16 красавiка 2024, aўторак, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка: Трэба думаць пра плюсы і мінусы ўвядзення адзінай валюты з Расеяй

31
Сямашка: Трэба думаць пра плюсы і мінусы ўвядзення адзінай валюты з Расеяй

Паглыбленне «эканамічнай інтэграцыі» Расеі і Беларусі можа заняць паўтара-два гады.

Кіраўніцтва Беларусі перакананае ў тым, што Масква і Менск урэгулююць рознагалоссі ў нафтагазавай сферы. Пра гэта заявіў ТАСС беларускі пасол у РФ Уладзімір Сямашка.

«На жаль, склалася дрэнная практыка, што ў канцы года ў нас перыядычна ўзнікаюць нафтагазавыя пытанні, на фоне чаго і ўзнікае абвастрэнне, — сказаў ён. - Але гісторыя паказвае, што мы заўсёды знаходзілі магчымасці іх урэгулявання. Лукашэнка падчас апошняга візіту ў РФ сказаў, што мы сур'ёзна прасунуліся наперад у перагаворным працэсе, паразуменне паглыбілася і ў наступны раз мы развяжам гэтыя праблемы. У Лукашэнкі ёсць абсалютная перакананасць у гэтым»

«Я не думаю, што ёсць пагаршэнне ў дачыненнях, асобныя расейскія СМІ перабольшылі вядомыя разыходжанні ў падыходах дзвюх краін», — адзначыў пасол у адказе на пытанне, ці ёсць нейкія падставы ў спекуляцый аб пагаршэнні стасункаў Масквы і Менска ў апошнія месяцы.

РФ і Беларусь вядуць перамовы аб працы беларускага нафтаперапрацоўчага сектара ў варунках падатковага манеўру, які праводзіцца Расеяй і прывядзе да падаражання нафты для беларускіх НПЗ. Менск хацеў бы атрымаць ад Масквы кампенсацыю праз пагаршэнне сітуацыі.

Галоўная задача

Сямашка назваў прыярытэтам сваёй працы ў Маскве выпраўленне адмоўнага для Менска балансу замежнага гандлю паміж дзвюма краінамі.

«Лукашэнка, фактычна, паставіў асноўную задачу: трэба ўсё зрабіць для таго, каб выправіць рэзка адмоўнае сальда [узаемнага гандлю з боку Беларусі]. У нас замежныя запазычанасці складаюць блізу 40% ВУП. Гэта яшчэ не небяспечны ўзровень, але блізка да гэтага, у асноўным, за кошт таго, што мы маем адмоўнае гандлёвае сальда з Расеяй», - сказаў ён ТАСС у адказе на пытанне, якія галоўныя задачы перад ім паставіў Лукашэнка.

«За першыя 10 месяцаў 2018 года адмоўнае сальда ў параўнанні з першымі 10 месяцамі 2017 года вырасла на $3,5 млрд за кошт таго, што нафта і нафтапрадукты істотна падаражэлі. У выпадку рэалізацыі цалкам падатковага манеўру мы вымушаныя будзем пераплачваць яшчэ $3 млрд штогод», - адзначыў пасол. «Што тычыцца кошту газу, мы ставім пытанне аб тым, каб у канчатковым выніку, да моманту стварэння адзінага рынку энэрганосьбітаў у 2025 годзе, мы прыйшлі да кошту, блізкага да расейскага», - дадаў ён.

З іншага боку, са слоў дыпламата, з мэтай мінімізацыі адмоўнага сальда супольнымі намаганнямі неабходна развязаць праблему недыскрымінацыйнага прасоўвання беларускага тавару на расейскім рынку. «Гэта ж не справа, калі расейскі Рассельгаснагляд уводзіць санкцыі, у выніку чаго зменшыліся пастаўкі нашай мяса-малочнай прадукцыі на $650 млн, ёсць пытанні і з пастаўкай тэхнікі», — сказаў Сямашка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Расея для вырашэння гэтых задач могуць ініцыяваць розныя супольныя праекты. З ягоных слоў, у якасці пілотных вызначаныя сем базавых прадпрыемстваў: з расейскага боку — Растсельмаш, КамАЗ, ГАЗ і Кіраўскі трактарны завод, з беларускага - МТЗ, МАЗ і Гомсельмаш. «Давайце прааналізуем, у якіх варунках яны працуюць у нас і ў вас, і створым роўныя ўмовы, праз некалькі гадоў ацэнім вынікі іх працы. У выніку пераможа канчатковы спажывец, а значыць, нашы дзве дзяржавы агулам», - падкрэсліў дыпламат.

Паглыбленне інтэграцыі

Выхад на развязанні ў паглыбленні эканамічнай інтэграцыі Расеі і Беларусі можа заняць, «магчыма, паўтара-два гады», заявіў беларускі пасол.

Як адзначыў Сямашка, РФ і Беларусь павінны ў найбліжэйшыя гады працаваць адразу ў некалькіх кірунках, адзін з асноўных - супрацоўніцтва ў рамках «Саюзнай дзяржавы».

«Мы шмат ужо зрабілі - у адукацыі, медыцыне, свабодным перамяшчэнні грамадзян, у іншых кірунках. Разам з тым абодва бакі прызнаюць, што ёсць пэўныя праблемы ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Для аналізу выканання дамовы, выпрацоўкі прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расейскай інтэграцыі створаная група пад старшынствам міністра эканомікі Беларусі Дзмітрыя Крутога і міністра эканамічнага развіцця Расеі Максіма Арэшкіна», — сказаў ён.

«Трэба дакладна вызначыцца, што з дамовы аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» 1999 года выкананае, што зробленае не цалкам, якія раздзелы страцілі актуальнасць, якія моманты, важныя для саюзнай інтэграцыі, наадварот, зусім не адлюстраваныя ў гэтым дакуменце альбо маюць патрэбу ў дэталізацыі. Трэба думаць пра плюсы і мінусы ўвядзення адзінай валюты, адзінага эмісійнага цэнтра, адзінага падатковага кодэкса. Але гэта ўсё складаныя пытанні», — канстатаваў Сямашка.

«Так, напрыклад, што тычыцца ўніфікацыі падаткаабкладання, трэба прымаць да ўвагі, што ў нас розная структура напаўняльнасці бюджэтаў. У вас [у Расеі] пераважаюць нафту і газ, у нас - вытворчасць, БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ», — дадаў ён.

Уладзімір Сямашка быў прызначаны паслом Беларусі ў Маскве ў лістападзе 2018 года. Да гэтага ён займаў пасады міністра энэргетыкі Беларусі (2001-2003), першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі (2003-2014) і намесніка прэм'ер-міністра Беларусі (2014-2018).

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках