25 красавiка 2024, Чацвер, 10:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Брагіна запатрабаваў праверыць «дармаедскі» дэкрэт на канстытуцыйнасць

11
Жыхар Брагіна запатрабаваў праверыць «дармаедскі» дэкрэт на канстытуцыйнасць
АРХІЎНАЕ ФОТА

Уладзімір Тэрэмецкі атрымаў «ліст шчасця» ў канцы снежня.

52-гадовы жыхар Брагіна Уладзімір Тэрэмецкі атрымаў «ліст шчасця» ў канцы снежня. Мужчына шэсць гадоў прапрацаваў юрыстам у камунгасе, пасля чаго перайшоў вартаўніком на станцыю абезжалезвання. Год таму яго скарацілі, і з таго часу новую занятасць знайсці не ўдалося. Засталося крыху часу, каб пацвердзіць занятасць, аднак мужчына пакуль не звяртаўся ў камісію, піша tut.by.

Складанасць, з якой сутыкнуўся Уладзімір, - адсутнасць вакансій з «больш-менш годным заробкам».

- Пасля скарачэння я шукаў працу і прыходзіў у мясцовае кіраванне. Але мне прапаноўвалі 150-200 рублёў. Вартаўніком я атрымліваў дзесьці 300 рублёў, але там працаваў дзень праз тры, - успамінае мужчына.

Уладзімір тлумачыць, што пакуль павелічэнне тарыфаў яго не датычыць - у доме няма падагрэву вады, толькі газавыя калонкі. Павышэнне закране сям'ю толькі ў кастрычніку.

Мужчына напісаў два лісты 29 снежня ў Брагінскі райвыканкам і Гомельскі аблвыканкам, але «адказу яшчэ не было». Там ён просіць выключыць яго з базы дармаедаў, а таксама патрабуе праверыць дэкрэт на канстытуцыйнасць праз «прымусу да працы». Акрамя гэтага Уладзіміра хвалюе, што яго звесткі патрапяць у агульнадаступную базу, якой змогуць скарыстацца розныя дзяржорганы.

Пакуль ёсць шанец, што ўдасца даказаць сваю «занятасць у эканоміцы»: у мужчыны за 20 км ад Брагіна ёсць дом, які застаўся ад маці, і 50 гектараў зямлі. Цяпер Уладзімір там трымае гаспадарку: сочыць за агародам і падкормлівае курэй. Так як у горадзе няма працы, ён ездзіць на дачу практычна кожны дзень. Цяпер адзіны сямейны даход - заробак жонкі, якая працуе загадчыцай аптэкі. Жанчына атрымлівае прыкладна 800-900 рублёў у месяц.

У сям'і ёсць сын, які другі год навучаецца ў Польшчы. Уладзімір мяркуе, што яму таксама можа прыйсці апавяшчэнне. Калі гэта здарыцца, мужчыне давядзецца перакладаць даведку, якая пацвярджае навучанне, што абыдзецца прыкладна ў 30 рублёў.

- Ён дасылаў такі дакумент для ваенкамата - я яго туды занёс, каб пацвердзіць трохгадовую вучобу. Гэтая паперка - на польскай мове. Каб перакласці, мне трэба ехаць у Гомель да перакладчыка, 15 рублёў плаціць. Потым прывозіць у Брагін, каб натарыус зацвердзіў, таксама 15 рублёў плаціць. Я не працую. Дзе гэтыя грошы ўзяць?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках