22 сакавiка 2019, Пятніца, 20:19
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Іван Бяльчук: Сапраўдны гаспадар будзе супрацьстаяць сістэме

3
Іван Бяльчук
Фота: «Радыё Свабода»

Фермер-бунтаўнік працягвае змагацца з міліцыяй.

Бацька Аляксандра і Мікалая Бяльчукоў з Маларыцкага раёна, якія патрапілі пад крымільны пераслед за тое, што баранілі сваю ўласнасць, распавёў, як цяжка сёння гаспадару змагацца з дзяржавай, перадае racyja.com.

Нагадаем: у снежні 2016 года выйшаў з СІЗА ў Брэсце маларыцкі фермер Мікалай Бяльчук, які адбыў пакаранне двухмесячным арыштам за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі.

Такі прысуд быў вынесены Берасцейскім раённым судом за канфлікт з супрацоўнікам ДАІ ў 2014 годзе. Таксама адбываў пакаранне і брат Мікалая – Аляксандр Бяльчук.

Яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянерам, які ён быццам бы ўчыніў 12 кастрычніка, калі амапаўцы забіралі Мікалая па месцы жыхарства ў вёсцы Арлянка Маларыцкага раёна.

У выніку Аляскандр быў асуджаны на тры месяцы арышту за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі і нанясенне яму цялесных пашкоджанняў. Браты баранілі свой самаробны трактар, які збіраліся забраць супрацоўнікі ДАІ.

Іван Бяльчук: У нашай сям’і заўсёды было прынята, што чалавек павінен добра працаваць, каб нешта мець. Не было ў нас лайдакоў, усе цягнуліся да зямлі і да працы. Іншая справа, што сёння сапраўднаму гаспадару вельмі складана супрацьстаяць сістэме і прадстаўнікам дзяржавы, якія часам лічаць, што гэта не ты гаспадар, а яны. Таму і ўзнік некалькі гадоў таму канфлікт.

- Тая гісторыя ўжо ў мінулым. А як сёння працуецца вам і вашым дзецям?

- Няпроста. Напрыклад, у мяне адбылася з-за зямлі канфліктная сітуацыя. Два разы звяртаўся ў Вярхоўны суд, каб знайсці праўду, але ўсё дарэмна. А пачалося з таго, што мне афіцыйна далі гектар зямлі, выдалі пасведчанне аб рэгістрацыі. Вырабіў гэтую зямлю, колькі працы на гэта пайшло! І ўсё было законна. А затым сусед самавольна пабудаваў на маім участку гаспадарчую пабудову. Я пачаў паўсюль скардзіцца, каб прыбралі будынак, але ў выніку рэгістрацыю майго зямельнага ўчастка наогул прызналі незаконным. Маўляў, яго памылкова зарэгістравалі, хаця там памылкі ніякай не было. А зараз стала вядома, што той самы ўчастак, які я вырабіў, сельскі савет будзе выстаўляць на аукцыён. Колькі не скардзіўся – безвынікова.

- У вашага сына Аляксандра, наколькі вядома, таксама вялікая гаспадарка.

- Каля 60 галоў рагатай скаціны, шмат гектараў зямлі. Але таксама праблемы з мясцовымі ўладамі. Ён не так даўно напісаў ліст, прасіў у сувязі з павелічэннем пагалоўя даць участак, які знаходзіцца ў карыстанні сельскага савета. Адмовілі ў сувязі з тым, што, маўляў, участак перададзены ў часовае карыстанне мясцоваму калгасу. А пасля даведаўся, што гэтую зямлю калгас аддае нейкаму невядомаму фермеру. Не шануе мясцовае начальства, чыноўнікі сапраўдных гаспадароў. Вельмі складана працаваць.