19 красавiка 2024, Пятніца, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Раснафце» не стае грошай на аплату кантрактаў з падрадчыкамі

1
«Раснафце» не стае грошай на аплату кантрактаў з падрадчыкамі

Упершыню з 2014 года кампанія просіць перанесці выплаты на некалькі месяцаў.

«Раснафта» нечакана вярнулася да практыкі крызіснага 2014 года і пачала прасіць у падрадчыкаў адтэрмінаваць патрабаванні да кампаніі ў аплаце паслуг, піша finanz.ru.

Нягледзячы на рэкордныя за 4 гады кошты нафты, узлёт коштаў бензіну ўнутры краіны, кампанія прапануе контрагентам перанесці выплаты па кантрактах са снежня гэтага года на наступны год.

Як паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы ў галіне і контрагентаў «Раснафты», просьбы аб адтэрміноўцы масава паступаюць ад здабываючых «дачок» кампаніі.

Паведамленні аб пераносе аплаты за ўжо выкананыя працы з гэтага на наступны год атрымаў цэлы шэраг прадпрыемстваў, якія надаюць «Раснафце» сэрвісныя паслугі, распавядае прэзідэнт Еўраазіяцкага геафізічнага таварыства Міхаіл Пасечнік.

«Для маленькіх кампаній, якія жывуць ад раты да раты, такі перанос аплаты крытычны», - канстатуе ён, дадаючы, што летась «Раснафта» плаціла ў тэрмін, а ў гэтым абяцала сабраць сваіх контрагентаў на канферэнцыю, каб растлумачыць прычыны змены палітыкі.

У «Раснафце» ў дамовах значыцца аплата цягам 60-90 дзён пасля заканчэння работ - даўжэй, чым у каго-небудзь на рынку: «Газпром нафта», напрыклад, плаціць цягам 30 дзён, «Сургутнафтагаз» - яшчэ хутчэй, нагадвае прэзідэнт нацыянальнай асацыяцыі нафтагазавага сэрвісу Віктар Хайкоў.

Але падрадчыкі не могуць адмовіцца ад працы з «Раснафтай», якая з'яўляецца найбуйнейшым заказчыкам на рынку, а ў некаторых рэгіёнах - і зусім адзіным, дадае ён.

«Раснафта» аднойчы ўжо масава пераносіла выплаты падрадчыкаў на два-тры месяцы, нагадвае аналітык S&P Аляксандр Гразноў: гэта здарылася ў канцы 2014 года, калі ЕЗ і ЗША ўвялі санкцыі, значна ўпалі кошты нафты, а «Раснафце» давялося ў экстраным парадку шукаць грошы на выплату вонкавай пазыкі.

У апошнія два гады падсанкцыйным кампаніям удавалася рэфінансаваць значную частку пазык: паводле звестак ЦБ, агульная сума замежнай запазычанасці са студзеня 2016 года да студзеня 2018-га засталася нязменнай - 518 млрд даляраў.

Спакой парушыў, зрэшты, уведзены вясной пакет санкцый ЗША: з красавіка да ліпеня кампаніі і банкі былі вымушаныя вярнуць замежным крэдыторам 34 млрд даляраў - рэкордную з 2015 года суму. Відавочна, рэфінансаваць пазыкі стала больш складана праз боязь, што санкцыйны ціск будзе ўзмацняцца, а пад абмежаванні патрапяць інвестыцыі ў дзяржпазыкі і аперацыі з дзяржбанкамі, кажа аналітык Райффайзенбанка» Дзяніс Парывай.

Бюджэт «Раснафты», тым часам, трашчыць па швах нават у варунках 60-адсоткавага росту прыбытку.

Паводле справаздачы аб МСФС, за першае паўгоддзе кампанія атрымала 619 рублёў грашовай плыні ад аперацыйнай дзейнасці. Гэтай сумы ледзь выстарчыла, каб кампенсаваць усе выдаткі на інвестыцыі (570 млрд рублёў), а з улікам адтоку на падставе фінансавых артыкулаў (90 млрд рублёў), «Раснафта» выдаткавала больш, чым прыйшло на рахунак.

Разрыў быў кампенсаваны за кошт «грашовай падушкі» ў выглядзе дэпазітаў, сродкаў у касе і на банкаўскіх рахунках, якая сціснулася яшчэ на 41 млрд рублёў, да 293 млрд.

Сумарная пазыка «Раснафты» за другі квартал вырасла на 44 млрд рублёў і стала рэкорднай за ўсю гісторыю кампаніі - 4,013 трыльёна рублёў. Хоць кароткатэрміновыя абавязацельствы скараціліся (на 1,319 трлн рублёў), доўгатэрміновыя пазыкі раслі апераджальнымі тэмпамі - на 1,452 трлн.

Агульны аб'ём абавязацельстваў «Раснафты», у тым ліку крэдыты, пазыкі, адкладзеныя падатковыя выплаты і кантракты з папярэдняй аплатай склалі 8,273 трлн рублёў, або 131 млрд даляраў, што перавышае чвэрць міжнародных рэзерваў Расеі (459,5 млрд даляраў на 27 ліпеня).

«Кампанія праводзіць сістэмную работу павышэння эфектыўнасці ў дачыненнях з контрагентамі», - сказаў РБК прадстаўнік «Раснафты». З ягоных слоў, гэта робіцца «ў рамках перагаворных працэсаў у строгай адпаведнасці з дзейным заканадаўствам».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках