19 лiпеня 2019, Пятніца, 3:33
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Лукашэнка: Я нагадаў Пуціну пра адзіную валюту і органы ўлады

85

Дыктатар абмеркаваў з урадам вынікі перамоваў з кіраўніком РФ.

Лукашэнка 10 студзеня правёў нараду аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага «развіцця інтэграцыйных кірункаў». Пра гэта паведамляе прэс-служба дыктатара.

«Занадта шмат сёння (я аналізую сітуацыю ў нашым грамадстве, ды і ў расейцаў) ідзе размоваў пра аб'яднанне дзвюх дзяржаў. Шмат цяпер з'явілася пытанняў у сувязі з царквой ва Украіне аб аўтакефаліі нашай царквы ў Беларусі», - сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расея ў свой час падпісалі дамову аб стварэнні «саюзнай дзяржавы» і развівалі свае стасункі на падставе гэтых дакументаў. «Мы павінны былі ў свой час прыняць «канстытуцыйны акт», гэта значыць, «канстытуцыю саюзнай дзяржавы», і там усё павінна было быць прапісанае: і органы кіравання, і органы ўлады, і адзіная валюта, палітыка і гэтак далей. Расея адмовілася ў свой час ісці гэтым шляхам. Я гэта нагадаў прэзідэнту Расеі, ён сказаў: «Так, так і было». Паўстае пытанне: што будзем рабіць з саюзнай дамовай? Трэба сядаць за стол і глядзець, што мы разам можам сёння паводле дамовы вызначыць, на што мы разам можам без усякага ціску пайсці», - адзначыў Лукашэнка.

«Год будзе нялёгкі»

Падчас адкрыцця нарады дыктатар нагадаў, што святы скончыліся.

«Няма неабходнасці гаварыць, што святы скончыліся і трэба інтэнсіўна ўключацца ў працу. Год будзе нялёгкі, - адзначыў Лукашэнка. - Няма неабходнасці, бо мы не адпачывалі так, як нашы суседзі, тыдзень-два. Мы даўно прыступілі да працы, таму настроеныя на патрэбны лад».

Падчас нарады дыктатар прапанаваў абмеркаваць пытанні эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Беларусі ў 2019 годзе. «Шмат пра гэта гаворыцца і пра тое, што гэта перадвыбарчы год - гэта сапраўды так. У нас дастаткова пытанняў, якія трэба развязваць лепш, чым яны развязваюцца цяпер», - сказаў дыктатар.

З ягоных слоў, трэба будзе абмеркаваць у тым ліку пытанні, звязаныя з развіццём беларуска-расейскіх стасункаў, узаемадзеяннем краін у фармаце ЕАЭС і АДКБ. Асобную ўвагу дыктатар мае намер надаць вынікам перамоў з прэзідэнтам Расеі, якія адбыліся ў канцы снежня мінулага года.

«Усё гэта падлягае абмеркаванню, каб не было ніякіх разнагалоссяў і, галоўнае, каб у вас не заставалася нейкіх сумневаў з нагоды развязання адчувальных пытанняў для нашай краіны», - дадаў Лукашэнка.