18 лiпеня 2019, Чацвер, 23:24
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Немецкая волна»: Пратэст у Берасці сарваў тэрміны будаўніцтва завода

6
Фота: Deutsche Welle

Чаго дамагліся праціўнікі АКБ за год пратэстаў.

Жыхары Берасця і навакольных вёсак ужо год дамагаюцца адмовы ад будаўніцтва акумулятарнага завода, баючыся негатыўных наступстваў для экалогіі. Чаго ім удалося дасягнуць - у рэпартажы «Немецкой волны».

На галоўнай плошчы Берасця 13 студзеня чарговым разам сабраліся праціўнікі з'яўлення ў ваколіцах горада акумулятарнага завода. Такія сустрэчы з нагоды «кармлення галубоў» праходзяць у Берасці кожную нядзелю і сталі сімвалам пратэсту мясцовых жыхароў, якія ўжо больш за год спрабуюць дамагчыся спынення будаўніцтва экалагічна небяспечнай вытворчасці побач з горадам.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода, які будуецца ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» недалёка ад мясцовага аэрапорта, пачалася ў студзені 2018 года. Тады жыхары Берасця і навакольных вёсак упершыню даведаліся, што на новым заводзе кампанія «АйПауэр» беларускага бізнэсоўца Віктара Лемяшэўскага будзе выпускаць свінцова-кіслотныя акумулятарныя батарэі для аўтамабіляў. У перспектыве плануецца вырабляць цягавыя і індустрыяльныя батарэі для прамысловага падлогавага транспарту і крыніцы бесперабойнага сілкавання.

Абмеркавання праекта няма, парушэнні ёсць

Першапачаткова жыхары турбаваліся праз адсутнасць шырокага грамадскага абмеркавання праекта, якое павінна было прайсці яшчэ да пачатку будаўніцтва. Фармальна такое абмеркаванне было праведзенае, але ніводнай заўвагі ў адрас уладаў не было. Мясцовых жыхароў гэта не здзівіла: кароткую інфармацыю аб будучай будоўлі апублікавалі ў газеце, якая мела на той момант наклад 3400 асобнікаў.

«Калі мы сталі цікавіцца гэтай тэмай, то высветлілася, што працэдура грамадскіх абмеркаванняў праводзілася па дакументацыі, якая распрацоўвалася для прадпрыемства магутнасцю ў адзін мільён акумулятарных батарэй ў год, - распавядае Дзям'ян Лепясевіч, чый зямельны ўчастак размешчаны за кіламетр ад будучага завода. - Аднак пасля высветлілася, што на прадпрыемстве збіраюцца вырабляць да 2 мільёнаў батарэй».

Пры павелічэнні магутнасці ўдвая ўзрастае і колькасць выкідаў свінцу, які па сваім уздзеянні адносіцца да першага класа небяспечных рэчываў. «У такім выпадку закон прадпісвае распрацоўку новай праектнай дакументацыі і правядзенне новых грамадскіх абмеркаванняў», - кажа Лепясевіч.

Пратэст сарваў тэрміны будаўніцтва завода

Гэта толькі адзін з выяўленых фактаў, і ўвесь мінулы год ініцыятыўная група, якая выступае супраць з'яўлення шкоднай вытворчасці ў ваколіцах Берасця, спрабавала пераканаць улады перагледзець сваё рашэнне. У адказ прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прызнаў, што такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі, але назваў асцярогі перабольшанымі. Ён таксама нагадаў, што новыя вытворчасці развязваюць праблемы занятасці ў рэгіёне.

У адміністрацыі новага завода раней паведамлялі, што на першым этапе да канца 2018 года будзе працаўладкавана блізу 150 чалавек. Аднак гэтага не здарылася. Пасля таго, як актывісты з Берасця апублікавалі новыя факты парушэнняў пры падрыхтоўцы да будаўніцтва, намесніца міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна паведаміла, што праектная дакументацыя адкліканая праектыроўшчыкам для паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспэртызы. Фактычна гэта азначае перанос тэрмінаў уводу прадпрыемства ў эксплуатацыю.

Улады забаранілі некалькі дзясяткаў акцый пратэсту

Мясцовыя ўлады спачатку спрабавалі зняць праблемныя пытанні з дапамогай прэс-канферэнцый і сустрэч з грамадскасцю, у далейшым сталі змагацца з пратэстнымі настроямі, забараняючы легальныя масавыя мерапрыемствы.

Са слоў праваабаронцы Рамана Кісляка, на працягу года былі пададзеныя заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 44 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый, аднак улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка адбыўся мітынг «берасцейкі супраць свінцу», на які сабралася блізу двух тысяч чалавек. У студзені сёлета берасцейскі гарвыканкам забараніў яшчэ дзве акцыі, спаслаўшыся на правядзенне ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў (толькі там берасцейскія ўлады дазваляюць мітынгаваць) «раней запланаваных мерапрыемстваў».

Са слоў прадстаўніка ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Бекалюка, галоўным дасягненнем мінулага года стала тое, што людзі навучыліся пісьменна бараніць свае правы. Актывісты не чакалі такога грамадскага рэзанансу. «Год таму мы ставілі перад сабой лакальныя мэты і нават уявіць не маглі, што справа прыме такія маштабы. Першы выхад на плошчу «пакарміць галубоў» наогул успрымаўся так, быццам людзі ішлі ў турму здавацца», - распавёў Дзмітрый Бекалюк.

У выніку грамадзянская кампанія супраць з'яўлення каля Берасця небяспечнага з экалагічнай пункту гледжання прадпрыемства стала адной з самых запамінальных падзей 2018 гадоў агулам у Беларусі і прэтэндавала на Нацыянальную прэміі беларускіх праваабаронцаў у намінацыі «Найлепшая праваабарончая ініцыятыва года». Актывісты мяркуюць, што 2019 год стане вырашальным у іх барацьбе з акумулятарным заводам, бо з'яўляецца новая інфармацыя пра парушэнні, якія звязаны з будаўніцтвам.