29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Латвіі Папа Францішак працытаваў адміністратара Менскай і Магілёўскай епархій

У Латвіі Папа Францішак працытаваў адміністратара Менскай і Магілёўскай епархій

Святы Айцец назваў дэвіз свайго падарожжа.

Дзева Марыя стаіць побач з пакутнікамі і заклікае да даравання і будавання братэрства, заўважыў Пантыфік падчас св. Імшы, якую служыў 24 верасня ў санктуарыі Маці Божай Аглонскай у Латвіі, паведамляе Беларуская служба vaticannews.va.

У казані Папа спаслаўся на дэвіз свайго падарожжа ў Латвію: «Пакажы нам сваю Маці». Ён заўважыў, што на старонках Евангелля паводле Яна Дзева Марыя з'яўляецца ў дзвюх сітуацыях: на вяселлі ў Кане і пад крыжам свайго Сына Езуса.

Францішак заўважыў, што Марыя паказвае сябе ў першую чаргу побач з тымі, хто пакутуе; з тымі, ад каго свет уцякае; побач з тымі, каго судзяць, каго ўсё асуджаюць, каго дэпартуюць.

«Яна не толькі з тымі, хто зазнае прыгнёт або эксплуатацыі, але і з тымі, хто знаходзіцца «па-за сістэмай», на абочыне грамадства. З імі ёсць таксама Маці, прыбітая да крыжа неразумення і пакут», - заўважыў Пантыфік.

Са слоў Францішка, Маці Божая таксама паказвае нам, якім чынам трэба прысутнічаць у такіх сітуацыях - не мімалётна і павярхоўна, але рашуча і грунтоўна, каб усе адрынутыя чальцы грамадства маглі адчуць добрую блізкасць гэтай Маці.

«Таксама і мы пакліканыя «дакрануцца» да пакут іншых. Выйдзем насустрач нашаму народу, каб суцяшаць і суправаджаць яго. Не будзем баяцца адчуць моц пяшчоты і ўвайсці ў канкрэтнае жыццё іншых», - заклікаў ён.

Францішак адзначыў важнасць адкрытасці і сапраўднай блізкасці да людзей, бо, з ягоных словах, не дастаткова толькі знаходзіцца ў адным асяроддзі, але трэба з любоўю прымаць іншых.

«Колькі мужоў і жонак маглі б распавесці гісторыю таго, як яны былі блізкія, але не разам; колькі маладзёнаў адчуваюць больш гэтай аддаленасці ад дарослых; колькі людзей сталага веку адчуваюць халодны дагляд, але не адчуваюць, што пра іх клапоцяцца і прымаюць з любоўю», - адзначыў ён.

Пантыфік адзначыў, што цяжка быць адкрытымі да тых людзей, каторыя рабілі зло. Нават у кантэксце палітычнай рэальнасці, варта памятаць, што Марыя паказвае сябе як жанчына, адкрытая да даравання, здольная забываць крыўды, падкрэсліў Папа.

«Спадар Слосканс (адміністратар Менскай і Магілёўскай дыяцэзій 1926-1981 гадоў Баляслаў Слосканс - Krynica.info), які спачывае тут, пасля таго, як быў арыштаваны і сасланы далёка, пісаў сваім бацькам: «Прашу вас з глыбіні душы: не дазвольце, каб помста і лютасць пасяліліся ў вашых сэрцах. Калі мы дазволім гэта, не будзем сапраўднымі хрысціянамі, але фанатычнымі»», - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў латвійскіх вернікаў зноў адкрыць для сябе каштоўнасць усеагульнага братэрства, а таксама будаваць адзінства з павагай да адрозненняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках