17 лютага 2019, Нядзеля, 13:46
Захаваць «Хартыю»! Стаць нацыяй!
Рубрыкі

Леанід Судаленка пра «дармаедаў»: Даць кожнаму рыдлёўку ў зубы выявілася складана

31
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Чыноўнікі зарабілі чарговы «галаўны боль».

Паводле звестак міністэрства ЖКГ, у 2018 годзе беларусы агулам кампенсавалі 76,3% кошту ЖКП. Гэта азначае, што тарыфы для «незанятых у эканоміцы» могуць павялічыцца амаль на чвэрць, піша праваабаронца Леанід Судаленка ў «Фэйсбуку».

Тут важна памятаць, што ёсць дзве катэгорыі «не занятых» - гэта аплатнікі ЖКП і іх сямейнікі. Да аплатнікаў, нагадаю, закон залічвае ўласніка, наймальніка альбо арандатара жылога памяшкання. Мяркуецца, што менавіта такога «не занятага» аплатніка закране будучае падвышэнне аплаты за падагрэў гарачай вады. Тут як бы ўсё больш-менш лагічна.

А вось што рабіць з «не занятымі» сямейнікамі аплатніка. Як быць тут? Лічыльнік гарачай вады ў кватэры адзін! Яны ж могуць, пражываючы супольна з аплатнікам гарачай вадой не карыстацца. Або карыстацца толькі па чацвяргах. Або заявяць, што падагравалі ваду для сваіх патрэб газам з ранейшым коштам.

Нагадаю, Лукашэнка летась заявіў: «Мы раздзялілі людзей па персаналіях: хто можа, але не хоча, хто хоча, але не можа, і тых, якім трэба рыдлёўку ў зубы - і пайшоў працаваць. Хай на мяне не крыўдзяцца. Я думаў, што 300 тысяч, а ў нас 540 тысяч беспрацоўных, якія падпадаюць пад трэці дэкрэт».

У палітычным складніку трэцяга дэкрэта і жадання ўлады кантраляваць усіх «не занятых» ніхто не сумняваецца. А вось што рабіць на практыцы? Як падзяліць спажываную гарачую ваду па лічыльніку паміж «занятым», напрыклад, аплатнікам ЖКП і «незанятым» ягоным сямейнікам? Чыноўнікі налічылі паўмільёна «не занятых у эканоміцы» ці кожнага 10-га працаздольнага беларуса. А вось колькі з іх з'яўляюцца аплатнікамі, а колькі іх сямейнікамі, нам не сказалі!

Напрыклад, на падагрэў вады ў кватэры 48 кв. м было выдаткавана 0,6 Гкал. У ёй зарэгістраваныя тры чалавекі. Аплатнік не заняты ў эканоміцы, астатнія занятыя. Сума дзеліцца на тры, налічэнне платы будзе рабіцца за 0,4 Гкал субсідаванымі тарыфамі, за 0,2 - эканамічна абгрунтаванымі. А як быць, калі наадварот - аплатнік «заняты», а астатнія сямейнікі «не занятыя?»

Я пакуль адказу на гэтае пытанне не бачу. Думаю, гэта ёсць самы вялікі «галаўны боль» чыноўнікаў ад ЖКГ, якія з калькулятарамі ў руках цяпер рыхтуюць «незанятым» рахункі. Даць кожнаму рыдлёўку ў зубы на практыцы выявілася не проста...