18 красавiка 2024, Чацвер, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму сынагогі не разглядаюцца як «беларуская спадчына»

4
Чаму сынагогі не разглядаюцца як «беларуская спадчына»

У Беларусі можна аднавіць 30 сынагогаў, аднак яны «не разглядаюцца як беларуская спадчына».

25 верасьня ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адмыслоўцы абмеркавалі лёс былой сынагогі ў Ашмянах. Праект канцэпцыі аднаўленьня культавага будынку з арыентацыяй на інтарэсы мясцовай супольнасьці рэалізуе Беларускі камітэт ICOMOS пры ўдзеле Ашмянскага краязнаўчага музэю і літоўскіх адмыслоўцаў, паведамляе «Радыё Свабода».

Раней у межах працэсу прайшлі сэмінары ў Вільні для прадстаўнікоў выканаўчай улады Горадзенскай вобласьці, Ашмянскага раёну і актыўных сябраў рэгіянальнай супольнасьці, а таксама азнаямляльная паездка па адноўленых сынагогах у Літве для беларускіх рэстаўратараў. У Ашмянах пабывалі спэцыялісты ў аднаўленьні старой часткі Вільні і зь Літоўскага камітэту ICOMOS. Галоўнай мэтай абменаў — вызначыць пэрспэктыўныя функцыі гістарычнай пабудовы, зыходзячы з патрэбаў гораду.

Муры старой ашмянскай сынагогі

Прэзэнтаваны заключны этап паўгадавой працы — кансалідаванае экспэртнае бачаньне аднаўленьня як самога архітэктурнага помніку, так і прылеглай да яго тэрыторыі.

Чаму сынагогі не разглядаюцца як «беларуская спадчына»

Паводле падлікаў культурнага антраполяга, асацыяванага сябра Міжнароднага камітэту тэорыі і філязофіі захаваньня спадчыны ICOMOS Сьцяпана Стурэйкі, у Беларусі прыкладна тры дзясяткі былых сынагогаў, якія або занядбаныя, або выконваюць нязвыклую функцыю. Пасьля Галакосту габрэйскіх суполак з кампактным пражываньнем практычна не засталося, на колішнюю спадчыну амаль ніхто не прэтэндуе.

Сьцяпан Стурэйка

«Нягледзячы на тое, што сынагогі ў Беларусі фармальна маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, гэта не дае ніякай гарантыі ад руйнаваньня, — адзначае ён. — Нават ня ў тым рэч, што няма адпаведнай дзяржаўнай праграмы: аб’екты не разглядаюцца як беларуская спадчына наогул. Дагэтуль яны ўспрымаюцца як „чужая культура“. Аддаць даніну павагі народу, зь якім беларусы стагодзьдзямі жылі поруч, — адна з мэтаў праекту».

Перад тым як узяцца за рэалізацыю канцэпцыі, экспэрты ICOMOS правялі ў Ашмянах своеасаблівы «замер» думкі жыхароў. Напрыклад, чаму аднаўленьне сынагогі было б важным для мясцовай грамады і якім гараджане бачаць будынак праз 10-15 гадоў. У суседняй Літве такое разуменьне грамадзкай думкі прынесла рэальны плён: за кароткі час там вярнулі да жыцьця 5 колішніх сынагогаў.

Разборка злучальнай галерэі паміж сынагогамі з паўднёвага фасаду. Зьлева — закладзены дзьвярны праём на ўзроўні жаночай галерэі
Фота з прэзэнтацыі Антона Астаповіча

Сьцяпан Стурэйка хацеў бы, каб ашмянскі праект стаў узорнай «гісторыяй посьпеху», якую можна пашырыць на ўсе астатнія месцы ў краіне, дзе зьберагліся занядбаныя будынкі сынагогаў.

Як ашмянская сынагога апынулася ў гета

Старая сынагога месьціцца ў гістарычным цэнтры Ашмянаў — у рэлігійным трыкутніку побач з каталіцкім касьцёлам і праваслаўнай царквой. Мяркуецца, што будаўніцтва было завершана ў 1912 годзе. Тады ў мястэчку з на 50% габрэйскім насельніцтвам вялікае культавае збудаваньне выглядала цалкам дарэчна. Закрылі сынагогу ў 1940 годзе, неўзабаве пасьля прыходу на заходнія землі бальшавікоў.

Паўднёвы фасад сынагогі. Закладзены ўваход на ўзроўні жаночай галерэі

Падчас Другой сусьветнай вайны будынак апынуўся ў эпіцэнтры гета, куды сагналі блізу 5 тысяч габрэяў з гораду і ваколіцаў. Практычна ўсе яны былі забітыя ці закатаваныя, Ашмяны страцілі статус габрэйскага гораду. А ў паваенны час пад дахам колішняй сынагогі абсталявалі склад, які заставаўся практычна да нашых дзён. Усяго пару гадоў таму будынак перайшоў на балянс краязнаўчага музэю.

Як удакладняе Сьцяпан Стурэйка, ашмянская сынагога разам са слонімскай уваходзіць у «залаты фонд» культавых збудаваньняў: у эўрапейскім рэйтынгу помнікаў габрэйскай архітэктуры, якія патрабуюць неадкладнага аднаўленьня, гэтыя будынкі месьцяцца на верхніх радках.

Калі сынагога становіцца малельным домам

Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзяленьня ICOMOS Ігар Раханскі, прэзэнтуючы канцэпцыю, перадусім зьвярнуў увагу: разьлічваць на вяртаньне першасных функцыяў будынку наўрад ці выпадае. Габрэйскай грамады, якая ўзяла б сынагогу ў свае рукі, не засталося. Разам з тым ня вырашанае пытаньне зь фінансаваньнем, якое дазваляла б хуткія пэрспэктывы аднаўленьня.

Ігар Раханскі

«Той выпадак, калі будынак можна прыстасаваць пад якія-хаця задачы, пры гэтым не закранаючы пачуцьцяў вернікаў, — гаворыць суразмоўца. — Рэч у тым, што сынагога ня ёсьць культавым аб’ектам у наўпроставым сэнсе. Яна становіцца малельным домам тады, калі там пачынаецца служба. А так і фінансавыя ўгоды адбываліся, і банкеты ладзіліся. Будзе правільна зробленая кавярня — нікога гэта не абразіць. Там цудоўная акустыка, можна ладзіць канцэрты. Ці прастора для паказу кінафільмаў. Цэх рамёстваў, выставачная заля — калі ласка. Гэта аб’ект унівэрсальны».

Паводле Ігара Раханскага, у сытуацыі фінансавай няпэўнасьці можна плянаваць этапы залежна ад важнасьці задачаў. У гэтым выпадку — кансэрвацыя фасаду з дахам, доступ у жаночую галерэю (бабінец), рэстаўрацыя росьпісаў у малельнай залі.

Інтэр’ер жаночай галерэі. Уваходны праём на паўднёвай сьцяне

Асобныя прапановы ўжо натыкнуліся на супраціў Міністэрства культуры. Так, ведамства супраць знадворнай лесьвіцы ў бабінец — згодна з канцэпцыяй, на другім паверсе будзе абсталяваная аглядная пляцоўка, зь якой можна назіраць за ходам аднаўленчых працаў у малельнай залі.

Ігар Раханскі пярэчыць. Па-першае, цяперашні ўваход выдзеўблі бальшавікі — якраз у месцы, дзе традыцыйна захоўвалася тора. Гэта прыблізна тое ж самае, што спрабаваць трапіць у праваслаўную царкву праз алтар. Па-другое, лесьвіцу проста плянуецца вярнуць на яе старое месца, якое і было 100 гадоў таму. Паводле яго, калі камусьці недаспадобы прапанаваныя формы, яе можна зрабіць амаль незаўважнай — з мэталю, як звычайную пажарную.

Справа — варыянт знадворнай лесьвіцы на бабінец
Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках