20 красавiка 2024, Субота, 4:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Легенда беларускага супраціву

6
Легенда беларускага супраціву

Гісторыя самай масавай і моцнай моладзевай арганізацыі ў найноўшай гісторыі Беларусі.

14 студзеня 2001 года, у самым пачатку новага тысячагоддзя сорак маладых людзей сабраліся ў Белавежскай пушчы, каб стварыць новы рух. Рух людзей, якія больш не жадалі трываць вар'яцкія ўчынкі хворага дыктатара і яго світы. Рух людзей, якія хацелі жыць у незалежнай, моцнай і свабоднай Беларусі. Так узнік «Зубр» - самая яркая, масавая і моцная моладзевая арганізацыя ў найноўшай гісторыі Беларусі, піша Telegram-канал «Баста!».

«Мы адмаўляем гвалт. Наш шлях - негвалтоўны супраціў рэжыму. Мы не дзелім грамадзян Беларусі на сваіх і чужых. Мы роўныя адзін перад адным, і кожны з нас можа ўплываць на прыняцце пастаноў. Мы ведаем, што толькі праз асабістую мужнасць можна дасягнуць перамогі», - гаварылася ў першых улётках, якія распаўсюджвалі «зубры».

Негвалтоўнасць, салідарнасць і асабістая мужнасць сталі галоўнымі прынцыпамі новага руху. «Зубр» уяўляў сабой аўтаномна дзейсныя групы. У руху не было дакладнай іерархіі і фармальнага лідара.

За адну ноч сцены дзясяткаў гарадоў Беларусі былі пакрытыя надпісамі «Зубр». На вуліцах з'явіліся тысячы яркіх каляровых стыкераў. Грамадству загадалі загадку, на якую не было гатовага адказу. Але ўсе спрачаліся і казалі пра гэта. У газетах выказваліся розныя меркаванні і здагадкі.

Праз месяц пасля сустрэчы ў Белавежскай пушчы «Зубр» абвясціў аб прэс-канферэнцыі, на якую прыйшлі прадстаўнікі ўсіх беларускіх і акрэдытаваных у Менску замежных СМІ. Да помніка беларускаму патрыёту Марату Казею выйшаў спартыўнага выгляду малады чалавек, зачытаў Мемарандум «Зубра», аддаў яго прэсе і пайшоў, не адказаўшы ні на адно пытанне. Усе газеты напісалі пра незвычайную прэс-канферэнцыю. Чакалі вядомых і парадкам усім дакучлівых палітыкаў, якія заявяць аб стварэнні чарговай кааліцыі. У газетах ужо былі набраныя дзяжурныя нарыхтоўкі, закліканыя паяхіднічаць над новай ініцыятывай. Але прыйшлося ўсё перапісваць - інтрыга працягвалася і ніхто па-ранейшаму не мог даць адназначнага адказу на пытанне: «Што такое «Зубр»?

6 сакавіка 2001 года краіна даведалася пра тое, што вулічныя акцыі могуць выглядаць зусім інакш. Рэпартаж «Радыё Рацыя»:

«Усяго паўгадзіны доўжылася акцыя руху «Зубр» у цэнтры Менска. Маладыя людзі сталі ўздоўж праспекта Скарыны з партрэтамі палітыкаў, зніклых за гады кіравання Лукашэнкі.

«Зубры» шакіравалі ўсіх прысутных сваёй акцыяй. Ніхто не чакаў, што ў адно імгненне блізу сотні людзей устане ўздоўж галоўнай магістралі ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Акцыя доўжылася не больш за паўгадзіны, і скончылася таксама нечакана, як і пачалася. Не толькі журналісты, але і супрацоўнікі міліцыі не здагадваліся пра характар і месца яе правядзення.

Гэтая акцыя выразна кантрастуе з іншымі мерапрыемствамі апазіцыі. Можна меркаваць, што нетрадыцыйныя спосабы барацьбы за дэмакратыю прыцягнуць мноства людзей у «Зубр». Застаецца толькі здагадвацца, які сюрпрыз падрыхтуюць сябры гэтага руху наступным разам».

«Дзе зніклыя праціўнікі Лукашэнкі?»: гэта было першае пытанне, якое «зубры» задалі рэжыму. Неўзабаве пасля акцыі 6 сакавіка тысячы графіці з'явіліся па ўсёй краіне. Многія з іх рабіліся публічна. Вясновым днём велізарныя графіці «Дзе Ганчар?», «Дзе Завадскі?», «Дзе Захаранка?», «Дзе Красоўскі?» у прысутнасці журналістаў былі нанесеныя ўздоўж праспекта Машэрава, па якім штодня ездзіў дыктатар. Улады імкнуліся зафарбаваць надпісы, але ў ЖЭСаў неўзабаве скончыліся сродкі на фарбу. У «зуброў» жа фарба была.

Адной з самых яркіх акцый 2001 года стаўся «Канчатковы дыягназ». «Народна-псіхалагічнае гулянне» прайшло 21 красавіка ў сталічным парку Горкага. Галоўнай тэмай стаў дыягназ «Умерана выяўленая мазаічная псіхапатыя з перавагаю рысаў паранаідальнага і дыссацыяльнага разладу асобы», пастаўлены Аляксандру Лукашэнку лекарам-псіхіятрам Дзмітрыем Шчыгельскім раней.

«Калі вы блытаеце Шапэнгаўэра з Кальтэнбрунерам, калі вы аддаеце перавагу спаць не ў піжаме, а ў бронекамізэльцы, калі вам паўсюль мрояцца шпіёны, калі ў вас з сяброў засталіся толькі лыжы, калі вы адчуваеце, што сышлі з розуму, але дагэтуль займаеце крэсла начальніка - вас вылечыць доктар Зубр!», - гаварылася ў запрашальным буклеце.

Акцыя стала хітом года. Ніколі раней у Беларусі палітычныя мерапрыемствы не праводзіліся ў выглядзе перфоманса. Міліцыя, таксама ўпершыню сутыкнулася з такой з'явай, знаходзілася ў разгубленасці, не ведаючы як рэагаваць на тое, што адбываецца. Ва ўказаны ва ўлётках і налепках час у розных частках парку разгарнуліся атракцыёны і імправізаваныя тэатральныя паказы. Адны «зубры», апрануўшы вусатыя маскі, каталіся па асфальце на лыжах, іншыя, апрануўшы белыя медыцынскія халаты, ганяліся за імі, вылоўлівалі і ставілі канчатковы дыягназ.

Можна было, апрануўшы вусатую маску, паўдзельнічаць у конкурсе «Крык-4» - закрычаць у мегафон як мага страшней, каб натоўп вызначыў пераможцу. Таксама ўсім ахвочым прымераць маску прапаноўвалася згуляць у настольны хакей або, узяўшы пластмасавую дзіцячую клюшку згуляць у любімую гульню дыктатара з санітарамі.

У адзін момант двое вусатых лыжнікаў разбегшыся па асфальце скокнулі ў халодную красавіцкую ваду ракі Свіслач, зладзіўшы лыжны заплыў. Міліцыя вылоўлівала «шалёных дыктатараў» ужо на супрацьлеглым беразе.

Масавыя затрыманні пачаліся толькі пасля таго, як некалькі «зуброў» разгарнулі расцяжку з надпісам «Скажам дурню - не!», а яшчэ адзін зачытаў у мегафон кароткую палымяную прамову.

Гэтая акцыя стала каталізатарам. Ва ўсёй краіне маладыя людзі даставалі старыя лыжы, іншыя знаходзілі белыя халаты. У злоў шалёнага вусатага лыжніка ўключыліся сотні маладых людзей.

Галоўная задача акцыі была дасягнутая - людзі пераставалі баяцца. Любая дыктатура стварае так званую «спіраль змаўчання» - калі большасць, якая выступае супраць дыктатара проста не верыць у свае сілы і, больш за тое, не ведае, што яна большасць. Назіраючы за «прасоўваннем» па асфальце вусачоў, смяяліся нават міліцыянты. Рэжым доўга не ведаў, як змагацца з новай незвычайнай формай моладзевага пратэсту, што разбурала страх перад магчымымі рэпрэсіямі.

За пяць месяцаў існавання рэйтынг «Зубра» паводле звестак, міжнароднага рэспубліканскага інстытута ЗША стаў вышэйшым, чым у любой няўрадавай, моладзевай арганізацыі, палітычнай партыі, грамадзянскай ініцыятывы краіны. Пра рух даведаліся 60% беларусаў. Сярод моладзі гэты рэйтынг быў значна вышэйшы.

Валанцёрская сетка «Зубра» да таго часу дзейнічала ў 152 населеных пунктах краіны і распаўсюджвала да 2 мільёнаў адзінак друкаванай прадукцыі ў тыдзень.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках