18 красавiка 2024, Чацвер, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як бяспечна акунуцца ў палонку на Вадохрышча: рэкамендацыі ратавальнікаў

13
Як бяспечна акунуцца ў палонку на Вадохрышча: рэкамендацыі ратавальнікаў
ФОТА: TUT.BY

Акунанне ў ледзяную палонку звязана з вялікім стрэсам для арганізма, таму варта разумна ацаніць свае сілы.

Як мінімізаваць рызыку для здароўя, распавялі БелТА ў МНС.

Хворыя людзі павінны пачакаць з акунаннем у палонку. Варта памятаць, што пры такім холадзе абвастраюцца і хранічныя захворванні. У групе рызыкі - дзеці, якія не ведалі да гэтага пра гартаванне, людзі з гіпертаніяй, дыябетам, сухотамі, а таксама цяжарныя жанчыны.

За пару гадзін да выхаду з дому варта добра паесці. Важна надаць увагу выбару гардэроба. Трэба падрыхтаваць не толькі цёплую і зручную вопратку, але і такую, што хутка расшпільваецца і зашпільваецца - каб не замерзнуць, выйшаўшы з вады.

Не варта забываць пра шапку. Пажадана ўзяць гумовы кілімок, на які можна стаць пры пераапрананні.

«Хадзіць па лёдзе басанож - вельмі сумнеўны навык, так што захапіце пару максімальна шыпаванага абутку, што лёгка здымаецца. Як варыянт - цёплыя шарсцяныя шкарпэткі», - дадалі ў МНС.

Пры акунанні не варта залазіць пад ваду з галавой - сасуды галаўнога мозгу наўрад ці гатовыя да такога шоку. Шок ад холаду - рэальная з'ява і праблема, якая ўзнікае праз імклівую страту тэмпературы цела.

«Разам з тым не бойцеся і адразу заходзьце ў ваду на патрэбную глыбіню, але лепш не плавайце, бо праз холад і так пачашчаецца сэрцабіцце. Агулам у палонцы непажадана знаходзіцца больш за 1 хвіліну», - рэкамендуюць ратавальнікі.

Выйшаўшы з палонкі, трэба сагрэцца: расцерці сябе ручніком, пераапрануцца ва ўсё сухое, выпіць гарачага напою.

Алкаголь лепш выключыць зусім. Першыя прыкметы таго, што арганізм знаходзіцца ў стане шоку, - дрыжыкі, ссінелая скура, вусны, балеснасць пальцаў рук і ног. Калі ўсё гэта праяўляецца ў лёгкай ступені, дапаможа фізкультура.

На месцах купання будуць дзяжурыць медыцынскія брыгады, да якіх можна звярнуцца пры пагаршэнні стану. Акрамя таго, у МНС нагадалі: купанне дзяцей павінна праходзіць толькі пад наглядам бацькоў ці дарослых. Заходзіць за спецыяльныя агароджы, прыводзіць з сабой жывёл і скакаць з натоўпам сяброў на краі палонкі забаронена.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках