У большасці рэгіёнаў гэты разрыў запаўняе апатыя. Але на Далёкім Усходзе ў людзей яшчэ захавалася вострае адчуванне таго, то яны жывуць на краі імперыі, на мяжы, дзе пакорлівасць не з'яўляецца годнасцю. А адсюль усяго адзін крок да супраціву - хоць і не да сепаратызму. Спробы здушыць супраціў, як правіла, прыводзяць да такіх негатыўных вынікаў, як нядаўняя кампанія супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў ва Уладзівастоку.

На Далёкім Усходзе перад Пуціным стаіць праблема, якую ён не можа развязаць звыклымі яму метадамі. Будзе даволі цікава паглядзець, ці засталася ў ім гнуткасць для таго, каб паспрабаваць ужыць іншыя падыходы. Калі гэтага не здарыцца, пагроза для ягонай сістэмы і яе імкнення да цэнтралізацыі будзе нарастаць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках