19 красавiка 2024, Пятніца, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі пакуль нястрымныя ў Мельбурне

1
Беларускі пакуль нястрымныя ў Мельбурне

Сабаленка і Сасновіч лёгка выйшлі ў наступнае кола.

Агляд выступу беларускіх тэнісістак на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ад «Трыбуны».

Не злуйце Сабаленку

У першых раўндах турніру Арына Сабаленка запар і побач гуляе з моладдзю. У стартавым паядынку беларуска адолела 20-гадовую расейку Калінскую. У другім коле Арыну чакала брытанка Болтэр (№97 WTA), якой 22 гады. У выпадку перамогі Сабаленка выходзіла на яшчэ больш маладую спаборніцу - амерыканку з расейскімі каранямі Анісімаву, якой толькі ў гэтым годзе споўніцца 18.

Каб падолець першую ракетку Беларусі, якая знаходзіцца ў добрай форме (перамога на турніры ў Шэньчжэне таму пацвярджэнне), аднаго моладзевага запалу мала. Неабходная яшчэ добрая гульня і досвед такіх сустрэч. Брак у гэтых кампанентах быў відавочны ў Калінскай, гэта ж перашкодзіла і Болтэр. Брытанка прымудрылася раззлаваць беларуску ўжо ў першым гейме, здзейсніўшы брэйк. Няўдача на старце прымусіла Сабаленку лепш сканцэнтравацца, асабліва на сваёй падачы. Да канца сустрэчы на сваіх розыгрышах Арына аддала Болтэр усяго 12 мячоў у 9 геймах. Вядома, пра брэйк спаборніцы і гаворкі ісці не магло.

Зрэшты, Сабаленцы ўсё адно трэба было браць геймы на чужой падачы. Нашая тэнісістка выдатна спраўлялася з пастаўленай задачай. У першым сэце Арына здабыла 71 адсотак балаў на другой падачы брытанкі. Нядзіўна, што беларуская тэнісістка двойчы здзейсніла брэйк і ўзяла першую партыю 6:3.

У другім сэце гульня не змянілася. Сабаленка дзейнічала ў звыклым для сябе стылі, без праблем забіраючы сваю падачу. Для перамогі хапіла аднаго брэйка ў заключнай партыі. Далей была справа тэхнікі: сэт застаўся за Арынай - 6:4. Сабаленцы спатрэбілася 75 хвілін. Анісімай не застаецца нічога іншага, як прыходзіць у жах перад матчам з беларускай.

Хто спыніць Сасновіч?

У другім раўндзе на АТ Аляксандру чакала значна больш сур'ёзная спаборніца, чым Фліпкенс - 20-я ракетка планеты Анэт Кантавейт. Эстонка з'яўляецца нязручным апанентам для Сасновіч: перш Анэт перамагала ў чатырох з шасці вочных паядынкаў. Але калі беларуская тэнісістка набірае ход, спыніць яе вельмі складана.

Сасновіч лепш падавала, менш памылялася, добра гуляла на сваёй падачы і нядрэнна дзейнічала на прыёме. Да такой гульні спаборніцы Кантавейт проста была негатовая. Па псіхалогіі эстонкі балюча ўдарыў сёмы гейм. Пры ліку 3:3 на чужой падачы Кантавейт мела пяць брэйкаў, ніводзін з якіх рэалізаваць не здолела. Сасновіч хутка скарысталася расчараваннем Анэт, выйграўшы пакінутыя геймы ў сэце.

У другой партыі почырк гульні практычна не змяніўся. Аляксандра без праблем брала сваю падачу. На прыёме Сасновіч таксама дзейнічала ўпэўнена, здабываючы дзве траціны мячоў на другой падачы Кантавейт. Двойчы зрабіўшы брэйк у другім сэце, Аляксандра лёгкай дамаглася перамогі 6:3, 6:3.

«Я рада, што гэтым не скончыцца. Сёння атрымаўся добры матч. Я шмат разоў гуляла супраць Анэт - яна рэальна добрая тэнісістка. Цяпер гляджу наперад - на мой наступны матч. У чым сакрэт поспеху? Псіхалогія. Плюс праца з маім трэнерам. Ён дапамагае не толькі ў плане псіхалогіі, але і ва ўсіх кампанентах падрыхтоўкі да гульняў. Мне вельмі прыемна, што за мяне так заўзеюць у Беларусі. Людзі падымаюцца а пятай раніцы, каб паглядзець мае матчы. Дзякуй вам за гэта», - такімі былі словы Сасновіч адразу пасля матчу.

Цяпер Аляксандра пачынае падрыхтоўку да паядынку супраць Насты Паўлючэнкавай (№44 WTA), якую раней перамагчы не ўдавалася. Дзяўчыны сустракаліся двойчы ў мінулым сезоне, і абодва разы верх брала расейка.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках