25 красавiка 2024, Чацвер, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Times: Што робяць расейскія найміты ў Судане?

Times: Што робяць расейскія найміты ў Судане?

РФ можа захраснуць у яшчэ адным замежным канфлікце.

Карэспандэнт Times у Афрыцы распавядае, што ў сталіцы Судана былі заўважаныя расейскамоўныя найміты. Гэта выклікае асцярогу, што Крэмль падтрымлівае прэзідэнта краіны Башыра ў той час, калі па краіне пракацілася хваля антыўрадавых пратэстаў, паведамляе ВВС.

На думку выдання, пратэстная актыўнасць - самая вялікая пагроза, з якой сутыкнулася вайсковая дыктатура Башыра за 30 гадоў ва ўладзе.

Times адзначае, што адпраўка расейскіх наймітаў адбылася ў той час, калі Крэмль шукае магчымасць развіваць гандаль, бяспеку і абарону ў гэтай частцы афрыканскага кантынента.

Расейскія ўлады, са звестак выдання, за апошнія два гады запусцілі энэргетычныя праекты ў Рэспубліцы Конга, Нігерыі і Судане. Таксама расейскія кампаніі ўцягнутыя ў 400-мільённы плацінавы-здабывальны праект у Зімбабвэ, а таксама ў буйны праект у Егіпце і 220-мільённы праект у Гвінеі.

Прэзідэнт Судана, які рэдка з'яўляецца на публіцы, выступіў перад сваімі прыхільнікамі, і, маючы на ўвазе пратэсты, што пачаліся ў мінулым месяцы, заявіў, што не дазволіць зрабіць з Суданам тое, што зрабілі з іншымі краінамі.

У супольнай заяве, зробленай брытанскімі, амерыканскімі, канадскімі і нарвэжскімі дыпламатамі, выяўлялася абурэнне жорсткім прыгнётам мірных дэманстрацый, праведзеных спецслужбамі Судана.

Са спасылкай на апазіцыю краіны Times піша, што заўважаныя ў горадзе найміты працуюць на кампанію "Вагнера", якая праводзіць стратэгічныя і практычныя трэнінгі для суданскай выведкі і спецслужбаў.

У пацвярджэнне сваіх слоў прадстаўнікі апазіцыі прадэманстравалі фатаграфіі дзясяткаў белых мужчын у камуфляжнай форме, якія перасоўваюцца на браняванай тэхніцы і патрулююць антыўрадавыя мітынгі ў Хартуме.

Газета адзначае, што, на думку аналітыкаў, Башыр, як і Башар Асад, хутчэй дапусціць пачатак грамадзянскай вайны, чым адрачэцца ад улады праз страх перад Гаажскім трыбуналам.

У сваім аналізе газета нагадвае, што СССР быў найбуйнейшым пастаўшчыком зброі і кансультантаў у афрыканскія краіны, тады як тыя імкнуліся скінуць кайданы еўрапейскай каланізацыі.

Таксама ў тыя часы Масква эксплуатавала міжэтнічныя супярэчнасці і канфлікты, каб культываваць антызаходнія настроі сярод карэннага насельніцтва афрыканскіх краін.

Але пасля распаду СССР уплыў Масквы ў рэгіёне знік. Цяпер жа, на думку Times, Пуцін, які змагаецца з гегемоніяй ЗША, пачаў зноў развіваць камерцыйныя і абаронныя сувязі з краінамі кантынента. Такая палітыка расейскіх уладаў таксама дапамагае адкрыць гэты рынак для расейскіх кампаній, якія трапілі пад амерыканскія санкцыі.

Так што ў Расеі ёсць усе падставы падтрымліваць кіроўныя рэжымы супраць паўстанцаў і апазіцыі, мяркуе газета.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках