25 красавiка 2024, Чацвер, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Павук: На сесіі і нарады «дэпутатаў» буду прарывацца, бо маю права

6
Андрэй Павук: На сесіі і нарады «дэпутатаў» буду прарывацца, бо маю права
АНДРЭЙ ПАВУК

Улады ўтойваюць ад беларусаў сваю дзейнасць.

Вядомы блогер з Кастрычніцкага (Гомельская вобласць) Андрэй Павук быў затрыманы міліцыяй у жывым эфіры. Ён хацеў прысутнічаць на сесіі райсавета «дэпутатаў». Убачыць на ўласныя вочы, што робяць на сесіі «дэпутаты», не здолеў, паведамляе «Радыё Свабода». «Вам забаронена тут знаходзіцца», - заявіў міліцыянт і вывеў блогера.

Андрэй Павук упэўнены: дзеянні міліцыі незаконныя. Паводле закона «Аб мясцовым самакіраванні», сесіі «саветаў дэпутатаў» праводзяцца адкрыта і галосна. На іх маюць права прысутнічаць як чыноўнікі, так і грамадзяне. Такая норма прапісаная ў артыкуле 9.

Гэта не першая спроба блогера патрапіць на паседжанні выканкама і сесіі райсавета. Чыноўнікі яго не дапускаюць на нарады. Спасылаюцца, што інфармацыю пра дзейнасць «вертыкалі» можна прачытаць у раённай газеце.

«Але я хачу мець поўную і аб'ектыўную інфармацыю аб дзейнасці нашых уладаў. І маю на гэта права», - упарціцца блогер.

Забарону прысутнічаць на нарадах ён абскардзіў у судзе. Кастрычніцкі суддзя адмовіўся разглядаць справу - узяў самаадвод. Справу перадалі на разгляд у суд Мазырскага раёна. Інстанцыя адхіліла скаргу блогера на дзеянні чыноўнікаў.

«Я сёння напішу скаргу ў пракуратуру - на дзеянні міліцыі. Уважаю іх за незаконныя. Пастанова суду яшчэ не правамоцная, я яе абскарджу. На сесіі і нарады буду прарывацца, бо маю права як грамадзянін там прысутнічаць. Ды і нарэшце - гэта шоў, відовішча, падпісанты майго канала такое любяць і ставяць мне ўпадабайкі», - пракаментаваў Андрэй Павук.

Ён паставіў мэтай зрабіць мясцовую ўладу больш адкрытай для людзей. Сёння, мяркуе блогер, улада недаступная.

Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка называе сённяшняе затрыманне блогера «адвольным». На карысць гэтага сцвярджэння сведчыць той факт, што міліцыя не адважылася скласці адміністрацыйны пратакол. Блогера проста апыталі ў аддзеле.

«Усё заканадаўства - і аб дзяржаўнай службе, і аб кіраванні, самакіраванні, і Канстытуцыя - аддае прыярытэт правам грамадзяніна, а не дзяржаве. Грамадзянін мае права на атрыманне інфармацыі, як і прысутнічаць на нарадах і сесіях мясцовых органаў улады. Чыноўнікі спасылаюцца на рэгламент райсавета. Але рэгламент не можа супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству», - мяркуе праваабаронца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках