19 красавiка 2024, Пятніца, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герасіменя пра радыё «Спорт FM»: З намі валаводзілі некалькі месяцаў

16
Герасіменя пра радыё «Спорт FM»: З намі валаводзілі некалькі месяцаў

Чаму адміністрацыя Лукашэнкі не дала дазвол на з'яўленне новай радыёстанцыі.

Упершыню пра магчымае з'яўленне першай беларускай спартыўнай радыёстанцыі загаварылі яшчэ ў кастрычніку. З тых часоў паспелі прызначыць дырэктара, агучыць імя фундатара, расказаць пра заснавальніка і нават падлічыць выдаткі на першым часе і бюджэт. Актыўны ўдзел у стварэнні «Спорт FM» - так хацелі назваць радыёстанцыю - брала алімпійская чэмпіёнка ў біятлоне Надзея Скардзіна і прызёрка Алімпійскіх гульняў у плаванні Аляксандра Герасіменя. Здавалася б, прабіўная кампанія.

Справа заставалася за малым: атрымаць ліцэнзію і радыёхвалі. Звычайна гэты працэс не вельмі хуткі, таму ў Мінінфарме параілі спартоўка звярнуцца па дапамогу ў адміністрацыю Лукашэнкі. Яшчэ ў кастрычніку дзяўчаты прыслухаліся да рэкамендацыі ў разліку на тое, што кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміцца з праектам і ўхваліць яго. У выніку адказу чакалі аж да 31 снежня і атрымалі не ўхваленне, а адмову.

Пра гэта ў праграме «Тыдзень спорту» на СТВ распавяла Надзея Скардзіна (пазней з праграмай сталі адбывацца дзіўныя рэчы). Чаму праект не ўхвалілі і што будзе з ім далей, «Трыбуне» распавяла Аляксандра Герасіменя.

- Днямі вы атрымалі адмову з адміністрацыі Лукашэнкі. Гэта азначае, што праект згортваецца?

- Хочацца верыць, што не. Хутчэй за ўсё, найбліжэйшым часам будзем збірацца і абмяркоўваць далейшы лёс праекта. Цяпер часіна святаў, таму трошкі адклалі ў бок справы, але мы не збіраемся здавацца. Праект, напраўду, вельмі добры, цікавы і, што самае важнае, карысны. Думаю, яшчэ пазмагаемся за яго.

- То бок, гэта яшчэ не канчатковая кропка. Якія ёсць выхады з гэтай сітуацыі?

- Спадзяюся, кропка не канчатковая. Калі б тыя, хто даваў адмову, хаця б пабачылі наш офіс... Паглядзелі, наколькі сур'ёзна мы рыхтуемся да рэалізацыі праекта, наколькі гатовыя цяпер, і толькі потым ацэньвалі б перспектывы... Дакладней, скажам так: былі б зацікаўлены ў тым, каб убачыць і паглядзець. Тады, напэўна, і вынік быў бы іншым.

- Разумееце, чаму атрымалі адмову

- Напэўна, камусьці не зусім спадабалася, што мы хочам зрабіць такі праект. Складана адказаць, чаму ўсё ж такі прыйшла адмова з адміністрацыі. Бо я не бачу ніводнай прычыны казаць «не», вось што галоўнае. Мабыць, умяшаліся нейкія асабістыя матывы, якія не далі магчымасці нашаму праекту рэалізавацца.

- Можа, вы прасілі фінансавую дапамогу, і ў гэтым хаваецца прычына адмовы?

- Не, мы нічога не прасілі. У тым і справа, ёсць гатовы праект, у якім фактычна ўжо шмат зроблена, ёсць імкненне і далей развіваць, але не стае толькі станоўчага адказу. Разумееце, людзі гатовыя рабіць усё самі, цалкам узяць на сябе выдаткі, а затым з'яўляюцца непрадбачаныя абставіны.

- Пра што тады пісалі ў лісце?

- Мы цалкам, у дэталях, апісалі наш праект. Патлумачылі, што збіраемся рабіць, як, за кошт чаго, чаму і дзе. Здавалася, не павінна было ўзнікнуць ніводнага пытання, але на жаль.

- Адказ меў якія-небудзь тлумачэнні?

- Не, прычым даслалі яго ў напярэдадні Новага года.

- Як адрэагавалі на адмову?

- Натуральна, не ўзрадавалася. Усё ж мы выдаткавалі столькі сіл, часу, нерваў. Сапраўды імкнуліся і выкладваліся напоўніцу. Не разумею, навошта было так доўга цягнуць з адказам, калі ўсё адно адмовілі. Нам жа павінны былі даслаць адказ цягам месяца, але, фактычна, пратэрмінавалі ўсе тэрміны. З намі валаводзілі некалькі месяцаў проста, каб сказаць «не»? Неяк гэта зусім непрыгожа і няправільна. Паводле заканадаўства яны парушылі ўсе правілы.

- Намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі з'яўляецца Максім Рыжанкоў, у свой час былы памочнікам кіраўніка дзяржавы ў пытаннях спорту. Вы камунікавалі з ім на тэму радыёстанцыі? Можа, ён спрабаваў дапамагчы?

- У той момант, калі патрэбна была дапамога, яго акурат не было. Калі не памыляюся, ён лётаў некуды. Але гэта ж не Максім Уладзіміравіч прымае пастанову!

Хочацца верыць, што цяпер наш праект больш дэталёва разгледзяць. Убачаць, што мы хочам зрабіць, для чаго, і што з гэтага выйдзе.

- Без дазволу адміністрацыі Лукашэнкі ніяк не абысціся?

- На жаль, не. У нас усе СМІ кантралююцца.

- Як спонсар рэагуе на гэтую сітуацыю? Па-ранейшаму гатовы ўкладваць свае сродкі?

- Паверце, фундатар перажывае не менш за нас. Мы ўжо некалькі месяцаў працуем, плацім за арэнду офіса, заробак персаналу і, у прынцыпе, нясём немалыя выдаткі. Але зноў жа, паўтаруся: як пройдуць усе святы будзем зноўку сустракацца і размаўляць. Затым ужо можна будзе рабіць якія-небудзь высновы.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках