29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гісторыю Беларусі» ў ВНУ хочуць замяніць на іншы прадмет

15
«Гісторыю Беларусі» ў ВНУ хочуць замяніць на іншы прадмет

«Гісторыю Беларусі» хочуць замянiць падручнiкам ад каманды «дэпутата» Марзалюка.

Ва ўнівэрсытэтах Беларусі можа зьявіцца курс гісторыі беларускай дзяржаўнасьці з падручнікамі ад каманды пад кіраўніцтвам «дэпутата» Марзалюка», піша БелТА. Ці рашэньне канчатковае, невядома.

Адзін з аўтараў манаграфіі «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці» прафэсар Валянцін Голубеў заявіў, што гісторыю беларускай дзяржаўнасьці будуць выкладаць замест гісторыі Беларусі «з наступнага году, хутчэй за ўсё», — «гэта амаль вырашана». Паводле Голубева, на гэта дадуць нават больш навучальных гадзінаў, чым было на гісторыю Беларусі.

Пытаньне разглядалася на радзе рэктараў ВНУ, расказаў акадэмік-сакратар Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў Акадэміі навук Аляксандар Каваленя. Паводле яго, «сёньня ўжо можна казаць аб тым, што такі курс ухвалены дэканамі і рэктарамі нашых ВНУ», і першы варыянт праграмы ўжо разгледжаны, паведамляе «Радыё Свабода».

Міністэрства адукацыі і Нацыянальны інстытут адукацыі пра такія пляны пакуль не паведамлялі. Але пра пляны што да прадметаў расказала ня толькі БелТА, але і іншыя дзяржаўныя СМІ.

На момант публікацыі быў выдадзены першы з 5 тамоў «Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці» — толькі на расейскай мове накладам 500 асобнікаў. Пазьней плянуецца выданьне па-беларуску.

Акрамя яго, асобны калектыў аўтараў на чале з «дэпутатам» Ігарам Марзалюком рыхтуе падручнік гісторыі беларускай дзяржаўнасьці. Марзалюка называюць «галоўным гісторыкам» у дзяржаўных структурах за актыўнасьць у гістарычнай галіне (ён, напрыклад, адмаўляе «беларускасьць» паўстаньня Каліноўскага) і наяўнасьці «рэсурсаў для лабіяваньня пэўных ідэяў».

Аб гісторыі беларускай дзяржаўнасьці адносна нядаўна разважаў Лукашэнка: ён згадваў Полацкае княства як «гістарычную калыску» беларускай дзяржаўнасьці, але не разабраўся з гістарычнай роляй Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тымчасам орган ягонай адміністрацыі газэта «Беларусь сегодня» вырашыла адлічваць беларускую незалежнасьць ад 1994 году — заявіўшы, што да Лукашэнкі фактычна не было беларускай незалежнасьці.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках