24 красавiка 2024, Серада, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Шлындзікаў: Мы становімся неканкурэнтнымі не толькі ў вырошчванні бульбы

6
Васіль Шлындзікаў: Мы становімся неканкурэнтнымі не толькі ў вырошчванні бульбы
ВАСІЛЬ ШЛЫНДЗІКАЎ

Бульба - гэта маркер стану эканомікі.

Былы гендырэктар канцэрна «Амкадор», эканаміст Васіль Шлындзікаў расказаў «Салідарнасці», як атрымалася, што кураціна і бульбачка аказаліся лідарамі росту коштаў летась.

Паводле звестак Белстата, бульба за 2018 год вырасла ў кошце на 19,2%, а куры сталі даражэйшымі на 21,5%.

- Мы становімся неканкурэнтнымі не толькі ў вырошчванні бульбы. Бульба - гэта маркер стану эканомікі, - адзначыў экспэрт у экспрэс-каментары. - Калгасная сістэма, дзяржаўная ўласнасць, архаічная сістэма кіравання ў краіне, велізарная надбудова, якая заклікана кіраваць тым жа аграпрамам. Колькі там усяго непатрэбнага... Райвыканкамы, міліцыю трэба ўтрымліваць, і ўсё гэта ўплывае на кошт бульбы, якую выкапалі сяляне, якія атрымалі за сваю працу капейкі.

На думку Васіля Шлындзікава, неабгрунтаваны рост коштаў сельгаспрадукцыі будзе працягвацца датуль, пакуль не зменяцца эканамічныя стасункі ў краіне, а гэта магчыма толькі пры змене палітычнай сістэмы.

- Што казаць, калі мы не можам вырасціць ні цыбулю, ні часнок - кітайскія прывозім. Тое ж тычыцца буракоў і морквы. Мы бульбу вязём з Егіпта - пакуль яшчэ ёсць валюта і не зусім згалелі. Прыйдзе час, калі не будзе за што. А дзе ўзяць валюту, калі Расея зрабіла адзін манеўр нафтавы, потым яшчэ што прыдумае, - разважае эканаміст. - У нас нічога не расце, акрамя бульбы. Ёсць яблыкі, але іх падзець няма куды, усё гніе. За столькі гадоў так і не прыдумалі, што рабіць з імі. Нікому яны, высвятляецца, і за дарма не патрэбныя. Лепш польскія прывезці.

Васіль Шлындзікаў падкрэслівае: беларускі народ атрымаў тое, за што вельмі моцна змагаўся ў свой час.

- Не хацелі ніякіх змен. Хацелі, каб у нас быў сацыялізм. У нас няма рынку і канкурэнцыі. Пры рынкавай эканоміцы ў нас было б столькі бульбы, што мы б не ведалі, куды яе падзець. Яна магла б даражэць, але з аб'ектыўных прычын: праз павышэнне коштаў паліва, электраэнэргіі або газу.

Кажучы пра павышэнне коштаў кураціны, Васіль Шлындзікаў нагадаў пра гучную крымінальную справу гендырэктаркі Віцебскай бройлернай фабрыкі Ганны Шарэйкі.

- Яе пракуроры вучылі, як трэба курэй вырошчваць, чым карміць, каб не было непрыемнасцяў. Іх можна павіншаваць. Іх рэкамендацыі ўлічаныя, таму ўсё стала даражэй, - выказаўся эканаміст.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках