19 красавiка 2024, Пятніца, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародныя прафзвязы заклікалі перанесці Еўрагульні з Менска

10
Міжнародныя прафзвязы заклікалі перанесці Еўрагульні з Менска

Беларускія ўлады імкнуцца ўзаконіць свой рэжым з дапамогай спартыўных спаборніцтваў.

Глабальны звяз IndustriALL, Міжнародная канфедэрацыя прафзвязаў, еўрапейскае аддзяленне IndustriALL і Еўрапейскай канфедэрацыі прафзвязаў праз "справу БелТА" і "справы прафзвязу РЭП" заклікалі Камісію правядзення Еўрапейскіх гульняў пры кантактах з уладамі Беларусі падняць пытанне аб палітычных зняволеных у гэтай краіне, смела асудзіць пераследы журналістаў і прафзвязаў, а таксама разгледзець магчымасць пераносу гульняў у іншую краіну.

На думку міжнародных арганізацый, перанос гульняў у іншую краіну праз абуральныя парушэнні свабоды слова, свабоды асацыяцыі і правоў чалавека і прафзвязаў – паслужыць магутным сігналам для беларускіх уладаў, што павінна прымусіць іх палепшыць сітуацыю з правамі чалавека і прафзвязаў. Praca-by.info публікуе пераклад поўнага тэксту звароту:

Старшыні каардынацыйнай камісіі правядзення

Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў г.Менску

Заклік да пераносу Еўрапейскіх гульняў у святле парушэнняў правоў чалавека і прафзвязаў у Беларусі

Паважаны спадар Капралос!

Мы звяртаемся да вас, як старшыні каардынацыйнай камісіі правядзення Еўрапейскіх гульняў 2019 у Менску, ад імя Глабальнага саюза IndustriALL, Міжнароднай канфедэрацыі прафзвязаў (МКП), Еўрапейскага аддзялення IndustriALL і Еўрапейскай канфедэрацыі прафзвязаў (ЕКП) у сувязі з незаконнымі затрыманнямі журналістаў і правядзенні ператрусаў у офісах незалежных інфармацыйных агенцтваў у Беларусі летам мінулага года, а таксама з працягам парушэнняў правоў прафзвязаў.

Названыя затрыманні - гэта відавочныя парушэнні свабоды слова ў Беларусі. На жаль, гэта не першы выпадак, калі недзяржаўныя арганізацыі (НДА) сутыкаюцца з такой самаўпраўнасцю ў Беларусі.

Шэраг прафзвязаў у Беларусі - чальцы нашых канфедэрацый, таксама сутыкаюцца з сур'ёзнымі абмежаваннямі пры ажыццяўленні сваіх правоў, права на свабоду асацыяцыі. Яшчэ ў 2000 годзе гэтыя прафзвязы падалі спецыяльную скаргу ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП), якая стварыла спецыяльную камісію расследавання. Камісія вынесла ўраду Беларусі шэраг рэкамендацый, якія ён дагэтуль не выканаў. З тых часоў паводзіны ўрада рэгулярна правяраюцца з боку МАП на прадмет нядобрасумленнай практыкі і спроб маніпуляваць правамі працоўных.

У жніўні 2018 года, калі журналісты былі затрыманыя, улады арганізавалі яшчэ адну справу супраць тых, хто не згодны з афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай. У выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва былі асуджаныя нашы калегі, лідары Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (прафзвязу РЭП) Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік.

Судовы працэс паводле так званай "справы прафзвязу" доўжыўся 13 дзён і яшчэ раз давёў, што ўлады не паважаюць асноўныя правы і свабоды сваіх грамадзян. На працягу ўсяго судовага разбору, са слоў адвакатаў і назіральнікаў з IndustriALL, а таксама іншых сведак, паводле гэтай справы не было пададзена ніякіх дакладных або законных довадаў. Тым не менш, Савецкі раённы суд горада Менска прызнаў абодвух лідараў вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, наклаў на іх штраф сумай 47 560 беларускіх рублёў (блізу 20 000 еўраў), чатырохгадовае абмежаванне волі з умоўным турэмным зняволеннем і забарону на занятак кіроўных пасад на пяць гадоў.

Мы мяркуем, што пастанова суда палітычна матываваная і накіраваная для ціску на кіраўніцтва прафзвязу з мэтай падарваць яго дзейнасць і перашкодзіць яго актыўнаму ўдзелу ў жыцці грамадства.

Такім чынам, прысуд, вынесены судом Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, з'яўляецца парушэннем правоў чалавека і свабоды асацыяцыі, супярэчыць і нацыянальнаму заканадаўству, і міжнародным абавязанням Беларусі.

9 лістапада 2018 года апеляцыя, пададзеная лідарамі, была адхіленая, і прысуд быў пакінуты ў дзеянні, пасля чаго абодва лідары былі вымушаныя сысці са сваіх пасад.

На жаль, гэты прысуд стварае небяспечны прэцэдэнт судовага пераследу паводле непраўдападобных падстаў усякай прафзвязнай арганізацыі і яе лідараў, якія займаюцца абаронай сацыяльных і эканамічных інтарэсаў працоўных у Рэспубліцы Беларусь.

Акрамя таго, IndustriALL, МКП, Еўрапейскі IndustriAll і ЕКП уважаюць за недапушчальнае, што падчас гэтага суда ўвесь час рабіліся спасылкі на супрацоўніцтва прафзвязу РЭП з замежнымі і міжнароднымі прафзвязамі. Абвінавачванне прадставіла гэты факт, а суддзя прыняла яго пад увагу як дадатковы довад віны лідараў прафзвязу.

У адпаведнасці з артыкуламі 5 і 6 Канвенцыі МАП № 87 аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права на арганізацыю, якая была ратыфікаваная Рэспублікай Беларусь, улады не маюць права ўмешвацца ў рэалізацыю працаўнікамі свайго права на арганізацыю і ўступленне ў міжнародныя арганізацыі, часткай якога з'яўляецца выплата сяброўскіх унёскаў або атрыманне міжнароднай фінансавай дапамогі.

Як вынік, незаконнае выкарыстанне судовай сістэмы і прысуд суда – гэта відавочнае ўмяшанне ва ўнутраныя справы прафзвязаў, што з'яўляецца грубым парушэннем вышэйзгаданай Канвенцыі.

Да таго часу, пакуль прысуд застаецца ў дзеянні, і ў святле суровага абмежавання волі, якое негатыўна адаб'ецца на нармальных умовах працы і жыцця абодвух лідараў, мы ўважаем Фядыніча і Комліка за палітычных зняволеных. Наяўнасць палітвязняў з'яўляецца абуральным парушэннем абавязанняў Беларусі перад Еўразвязам.

Акрамя таго, мы мяркуем, што іншыя незалежныя інстытуцыі, уключаючы НДА, інфармацыйныя агенцтвы і іх кіраўнікоў, не абароненыя ад гэтай новай хвалі крыміналізацыі іх дзейнасці.

Глабальны звяз IndustriALL і МКП звярнуліся да кіраўніцтва краіны з заклікам неадкладна перагледзець прысуд Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку і запатрабавалі іх поўнага і безумоўнага апраўдання. Тым не менш, улічваючы сумную рэпутацыю беларускіх уладаў, для Еўразвязу было б надзвычай важна - асабліва прымаючы пад увагу, што Еўразвяз з'яўляецца другім паводле велічыні гандлёвым партнёрам Беларусі – умяшацца і націснуць на кіраўніцтва гэтай краіны, заклікаўшы яго перагледзець гэты несправядлівы прысуд.

Мы адзначылі інфармацыю аб нядаўнім візіце прэзідэнта Еўрапейскага алімпійскага камітэта Янэза Кацыянчыча ў Беларусь і яго сустрэчы з Лукашэнкам. Відавочна, што беларускія ўлады імкнуцца ўзаконіць свой рэжым з дапамогай Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Таму мы заклікаем вас пры сваіх кантактах з уладамі Беларусі падняць пытанне аб палітычных зняволеных у гэтай краіне, разам з вашым смелым асуджэннем пераследу журналістаў. Мы таксама заклікаем вас разгледзець магчымасць пераносу гульні ў іншую краіну.

Мы мяркуем, што перанос гульняў у іншую краіну – праз абуральныя парушэнні свабоды слова, свабоды асацыяцыі і правоў чалавека і прафзвязаў – паслужыць магутным сігналам для беларускіх уладаў, які павінен прымусіць іх палепшыць сітуацыю з правамі чалавека і прафзвязаў.

Мы будзем далей сачыць за сітуацыяй у Беларусі, і будзем трымаць вас у курсе падзей.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках