19 красавiка 2024, Пятніца, 21:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка паклаў вока на зімбабвійскія алмазы і золата?

19
Лукашэнка паклаў вока на зімбабвійскія алмазы і золата?

Планы дыктатара пад пагрозай зрыву.

Дыктатар прыме ў сябе прэзідэнта па мянушцы «кракадзіл», хоць у афрыканскай краіне бушуюць масавыя беспарадкі. Чаго дамагаецца Лукашэнка?

17 студзеня ў Менску беларускі дыктатар правядзе перамовы з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвэ. Пакуль для шырокай публікі краіны аб'ядноўвае ў асноўным тое, што ў апублікаваным часопісам The Economist «Індэксе дэмакратыі 2018» яны знаходзяцца ў апошняй групе на суседніх месцах.

Udf.by распавядае, чаму кіраўнікі дзвюх краін вызначылі перайсці да актыўнага супрацоўніцтва.

На што разлічвае Лукашэнка?

У апошні год паведамлялася, што Беларусь будзе пастаўляць у Зімбабвэ розную тэхніку і абсталяванне, дапамагаць будаваць дарогі, развіваць інфраструктуру, прамысловасць і энэргетыку. Восенню мінулага года было абвешчана аб падпісанні кантрактаў амаль на 60 мільёнаў даляраў.

Напраўду гэта мала што значыць. Праблема ў тым, што Зімбабвэ даўно перажывае крызіс і недахоп замежнай валюты. Іншымі словамі, краіне амаль няма чым расплачвацца за імпарт.

Прэзідэнт Зімбабвэ прыляцеў у Менск з Масквы, напярэдадні візіту ў Расею Мнангагвэ заявіў:

«У нас бракуе фінансавай моцы, каб купляць, што мы хочам. Так што цяпер нам трэба, каб Расейская Федэрацыя дапамагла росту нашай эканомікі, каб у нас былі сродкі купляць, што мы хочам, у Расеі».

Можна дапусціць, што Расея сапраўды можа дапамагчы Зімбабвэ крэдытамі, але ў Беларусі такой магчымасці быццам бы няма. Аднак летась «загадчык гаспадаркі» адміністрацыі Лукашэнкі Віктар Шэйман двойчы наведаў афрыканскую краіну, і з некаторых ягоных выказванняў можна зразумець, на што насамрэч разлічваюць беларускія ўлады.

Шэйман заяўляў, што краіны вызначылі стварыць супольнае прадпрыемства ў горнай здабычы, а таксама распрацоўваць нейкае радовішча. Пры гэтым вядома, што ў Зімбабвэ здабываюць алмазы, золата і нафту. У адным з афіцыйных паведамленняў паказвалася, што Беларусь супрацоўнічае з афрыканскай краінай у золатаздабыўной прамысловасці.

У нашай краіне таксама ёсць прадпрыемства «Крышталь», якое займаецца апрацоўкай і вытворчасцю штучных алмазаў з пастаўленай сыравіны.

Чаму надзея беларускіх уладаў разбагацець узмацнілася?

На днях падчас візіту ў Маскву прэзідэнт Зімбабвэ запрасіў вярнуцца ў краіну расейскую алмазаздабыўную кампанію «АЛРОСА». Некалькі гадоў таму там была праведзеная рэформа ў кансалідацыі алмазаздабыўной прамысловасці і стварэнні адзінай дзяржкампаніі, аднак пасля гэтага фінансавыя вынікі значна пагоршыліся.

Хто ведае, можа ўслед за расейцамі ў Зімбабвэ запросяць на радовішча і беларусаў?

Чаму ўсё можа сарвацца?

Пасля бяскроўнага перавароту восенню 2017 года, калі дыктатара Роберта Мугабэ змяніў 76-гадовы Эмерсан Мнангагвэ па мянушцы «кракадзіл», краіна перажывае перыяд нестабільнасці.

Улетку мінулага года падчас прэзідэнцкай кампаніі на Мнангагвэ быў учынены замах. Калі ён выступаў з прамовай на мітынгу, прагрымеў выбух, у выніку якога некалькі чалавек пасля сканалі.

Візіт прэзідэнта Зімбабвэ ў Беларусь праходзіць на фоне кровапралітных сутычак у краіне праз рост кошту бензіну, які падаражэў удвая. Мясцовыя жыхары перакрываюць дарогі з дапамогай барыкад з падпаленых покрывак, ужо арыштаваныя сотні чалавек, ёсць забітыя.

Ад'езд прэзідэнта многіх абурыў у Зімбабвэ, там мяркуюць, што яму цяпер варта было б заняцца развязаннем крызіснай сітуацыі.

Перашкодзіць ажыццяўленню дамоўленасцей з Менскам можа не толькі эканамічны крызіс і змяненне ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Зімбабвэ застаецца вельмі карумпаванай краінай, што абяцае праблемы на розных узроўнях і падчас усіх этапаў работы беларусаў у Афрыцы.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках