19 красавiка 2024, Пятніца, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палёты ў Сочы - у сне і наяве

30
Палёты ў Сочы - у сне і наяве
ФОТА: RIA.RU

Правадыр зноў пайшоў на «прарыў».

Кірунак звыклы - на ўсход. Занадта цяжкі маршрут. Непрадказальны партнёр. І наогул, нядобрыя чуткі даходзяць адтуль. Быццам там спяць і бачаць адстаўку незаменнага з наступнай прыватызацыяй ягонага прысядзібнага надзелу. Адзін нахабны тэлеграм-канал, які прытуліўся дзесьці ў крамлёўскім цяні, наогул шакаваў аўдыторыю нечуванай навіной: 21 верасня правадыр назаве сочынскаму суразмоўцу імя свайго пераемніка. І да яго яшчэ ляцець?..

Палёт, як і варта было чакаць, быў неймаверна цяжкім. Насоўваліся аднекуль лютыя атмасферныя франты. За бортам згушчалася панурая цемра. На далёкім даляглядзе шугалі злавесныя зігзагі маланак. Шматкі разарваных хмар чапляліся за крылы. Здавалася, што ў ілюмінатары штохвілінна зазіраюць нейкія тагасветныя пысы. І нават марсіянскія зоркалёты нахабна запытвалі сігналы. А ён ляцеў.

Затое пасля прызямлення быў прыняты цёпла і радасна. Сочынскі мэр асабіста сустрэў высокага госця. І ў тым няўтульным памяшканні, дзе праходзілі нядаўнія перамовы з Пуціным, не засталося і следу нядаўняга спеху. Над двума крэсламі ля вечна пустога каміна гэтым разам стаялі два сцягі, каб суразмоўцы не пераблыталі прызначаныя ім месцы. А на круглым століку паміж імі нават тырчалі сіратліва нейкія кветачкі. Кранальна і прастадушна. Вось толькі госцю давялося вельмі доўга чакаць суразмоўцу. Прамінула гадзіна. Потым яшчэ адная. А таго ўсё не было.

Зрэшты, журналісты дарэмна акцэнтуюць гэты казус. Такі звычай. Калі маскоўцы прыязджалі ў Арду па ярлык, чаканне бывала нясцерпна доўгім. Вось так і адгукаецца традыцыя гэтая ў стагоддзях.

А чыноўнікі з світы правадыра тым часам таропка перацягвалі нейкія скрынкі. Тут меркаванні назіральнікаў прынцыпова разышліся. Адны сцвярджаюць, што гэта згодна з даўняй савецкай традыцыяй памагатыя прыхапілі на ўсялякі выпадак тыя самыя штофы "Белавежскай", якія калісьці былі абавязковай умовай візіту ў Маскву. А вось апаненты, адкідаючы гэты недарэчны архаізм, выказалі здагадку нават, што так яны маглі спакаваць рэшткі суверэнітэту.

Але гэта ўжо занадта. Пагатоў правадыр мерыцца не здавацца, а толькі перамагаць. Адступаць ужо няма куды. За ім – «кавалачак беларускай зямлі, недалёка тут, за парканам».

Пасля вяртання, сабраўшы паплечнікаў, правадыр скажа: «Перамовы доўжыліся шэсць гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перамовы». Вядома, каштоўнае прызнанне. А то ж памагатыя праз гэтую закрытасць меркавалі, што Пуцін выклікаў хаўрусніка, як было абвешчана перад тэлекамерамі, каб спраўдзіць гадзіннікі. Паглядзеў аднойчы - быццам адстае! Трэба было б параўнаць з больш надзейным. На шчасце, згадаў, хто мае найлепшы ў агляднай прасторы.

І калі спагадны госць усё ж завітаў, на знак падзякі нават пакатаў яго па рэзідэнцыі на электракары. А за абедам, які сарамліва названы быў працоўным, пачаставаў шарбетам, вытанчана пададзеным на сподку з міні-кавуна. Такі вось вытанчаны атрымаўся кіў на арабскія прыхільнасці дарагога госця і ягоныя селекцыйныя дасягненні на персанальным прысядзібным надзеле.

Аднак правадыр, вядома, ехаў не для гэтага. І ў тыя загадкавыя шэсць гадзін найцяжэйшага перамоўнага працэсу стораны займаліся справай. «Канкрэтныя пытанні ў нас, вядомыя пытанні, аб АДКБ, перш за ўсё, старшынства ў АДКБ і развіццё гэтай арганізацыі. Шмат увагі мы надалі балючым пытанням у рамках СНД, якія тычацца нашых абедзвюх дзяржаў. Перш за ўсё – Україна».

Вось такімі лёгкімі рыскамі ён акрэсліў паплечнікам Бермудскі трыкутнік постсавецкай прасторы. Тут не толькі на шэсць гадзін затрымацца, тут папросту можна патануць. Пагатоў у паведамленні на ягоным сайце ўсплыла недвухсэнсоўная фраза: «У закрытым рэжыме абмеркаваны блок вайскова-палітычных пытанняў». Ці не ў гэтым уся рэч? Але гэта ўжо зусім іншае вымярэнне.

З кожным такім палётам у Сочы, або ў іншыя пункты найвышэйшых кантактаў, краіна страчвае нейкую частку суверэнітэту. Бо там канечне з'яўляецца змрочны прывід быццам толькі намінальнай Саюзнай дзяржавы. Так ці інакш, а нейкі страх у датычных да авантуры асоб не заўважыць немагчыма. А ўжо гаспадар трыюмфу свайго не прапусціць. І дзесьці за кулісамі пагрымванне ржавага ланцуга чуецца выяўна.

Дзівоснасць гэтага моманту для шмат каго відавочная. А таму кожная са старон спрабуе падаць гэты кур'ёз у асвятленні цалкам аптымістычным: бртняе сяброўства мацнее і квітнее буйнымі кветамі. Вось дамовіліся пра пастаўкі газу. І з мытнай перарэгістрацыяй нафты быццам нешта адсланілася. Знялі праблемныя пытанні аб узаемных пастаўках сельгаспрадуктаў. І нават нейкія сумы даўно завіслага Еўраазіяцкага крэдыту выблыталіся раптам з крамлёўскага павуціння. Вядома, дасягненне.

Пытанне толькі ў тым, які кошт такой нечаканай штукі. На якія саступкі пайшлі. Пра тое, што гэта не марныя трывогі, сведчыць папярэдні перыяд сварак, узаемных абвінавачванняў, які так занадта здоўжыўся. І чаму, хай усяго толькі на словах, усё так раптоўна скончылася. Быццам у казцы ці показцы. Пуцін раптам прачнуўся і раскаяўся. Селі адзін супраць аднаго пры працоўна-абедзенным стале. Паспыталі аб'яднаўчы шарбет. І наважылі ўсё пачаць з чыстага аркуша.

Афіцыйныя каналы наўзахапы паўтараюць, што менавіта так усё і было. Вось толькі ніхто не мерыцца казаць аб тым, што засталося ў цяні. Быў бы нармальны парламент, хутка навялі б зыркае святло на гэты цёмны згустак. А так марная справа. Хто ж адважыцца задаць наўпрост пытанне: колькі ўсё гэта каштавала?

Ці яшчэ прасцей: што здалі?

Маўчаць. Ніхто ў колах афіцыйных нават яўкнуць не важыцца аб тым, што ў гэтай соннай цішыні адбываецца нешта дзіўнае. Расея рыхтуе свой адказ на заходнія санкцыі. У Пуціна выбары не так ужо далёка. А папулярнасць амбіцыйнага чэкіста падае катастрафічна. Расце незадаволенасць. Успыхваюць па краіне акцыі пратэсту. Звычайным наборам штатных контрзахадаў ужо не абысціся. Патрэбны магутны хапок, прымальны для электарату.

Дык якую ролю ў гэтых імперскіх гульнях адвялі крамлёўскія чыноўнікі свайму няўдаламу хаўрусніку? Адказу пакуль няма.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках