23 красавiка 2019, aўторак, 16:00
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Як Лукашэнка шукаў альтэрнатыву расейскай нафце

12

Не першы раз дыктатар дае ўказанне дыверсіфікаваць пастаўкі вуглевадародаў.

Учора Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду знайсцi альтэрнатыву расейскай нафце. Прычым ён паказаў напрамак маршруту - парты Літвы або Латвіі, і нават прапанаваў партнёрам дысконт на куплю паліва.

Іншая справа, што ў краінах Балтыі нафта не залягае, яе аднекуль трэба прывезці ў парты. Пакуль жа суд ды справа, tut.by наважыў успомніць, як Менск ужо шукаў альтэрнатыву расейскай нафце, што з гэтага атрымалася і якія шанцы ёсць у будучыні.

Цяпер Беларусь закупляе ў Расеі ўсе 18 млн тон нафты для наступнай перапрацоўкі на двух нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) у Мазыры і Наваполацку. Разам з тым Менск перыядычна заводзіць размовы пра альтэрнатыўную нафту, як толькі ўзнікаюць рознагалоссі з Масквой.

У прынцыпе, нафту на рынку купіць не праблема, ёсць і лагістычныя развязанні ў частцы паставак, і беларускія НПЗ могуць перапрацаваць блізу 18 розных гатункаў, казаў на мінулагодняй канферэнцыі намеснік гендырэктара «Беларускай нафтавай кампаніі» Сяргей Грыб. Пытанне, з ягоных слоў, заўсёды ў эканамічнай абгрунтаванасці.

Пакуль танней абыходзіцца бязмытная расейская нафта. Але ва ўмовах нафтавага манеўру ў РФ сыравіна будзе абыходзіцца Беларусі ўсё даражэй і да 2024 года можа і зусім дасягнуць сусветнага ўзроўню. Аднак, як сцвярджаў Грыб, пастаўкі нафты, альтэрнатыўныя расейскай, прынеслі Беларусі станоўчы досвед. Самы свежы прыклад датычыўся паставак з Ірана.

Іран

У 2017 годзе ў Беларусь былі пастаўленыя дзве партыі іранскай нафты: на 600 і 800 тысяч барэляў. Пастаўкі ажыццяўляліся танкерам да Адэсы, затым па чыгунцы на Мазырскі НПЗ. Хоць першапачаткова, паводле звестак агенцтва Reuters, нафту планавалася паставіць у Адэскі порт або латвійскі Вентспілс, адкуль чыгункаю адправіць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Улетку 2018 году іранскае інфармагенцтва MEHR са спасылкай на амбасадара Ірану ў Беларусі паведаміла, што Тэгеран і Менск дамовіліся аб бартэрнай угодзе «нафта ў абмен на прамысловае абсталяванне». У МЗС і Мінпраме Беларусі тады зняпраўдзілі інфармацыю пра дасягнутыя дамоўленасці. Разам з тым восенню некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў Ірана пабывалі на перамовах у адміністрацыі Лукашэнкі. На сустрэчах прысутнічала і кіраўніцтва канцэрна «Белнафтахім».

Улады Ірана прымаюць захады для змякчэння амерыканскіх санкцый, якія наносяць удар па нафтавым гандлі і валютных аперацыях ісламскай рэспублікі. Між іншым, Іран прапанаваў краінам Афрыкі арганізаваць бартэрны гандаль, змяняючы іранскую нафту на золата.

Варта сказаць, што яшчэ ў 2007 годзе Беларусь абвясціла пра планы па здабычы нафты на іранскім радовішчы Джафеір. Кантракт на 500 млн даляраў быў заключаны паміж «Беларуснафтай» і Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй і прадугледжваў распрацоўку радовішча ў некалькі этапаў. Першы этап быў завершаны ў верасні 2010 года. Аднак «падчас работ былі выяўлены новыя звесткі аб геалагічнай будове радовішча, што абумовіла змяненне тэхнічных і фінансава-эканамічных умоў рэалізацыі праекту», гаварылася ў паведамленні «Беларуснафты». Кампанія наважыла выйсці з гэтага праекта. На думку іранскага боку, Беларусь не выконвала свае абавязанні ў кантракце. «Беларуснафта» абавязвалася здабываць прынамсі 3,5 тысячы барэляў нафты ў дзень, але здабывала менш за 2,8 тысячы барэляў. Плюс да гэтага падаспелі амерыканскія санкцыі за супрацоўніцтва з Іранам у нафтавай сферы.

Венесуэла

У 2010 годзе падчас нафтавага канфлікту, які ўзнік пасля ўвядзення Расеяй экспартных мыт на нафту, Беларусь спрабавала знайсці альтэрнатыву расейскай сыравіны ў Венесуэле.

У выніку быў заключаны двухгадовы кантракт на пастаўку 14 млн тон паміж Беларускай нафтавай кампаніяй і венесуэльскай PDVSA. Але паводле выніку аб'ёмы былі меншыя. У 2010-2011 гг. праз Адэскі порт прайшло амаль 1,5 млн т нафты венесуэльскага і азербайджанскага паходжання, у тым ліку па схеме своп. Разам з тым вядома, што пастаўкі венесуэльскай «Санта-Барбары» былі і праз літоўскую Клайпеду і эстонскі порт Мууга для перапрацоўкі на «Нафтане».

Беларускія ўлады прызнавалі, што выдаткі на транспартаванне нафты з Венесуэлы вельмі вялікія. Затое Расея пайшла Беларусі на саступкі: скасавала мыты і аднавіла пастаўкі нафты. «Пастаўкі нафты з Венесуэлы былі брацкай дапамогай нашай краіне ў патрэбны момант», - казаў у 2012 годзе тагачасны першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

У Венесуэле працавала сумеснае венесуэльска-беларускае прадпрыемства здабычы нафты і газу «Петралера БелаВенесалана» (доля «Беларуснафты» ў СП складае 40%). За перыяд 2008 - 2017 гадоў здабыта больш за 9 млн тон нафты і 6,8 млрд куб. м газу.

Зрэшты, апошнім часам эканамічныя стасункі паміж краінамі былі ўскладненыя праз праблемы з разлікамі.

Цікава, што цяпер віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Ляшэнка, які курыруе паліўна-энэргетычны комплекс, знаходзіцца ў Венесуэле. Як сказана ў паведамленні прэс-службы ўрада, ён браў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўступлення на пасаду прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура. У гэты ж дзень адбылася сустрэча Ляшэнкі і Мадура.

Азербайджан

У 2016 годзе Беларусь аднавіла пастаўкі нафты з Азербайджана праз Адэскі марскі порт. Паводле звестак Reuters, Беларусь імпартавала ў агульнай складанасці 560 тысяч тон сырой нафты гатункаў Azeri Light і CPC Blend. Аднак пра далейшыя пастаўкі не было інфармацыі.

Менск прапанаваў за азербайджанскую нафту досыць нізкі кошт, таму Баку вымушаны быў адмовіць у далейшым супрацоўніцтве. Такую заяву зрабіў кіраўнік Цэнтра нафтавых даследаванняў Ільхам Шабан у лютым 2017 года.

Разам з тым Азербайджан за апошнія гады стаў надзейным партнёрам і спажыўцом беларускай вайсковай тэхнікі. Нельга выключаць, што да гэтай тэмы падключыцца і нафта.

Казахстан

Казахстан гатовы пастаўляць у Беларусь нафту, але не мае такой магчымасці, заявіў пасол гэтай краіны восенню 2018 года Ермухамет Ертысбаеў.

«У нас няма агульнай мяжы. Калі б яна была, мы б даўно вырашылі гэтую праблему з пастаўкамі нафты ў Беларусі. Але паміж намі ляжыць велічэзная расейская тэрыторыя, - сказаў ён. - Мы гатовыя хоць заўтра, але як патрапіць у гэтую трубу і давесці да вашага НПЗ? Нашы нафтавікі даўно гатовыя пастаўляць, але кажуць, што зайсці сюды проста не могуць».

У канцы мінулага года стала вядома, што Казахстан плануе прадаваць бензін у Беларусь для недапушчэння затаварвання рынку пасля мадэрнізацыі трох НПЗ рэспублікі. У «Белнафтахіме» растлумачылі, што абмяркоўваюць магчымасць імпарту нафтапрадуктаў з Казахстана з мэтай дазагрузкі другасных працэсаў на НПЗ, іх продаж на ўнутраным рынку не плануецца.

У кастрычніку Казахстан і Расея падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб узаемадзеянні ў паліўна-энэргетычным комплексе. Папраўкі тычыліся зняцця эмбарга на пастаўкі казахстанскага бензіну ў краіны СНД.

Тым часам «Беларуснафта» адрапартавала аб рэкорднай здабычы нафты ў Беларусі і Расеі ў 2018 годзе.

Дзяржкампанія здабыла 1,67 млн тонаў чорнага золата на айчынных радовішчах, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам за апошнія 7 гадоў. У 2019 годзе «Беларуснафта» мае намер захаваць гэтую дынаміку і здабыць 1,69 млн тон нафты. Кампанія разлічвае выйсці на ўстойлівы трэнд пераадолення дысбалансу, калі здабыча перавышала прырост запасаў нафты. Забяспечыць такі вынік павінны беларускія геолагі, якія зоймуцца павелічэннем каэфіцыента нафтааддачы, даразведку і пошукавае-разведачнае бурэнне.