28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія МАЗы выратавалі «лятучага галандца» і ўвайшлі ў дзясятку найлепшых на «Дакары»

8
Беларускія МАЗы выратавалі «лятучага галандца» і ўвайшлі ў дзясятку найлепшых на «Дакары»

Прыгоды беларусаў на восьмым этапе гонкі.

Два беларускія экіпажы шчасна пераадолелі восьмы этап ралі-рэйду «Дакар-2019». Яшчэ адзін МАЗ - пад кіраваннем Аляксея Вішнеўскага - прапусціў заезд, бо не паспеў дабрацца да месца старту пасля начлегу ў пустыні, распавялі tut.by у прэс-службе ААТ «МАЗ».

Восьмы этап прывёў экіпажы ў горад Піска. Да гэтага ім давялося пераадолець 360 км спецыяльнага адцінку. Гоншчыкі сутыкнуліся з горнымі дарогамі, дзюнамі і «феш-фешам». Нейкіх сур'ёзных цяжкасцяў у беларусаў маршрут не выклікаў.

«Этап складаўся з двух участкаў: першы быў хуткасным, другі ўключаў 200 км з дзюнамі. На адным з пясчаных спускаў злёгку захраслі, але выкараскаліся за хвіліны тры. Следам ішоў Эдуард Нікалаеў, які таксама "падсеў", але, як высветлілася, надоўга - хвілін на 40, - распавёў кіраўнік каманды і пілот Сяргей Вязовіч. - Дзесьці ў сярэдзіне адцінка ўбачылі экіпаж Iveco пад кіраваннем галандца Жэрара дэ Роя, які захрас на піку. Прынялі пастанову яго «сарваць»: так было і прасцей, і бяспечней, і высакародней. Бліжэй да фінішу ён нас здагнаў і зноў спыніўся. Агулам, праехалі этап ўпэўнена. Цяпер нашая мэта - вярнуцца ў топ-5 экіпажаў».

Сяргей Вязовіч паказаў трэці час - крыху больш за 5 гадзін. Пераможцам заезду стаў расеец Дзмітрый Сотнікаў, які быў хутчэй на 22 хвіліны. Ён жа цяпер узначальвае генеральную класіфікацыю, зрушыўшы на другое месца Эдуарда Мікалаева. Беларускі экіпаж ідзе сёмым з адставаннем 6 гадзін 8 хвілін.

МАЗ Аляксандра Васілеўскага фінішаваў на этапе дзявятым. Яго час - 5 гадзін 38 хвілін, адставанне - адна гадзіна. Такую ж пазіцыю займае экіпаж у агульным заліку, саступаючы лідару гонкі 9 гадзін 30 хвілін.

Экіпаж Аляксея Вішнеўскага пасля начлегу ў пустыні здолеў даехаць да фінішу папярэдняга этапу ў адведзены час, аднак спазніўся на старт восьмага спецыяльнага адцінка. У выніку экіпаж будзе стартаваць адразу з дзявятага заезду.

Дзявяты этап пройдзе вакол горада Піска. Пасля невялікага ліазона гоншчыкаў чакае спецыяльны адцінак даўжынёй 311 км. Зноў экіпажам трэба будзе змагацца з пяскамі і дзюнамі.

Марафон «Дакар-2019» праходзіць па тэрыторыі Перу. Ралі-рэйд зойме 11 дзён і закончыцца 17 студзеня ў Ліме. Гоншчыкам трэба будзе праехаць блізу 5 тысяч км. Больш за палову маршруту пралягае праз пясчаныя трасы з вялізнымі дзюнамі ды іншымі перашкодамі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках