15 кастрычнiка 2019, aўторак, 10:35
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Наспявае новы скандал паміж Менскам і Ерэванам?

7
Наспявае новы скандал паміж Менскам і Ерэванам?

Беларускі комплекс «Навальніца-З» паступіў на ўзбраенне Азербайджана.

10 студзеня азербайджанскае інфармацыйнае агенцтва Armiya.az апублікавала артыкул пад загалоўкам «Беларускі забойца армянскіх БПЛА на ўзбраенні Азербайджанскага войска», піша «Салідарнасць».

У публікацыі паведамляецца, што ў 2018-м на баявое дзяжурства ў азербайджанскім войску заступілі беларускія станцыі радыёэлектроннай барацьбы «Навальніца-З», распрацаваныя ААТ «КБ Радар».

- Выбар Беларусі быў невыпадковы. Па-першае, Беларусь ужо стала нашым традыцыйным вайскова-тэхнічным партнёрам. Па-другое, лідараў нашых краін звязваюць цёплыя, даверныя стасункі, а гэта адыгрывае важную ролю ў міжнароднай палітыцы і тым больш, у вайскова-тэхнічнай сферы. Па-трэцяе, Беларусь, безумоўна, валодае неабходным тэхналагічным і інтэлектуальнымі патэнцыялам для вытворчасці сродкаў радыёлакацыі і радыёэлектроннай барацьбы, - адзначаецца ў публікацыі.

ФОТА: KBRADAR.BY

Комплекс «Навальніца-З» упершыню быў прадэманстраваны 28 кастрычніка 2016 года на аператыўным зборы каманднага складу Узброеных сіл Беларусі, у снежні 2017-га ён паступіў у беларускае войска.

Азербайджанскае агенцтва нагадвае, што падчас VIII Міжнароднай выставы ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX-2017 у Менску 20-22 траўня прадстаўнікі «КБ Радар» паведамлялі аб падпісанні кантракта з адной замежнай краінай на пастаўку «Навальніцы-З».

- І хоць краіна тады не была названая, неўзабаве стала зразумела, што гаворка магла ісці пра Азербайджан - бо ўжо ў чэрвені 2018 года станцыі РЭБ «Навальніца-З» заступілі на баявое дзяжурства ў азербайджанскае войска. У прыватных гутарках з аўтарам гэтых радкоў беларускія вайсковыя экспэрты адзначылі, што такая аператыўнасць тлумачыцца тым, што, хутчэй за ўсё, прадстаўнікі Азербайджана атрымалі пацверджанне характарыстык станцыі РЭБ «Навальніца-З» адразу пасля практычнай эксплуатацыі. Хутчэй за ўсё, яны мелі магчымасць пераканацца ў гэтым асабіста, - гаворыцца ў артыкуле Armiya.az.

Са слоў крыніцы агенцтва, планы на куплю «Навальніцы-З» у Азербайджана былі ўжо ў 2017 годзе.

У каментары Armiya.az беларускі вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін адзначыў, што «Навальніца-З» - адзін з самых сучасных комплексаў РЭБ, які здольны не толькі перарываць сувязь БПЛА з аператарам, але таксама спадарожнікавую навігацыю:

- Нават калі БПЛА кіруецца аўтапілотам, які выкарыстоўвае звесткі спадарожнікавай навігацыі, то станцыя «Навальніца-З» усё адно здольная перапыніць сувязь БПЛА са спадарожнікам і тым самым пазбавіць яго магчымасці ўстанаўліваць дакладныя каардынаты. У такім выпадку многія беспілотнікі проста спыняюць палёт і робяць пасадку, як той казаў, пад сябе. Гэта значыць, гэта адна з самых перадавых сістэм РЭБ.

ФОТА: PRESIDENT.AZ

Мяркуючы з афіцыйнай інфармацыі, апублікаванай на сайце прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, беларускія комплексы РЭБ вытворчасці «КБ Радар» ужо пастаўляліся азербайджанскаму войску. У чэрвені 2018 года Аліеў наведваў адну з вайсковых частак, дзе яго азнаёмілі у тым ліку і са станцыяй перашкод Р-934УМ2 «Навальніца».

Інфармацыя аб пастаўках Азербайджану беларускіх комплексаў РЭБ апублікаваная ў некалькіх блогах. На адным з іх паведамляецца аб комплексах «Навальніца-З», Р-934УМ2 і «Бярэзіна».

«Магчыма, пасля публікацый у Азербайджане мы пачуем каментары ў Менску»

У каментары «Салідарнасці» Аляксандр Алесін адзначыў, што на гэты момант ён валодае інфармацыяй аб пастаўках «Навальніцы-З» Баку толькі з азербайджанскіх крыніц. Пацверджання з беларускага боку экспэрт пакуль не атрымаў.

- Гэта нармальная практыка, калі заказчык да апошняга моманту не публікуе такую інфармацыю. Гэта яго права, - падкрэсліў Алесін. З ягоных слоў, часам заказчык паступае такім чынам, да прыкладу, каб не сапсаваць стасункі з суседзямі.

- Магчыма, пасля публікацый у Азербайджане мы пачуем афіцыйныя каментары і ў Менску, - выказаў меркаванне экспэрт. У ягонай практыцы ўжо былі выпадкі, калі экспэрты ўпершыню даведваліся пра падпісанне угоды ад азербайджанскіх крыніц.

Будзе чарговы скандал?

Беларусь не першы год прадае зброю Азербайджану. Летам мінулага года Баку атрымаў дзесяць ракетных комплексаў «Паланэз», у лістападзе з'явіліся паведамленні пра магчымыя новыя пастаўкі.

Гэта выклікала скандал у дачыненнях Менска і Ерэвана. МЗС Арменіі заявіла, што Ерэван «не можа ставіцца да продажу зброі Азербайджану як да выключна дзелавой угоды».

- Гэта зброя, якая адымае жыцці нашых суайчыннікаў, нашых жаўнераў, грамадзянскага насельніцтва. Гонка ўзбраенняў у нашым рэгіёне вельмі небяспечная. Што да продажу ўзбраенняў Азербайджану з боку Беларусі, то гэта разам з пералічанай вышэй заклапочанасцю таксама ставіць пад сумнеў усю логіку калектыўнай бяспекі, кідае выклік усёй логіцы супрацоўніцтва ў рамках АДКБ і непасрэдным чынам прычыняе шкоду эфектыўнасці і аўтарытэту Арганізацыі», - пракаментавала сітуацыю tut.by прэс прэс-сакратарка МЗС Арменіі Ганна Нагдалян.