28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што дамовіўся Гітлер з брытанцамі і французамі ў 1938 годзе?

14
Пра што дамовіўся Гітлер з брытанцамі і французамі ў 1938 годзе?

80 гадоў Мюнхенскай канферэнцыі.

30 верасня 1938 года, роўна 80 гадоў таму, у Мюнхене было падпісанае пагадненне, якое развязала Гітлеру рукі ў тым, што тычылася ягоных планаў у захопе Усходняй Еўропы.

У сакавіку 1938 года Адольф Гітлер, пачаўшы ўкараняць у жыццё свае амбіцыйныя планы за межамі "рэйха", ажыццявіў "аншлюс", уключыўшы ў склад Нямеччыны сваю радзіму – Аўстрыю. Неўзабаве ён прыгразіў уварваннем Чэхаславакіі, нібыта ўстурбаваўшыся праблемай дыскрымінацыі судэцкіх немцаў.

Брытанскія і французскія палітыкі баяліся вайны, якая можа ахапіць усю Еўропу, і спрабавалі праводзіць "палітыку прымірэння", спадзеючыся, што Гітлер супакоіцца, атрымаўшы частку тэрыторыі Чэхаславакіі. Такой версіі падзей прытрымліваецца ў нашы дні большая частка заходніх гісторыкаў, піша dw.com.

Фото: DPA

У пагадненні, падпісаным у Мюнхене 30 верасня 1938 года прэм'ер-міністрам Вялікай Брытаніі Чэмберленам, прэм'ер-міністрам Францыі Даладзье, лідарам фашысцкай Італіі Мусаліні і лідарам нацысцкай Нямеччыны Гітлерам, было замацаванае далучэнне Судэцкай вобласці да Нямеччыны. Чэхаславакію, да якой гэтая вобласць адносілася да 30 верасня, на падпісанне не запрасілі. Не ўдзельнічаў у перамовах і Савецкі Саюз.

Як сёння, з вышыні мінулых 80 гадоў, можна ацаніць тое, што адбылося тады? Ці можна было ў той момант прадухіліць экспансію "рэйха"? Чаму савецкая (і расейская) гістарыяграфія бачыць менавіта ў Мюнхенскім пагадненні пачатак развязвання Другой сусветнай вайны? У той час як Польшча і краіны Балтыі ўпэўненыя, што штуршок разгортванню ваенных дзеянняў даў Савецкі Саюз з яго дамовай пра ненапад 1939 года... Па адказы на гэтыя і іншыя пытанні DW звярнулася да доктаркі гістарычных навук, выкладчыцы Бонскага ўніверсітэта Кацярыны Махоцінай.

– Чаму савецкая (а цяпер і расейская) гістарыяграфія называе пагадненне "мюнхенскай змовай"? Ці ёсць розніца ў трактоўках тых падзей на Захадзе і Усходзе?

– Для Савецкага Саюза гэтая дамова азначаў кульмінацыю ізаляцыі Масквы на еўрапейскай арэне. Негатыўная ацэнка гэтай дамовы была першапачаткова ясная і застаецца такой да гэтага часу. У Савецкім Саюзе "Мюнхен-38" інтэрпрэтавалі яшчэ і з пазіцыі ідэалагічнай вайны: дзеянні Англіі і Францыі разглядаліся як змову капіталістаў-імперыялістаў супраць камуністычнага СССР.

ФАТАГРАФІІ З АРХІВА: ЖЫХАРЫ СУДЭЦКАЙ ВОБЛАСЦІ ВІТАЮЦЬ ГІТЛЕРА Ў КАСТРЫЧНІКУ 1938 ГОДА

У сённяшняй Расеі прынята разглядаць нямецка-савецкую дамову пра ненапад ад 23 жніўня 1939 года ("пакт Молатава – Рыбентропа") як лагічнае наступства Мюнхена. У той самы час сучасная нямецкая гістарыяграфія разглядае Мюнхен як імпульс для Сталіна знайсці агульную мову з Гітлерам.

Для Расеі "Мюнхен-38" – гэта пачатак працэсу развязвання Другой сусветнай вайны. І гэта – рэакцыя сучаснай гістарычнай палітыкі ў Расеі на распаўсюджанае ва Усходняй Еўропе вызначэнне "пакта Молатава – Рыбентропа" як асноўнага імпульсу для пачатку ваенных дзеянняў. Пры гэтым Польшча і краіны Балтыі бачаць сябе ахвярамі двух таталітарных рэжымаў, сталінскіх і нацысцкіх злачынстваў. Расея ў сваёй афіцыйнай палітыцы актыўна супрацьстаіць гэтай інтэрпрэтацыі мінулага.

– Да чаго ў выніку прывяло пагадненне, падпісанае ў Мюнхене?

– У заходняй гістарыяграфіі да гэтага часу вядуцца дыскусіі, чым было гэтае пагадненне. Ці было яно неабходнай апошняй спробай прадухіліць вайну? Ці ж яно было заведама безнадзейным манеўрам, які меў цяжкія наступствы, крокам, на які не варта было ісці? Адназначныя гісторыкі ў ацэнцы наступстваў мюнхенскага пагаднення: гэта быў вызначальны ўдар у Версальскую сістэму, які разбурыў парадак, што ўсталяваўся на еўрапейскім кантыненце пасля заканчэння Першай сусветнай вайны.

"Мюнхен-38" – гэта правал палітыкі калектыўнай бяспекі ў Еўропе, і ён меў наступствы не толькі для Чэхаславакіі, ён азначаў узмацненне ўплыву нацысцкай Нямеччыны на краіны Усходняй Еўропы і на стаўленне да нацыянальных меншасцяў. Апошнія цалкам страцілі права на абарону, і больш за тое, само існаванне нацыянальных меншасцяў было пастаўленае пад пытанне.

Разбурэнне цэласнасці Чэхаславакіі – адзінай дзяржавы ў міжваеннай Еўропе з мультыкультурным, талерантным, дэмакратычным, а не з аўтарытарным рэжымам – прывяло да стварэння Славакіі, саюзнай з нацысцкай Нямеччынай, зрабіла магчымым анэксію рэгіёнаў іншымі краінамі праз рэальнае або выдуманае дамінаванне ў іх "сваёй" нацыі. Цешынская вобласць была аддзеленая ад Чэхіі і занятая Польшчай, Вугоршчына змагла часткова рэалізаваць свае тэрытарыяльныя замахі і заняла частку Украіны і паўднёвай Славакіі, Мемельскі край быў заняты немцамі...

Для нацыянальных меншасцяў гэта азначала наступнае: выгнанне, перасяленне, дыскрымінацыя. А для габрэяў Чэхаславакіі нацысцкая палітыка азначала самую радыкальную форму рэпрэсіяў: пазбаўленне правоў, пагромы, а потым і фізічнае знішчэнне. У першую чаргу ахвярамі "палітыкі прымірэння" сталі габрэі і праціўнікі нацысцкага рэжыму ў Чэхаславакіі і Нямеччыне: сацыял-дэмакраты, камуністы.

– Чэмберлен, вярнуўшыся з Мюнхена ў Лондан, ля трапа самалёта заявіў, што "прывёз мір нашаму пакаленню". Ці магла "палітыка супакаення" сапраўды прывесці да захавання міру?

– Англія і Францыя падазравалі, што Судэцкая вобласць – не "апошняе тэрытарыяльнае патрабаванне" Гітлера ў Еўропе. Але яны пайшлі на гэты крок, мабыць, адцягваючы вайну. Вялікая Брытанія не хацела рызыкаваць ваенным канфліктам, а Францыя, якая панесла велізарныя ахвяры ў Першую сусветную вайну, але выйшла з яе пераможцай, не збіралася зноў увязвацца ў вайну і не бачыла ў сабе сілаў дапамагаць Чэхаславакіі паводле саюзнай дамовы 1935 года. Бо ўвосень 1938 года Еўропа жыла чаканнем і асцярогай вайны, пагадненне, якое яе тэарэтычна прадухіліла, сапраўды было сустрэтае грамадствам Англіі і Францыяй з палёгкай і нават эйфарыяй.

– Як сёння ў Чэхіі, Славакіі, магчыма, у Польшчы прынята ацэньваць Мюнхенскае пагадненне і ягоныя наступствы?

– У цэнтры чэшскай дыскусіі стаіць пытанне, чаму чэхі не супраціўляліся немцам у сакавіку 1939 года, калі Гітлер заняў рэшткі чэхаславацкай тэрыторыі (тую частку, якая засталася пасля анэксіі Судэцкай вобласці). Чаму яны не змагаліся, як палякі? Тут чэшскія гісторыкі паказваюць на тое, што Чэхаславаччына, пазбаўленая падтрымкі хаўруснікаў – Францыі і Савецкага Саюза (які дзейнічаў бы толькі разам з Францыяй), – усведамляла, што спроба ўзброенага супраціву была асуджаная на правал.

У Польшчы гісторыкі кажуць пра тое, што далучэнне да яе Цешынскай вобласці з згоды "трэцяга рэйха" толькі аслабіла польскую дзяржаву. Тэма мюнхенскай дамовы, бенефіцыярам якой была Польшча, аднак, не абмяркоўваецца горача ў Польшчы. Значна большае значэнне там мае дыскусія вакол "пакта Молатава – Рыбентропа", нямецка-савецкай дамовы пра ненапад ад 23 жніўня 1939 года, якая ў гістарычнай памяці польскага грамадства фактычна з'яўляецца "чацвёртым падзелам" Польшчы яе "гістарычнымі ворагамі" – Нямеччынай і Расеяй.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках