18 красавiка 2024, Чацвер, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковы манеўр: У Беларусі ўзнікнуць пытанні з заробкамі, дапамогамі і пенсіямі

14
Падатковы манеўр: У Беларусі ўзнікнуць пытанні з заробкамі, дапамогамі і пенсіямі

Варта таксама рыхтавацца да таго, што ў школах і паліклініках будзе ўсё больш платных паслуг.

Улетку гэтага года Дзярждума Расеі ўхваліла падатковы манеўр ў нафтавай галіне. І з апошніх звестак адмаўляцца ад яго не збіраецца. Згодна з планамі, з 2019 да 2024 год вывазная мыта на нафту (якую Беларусь пры імпарце не плаціць) паменшыцца з 30% да 0%. Паралельна будзе падвышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты. Такія дзеянні Расеі прывядуць да росту кошту нафты для нас. Чым гэта можа пагражаць нашай краіне? Сайт onliner.by звярнуўся да экспэрта.

- Цяпер мы купляем нафту без мыты, перапрацоўваем яе, прадаем нафтапрадукты, а ўжо мыты ад продажу нафтапрадуктаў атрымліваем у свой бюджэт, - кажа акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова. - У дадатак мы яшчэ робім «перамытнёўку» нафты: мы атрымліваем яе без мыт і прадаем ужо з мытамі, якія ідуць у наш бюджэт. Збольшага гэта такая для нас прыхаваная субсідыя.

- Сбербанк падлічыў, што ўжо ў наступным годзе на закупку нафтапрадуктаў выдаткуе на $300 мільёнаў больш, чым сёлета. Як паўплывае манеўр на нашу эканоміку?

- Паводле падлікаў нашага Мінфіна мы атрымаем нястачу ў бюджэт сумай $2 мільярдаў. Для нас гэта вялікая сума, больш за 10% ад бюджэтных даходаў. Гэта значыць, што мы павінны будзем значна скараціць выдаткі бюджэту. Да прыкладу, у нас не будзе грошай на ўзняцце заробкаў бюджэтнікам, чые даходы моцна адстаюць ад астатніх заробкаў. Магчыма, давядзецца скарачаць іншыя выдаткі на ахову здароўя, адукацыю, альбо не так нарошчваць, як бы мы гэтага хацелі.

- З вашых прагнозаў, негатыўныя наступствы мы будзем адчуваць ужо у 2019 годзе?

- Так. Вядома, гэта будзе паступова. Але пры гэтым трэба разумець: у нас і так назапашаная дастаткова шмат пазык. Наш план быў выплачваць толькі 25%, а ўсё астатняе рэфінансаваць. Гэта значыць фактычна браць новыя пазыкі, каб выплаціць старыя. Дык вось нават гэты сціплы план пасля ўвядзення манеўру становіцца пад пагрозу. Таму што зноў жа мы будзем недаатрымліваць вельмі вялікую колькасць нашых даходаў.

- Беларускія ўлады ўжо заявілі, што паспрабуюць мінімізаваць наступствы такой пастановы Расеі. На ваш погляд, якія ёсць варыянты выхаду з сітуацыі?

- Фактычна ёсць тры выхады - змяншаць бюджэтныя выдаткі, зніжаць хуткасць, з якой мы збіраліся аддаваць пазыкі, ці браць новыя пазыкі. Але трэба дакладна разумець, што зменшыць выдаткі так істотна, напэўна, не атрымаецца. Так, добра, што працэс будзе адбывацца не рэзка, але ўсё адно так моцна сціснуць выдаткі не выйдзе. Тым больш што пасля двух гадоў крызісу 2015-2016 гадоў бюджэт і так быў досыць сур'ёзна аптымізаваны. Нейкіх лёгкіх рэсурсаў уразання бюджэту няма. Таму, хутчэй за ўсё, нам давядзецца павольней аддаваць пазыкі або нават іх нарошчваць, нягледзячы на тое, што эканоміка быццам бы цяпер расце і не ў крызісе.

- У нас блізу 60% дзяржаўных прадпрыемстваў. Магчыма, неяк развязаць пытанне за кошт іх продажу?

- Трэба разумець, што многія дзяржаўныя прадпрыемствы сёння закрэдытаваныя. Каб іх прадаць, трэба, каб яны разлічыліся са сваімі пазыкамі. І фактычна выйдзе адно на другое - продаж прадпрыемстваў і выплата пазык. Хацелася б, каб грошы ад продажу дзяржпрадпрыемстваў пайшлі на нейкую больш асэнсаваную мэту. Да прыкладу, на стварэнне назапашвальнага пенсійнага фонду, а не на закрыццё ўзніклых дзірак у бюджэце.

- Калі мы цяпер возьмем курс на хуткія эканамічныя рэформы, гэта дапаможа?

- Гэта выхад, але ён дасць вынік не імгненна. Каб рэформы падзейнічалі, трэба некалькі гадоў, хоць бы 3-5. Калі яны і будуць, то не рэзкімі, а павольнымі і паступовымі. А эфект ад іх будзе яшчэ больш павольным і паступовым. З іншага боку, можна ўспрымаць пастанову Расеі аб падатковым манеўры як саскок з нафтавай іголкі. Магчыма, гэта прымусіць нас пайсці на нейкія вымушаныя рэформы, што ў доўгатэрміновым перыядзе прывядзе да больш моцнай і самастойнай эканомікі.

- Простыя беларусы скажуць, маўляў, ну і што, што дзяржаўная запазычанасць будзе расці, ва ўсіх краін яна расце. Маўляў, не холадна і не горача. Ці адчуем мы наступствы манеўру ў звычайным жыцці?

- На жаль, наступствы адаб'юцца найперш на сацыяльных выдатках. Як мы ўжо казалі, будуць пытанні з ростам заробкаў бюджэтнікаў, а таксама з дапамогамі і пенсіямі. Акрамя таго, грошай можа не ставаць на адукацыю, медыцыну, добраўпарадкаванне. Гэта тыя пазіцыі, паводле якіх гэтае скарачэнне ударыць хутчэй за ўсё. Калі сітуацыя не зменіцца, то варта рыхтавацца да таго, што, да прыкладу, у школах, паліклініках будзе ўсё больш платных паслуг, што пенсіі і дапамогі не будуць расці такімі тэмпамі, як гэтага б хацелася.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках