25 красавiка 2024, Чацвер, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Подзвіг Яна Палаха

2
Подзвіг Яна Палаха

50 гадоў таму студэнт Карлавага ўніверсітэта выйшаў на плошчу ў цэнтры Прагі.

50 гадоў таму чэшскі студэнт Ян Палах коштам уласнага жыцця на доўгія гады прыцягнуў увагу да гвалтоўнага здушэння «пражскай вясны». 16 студзеня 1969 ён спаліў сябе на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславакіі ў жніўні 1968 года, піша svaboda.org.

16 студзеня 1969 году студэнт філасофскага факультэта Карлавага ўніверсітэта ў Празе Ян Палах выйшаў на Вацлаўскую плошчу ў цэнтры сталіцы тагачаснай Чэхаславакіі, падышоў да паштовай скрыні і кінуў туды некалькі лістоў, потым падняўся вышэй, да Нацыянальнага музея, абліў сябе бензінам і падпаліў.

Кадр з мастацкага фільма чэскага рэжысэра Робэрта Седлачка «Як Палах». Фільм зьняты паводле рэальных падзеяў

Усё адбылося вокамгненна, жывая постаць ператварылася ў жывую паходню, Ян Палах яшчэ здолеў прабегчы некалькі метраў і затым упаў. Праз некалькі дзён, 19 студзеня ад апёкаў Ян Палах памёр.

У адным з дасланых лістоў Ян напісаў, што пасля акупацыі краіны войскамі Варшаўскай дамовы ягоны народ «апынуўся на краі безнадзейнасці», таму ён надумаў такім спосабам абудзіць суайчыннікаў.

Яшчэ ў адной пакінутай цыдулцы ён выказаў патрабаванні: скасаваць цэнзуру і распаўсюджванне хлусні, а таксама, ведаючы метады камуністычнай Службы дзяржаўнай бяспекі, адзначыў, што дзейнічаў свядома і прадумана.

З успамінаў медсястры Ліяны Ганусавай, якая даглядала Палаха ў апёкавым аддзяленні лякарні, студэнт заставаўся да самай смерці ў прытомнасці і цікавіўся рэакцыяй грамадскасці.

«Рэакцыя была велізарнай не толькі ў Чэхаславакіі, але і за мяжой. Пра Палаха казаў, напрыклад, Папа Рымскі і шэраг іншых сусветных палітыкаў», - пацвярджае гісторык з чэшскага Інстытута вывучэння злачынстваў таталітарызму Пётр Блажэк.

Пахаванне Яна Палаха выліліся ў маштабную пратэстную дэманстрацыю ў падтрымку свабоды і дэмакратыі, на якую не пабаяліся прыйсці тысячы людзей, яго імя стала сімвалам супрацьстаяння падуладнаму Маскве камуністычнаму рэжыму.

Служба дзяржбяспекі адразу пасля смерці Палаха пачала распаўсюджваць улёткі, у якіх спрабавала дыскрэдытаваць яго, распавёў Пётр Блажэк.

«Яны пачалі распаўсюджваць дэзінфармацыю на паштоўках, іх раскідвалі нібыта невядомыя асобы, але гэта былі працаўнікі Службы бяспекі, якія супрацоўнічалі з савецкімі органамі, - распавядае гісторык. - Сёння мы ўжо ведаем, што савецкае кіраўніцтва выказвала сваю незадаволенасць працай Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. Цягам некалькіх дзён пасля самаспалення Яна Палаха яны патрабавалі пакласці канец вулічным беспарадкам. Але рэальна Чэхаславацкая Служба бяспекі пачала расследаваць справу Яна Палаха толькі ў першыя ўгодкі самаспалення, калі людзі стыхійна пачалі ўспамінаць студэнта, прыходзіць на ягоную магілу».

Вуліца ў гарадку Вшэтаты, на якой жыў Ян Палах

Служба дзяржаўнай бяспекі камуністычнай Чэхаславакіі завяла спецыяльную справу пад назвай «Магіла», дамагаючыся перавозкі праху Яна Палаха з Прагі ў ягоны родны гарадок Вшэтаты непадалёк Прагі. Увосень 1973-га рэжым свайго дамогся.

Усе змяніў 1989 год. У студзені, у дзень 20-годдзя самаспалення Яна Палаха, на мітынгу яго памяці ў Празе выступіў Вацлаў Гавэл - і быў зноў арыштаваны камуністычнымі ўладамі. Прычына - кветкі, якія Гавэл спрабаваў пакласці на месца самаспалення Палаха. Але традыцыя, распачатая адным вялікім чэхам у памяць пра іншае, жыве і цяпер.

Прэзыдэнт Чэхаславаччыны Вацлаў Гавэл адкрывае ў 1999 годзе бюст Яна Палаха

Штогод у студзені ў Чэхіі праводзіцца Тыдзень памяці Яна Палаха, штогод на месца самаспалення пражскага студэнта нясуць кветкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках