19 красавiка 2024, Пятніца, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіста Генадзя Барбарыча аштрафавалі за матэрыял пра «справу БелТА»

4
Журналіста Генадзя Барбарыча аштрафавалі за матэрыял пра «справу БелТА»
ГЕНАДЗЬ БАРБАРЫЧ
ФОТА: БАЖ

Суд разгледзеў ягоную справу завочна.

Карэспандэнта «Радыё Рацыя» Генадзя Барбарыча абвінавацілі ў «падрыхтоўцы для замежнага СМІ без акрэдытацыі МЗС» матэрыялу пра крымінальную справу супраць беларускіх журналістаў, паведамляе сайт «Беларускай асацыяцыі журналістаў» baj.by.

Генадзь Барбарыч распавёў, што на навагоднія святы адправіўся да сваякоў у Берасце. А пасля вяртання ў Менск даведаўся, што 3 студзеня суд Партызанскага раёна завочна разгледзеў справу, якую раней адпраўлялі на дапрацоўку.

Генадзя Барбарыча прызналі вінаватым у быццам бы «парушэнні парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ» (арт.22.9 КаАП) - працы без акрэдытацыі на замежнае медыя.

Журналіст пакараны за падрыхтоўку матэрыялу аб выстаўленні калегам абвінавачванняў паводле так званай «Справы БелТА».

У лістападзе Барбарыч каля будынку Следчага камітэта ўзяў інтэрв'ю ў галоўнай рэдактаркі інфармагенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай, якое з'явілася на сайце «Радыё Рацыя».

Пасля гэтага міліцыя склала супраць журналіста пратакол, у якім абвінавачвала карэспандэнта ў падрыхтоўцы відэасюжэту. Аднак у судзе высветлілася, што ніякага відэа на сайце наогул не было. Справу адправілі на дапрацоўку, а 3 студзеня журналіста ўсё ж аштрафавалі на 35 базавых адзінак (892,5 рубля).

Барбарыч з выракам суда катэгарычна не згодны і збіраецца яго абскарджваць.

Генадзь Барбарыч - вядомы беларускі журналіст. Раней працаваў у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, газеце «Беларусы и рынок», з'яўляецца лаўрэатам прэміі імя Змітра Завадскага.

Усяго паводле падлікаў ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у 2018 годзе журналістаў у Беларусі за такія абвінавачанні штрафавалі не менш за 116 разоў, а агульная сума штрафаў склала 101 993,5 рублёў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках