19 красавiка 2024, Пятніца, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над галоўным патолагаанатам краіны: супрацоўнікі аддавалі яму 10% ад заробку

22
Суд над галоўным патолагаанатам краіны: супрацоўнікі аддавалі яму 10% ад заробку
АРКАДЗЬ ПУЧКОЎ
ФОТА: TUT.BY

Аркадзя Пучкова затрымалі проста на працоўным месцы ў чэрвені 2018 года.

Віну патолагаанатам прызнаў і падчас папярэдняга расследавання аплаціў усю шкоду. Са звестак абвінавачвання, супрацоўнікі аддавалі яму па 10% ад заробку цягам 13 гадоў, піша tut.by.

Сёння суд Ленінскага раёна Менска пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да галоўнага патолагаанатама Міністэрства аховы здароўя Аркадзя Пучкова.

Абвінавачанага абараняюць адразу два адвакаты, перад пачаткам працэсу Пучкоў нешта гучна з імі абмяркоўвае, ён прыкметна схуднеў. Родныя і сябры фігуранта абураныя прысутнасцю журналістаў.

- Нам няма чаго саромецца, - кажа адная з дзяўчат у зале, калі яе пачынаюць фатаграфаваць.

А вось сам Аркадзь Пучкоў да журналістаў стаіць спінай, імкнучыся не трапляць у кадр, ён знаходзіцца пад вартай. Абвінавачанаму 70 гадоў, мае вышэйшую адукацыю, удавец. Ён 30 гадоў узначальваў патолагаанатамічнае бюро.

- Месца працы? - удакладняе суддзя Марына Запаснік.

- На пенсіі, - адказвае Пучкоў.

Працэс пачаўся з абвяшчэння абвінавачвання.

- Пучкоў усведамляў, што займае пасаду ў дзяржаўнай установе, прыняў для сябе пастанову аб выкарыстанні службовых паўнамоцтваў у злачынных мэтах. У перыяд з 2002 года да 2018 учыніў шэраг карупцыйных злачынстваў, - зачытвае дзяржаўны абвінаваўца.

Першы хабар, са звестак абвінавачвання, Аркадзь Пучкоў атрымаў у траўні 2002 года ад дырэктара ПУП. З гэтым прадпрыемствам была падпісаная дамова арэнды на год, у будынку на вуліцы Сямашка, 8 у Менску была размешчаная крама рытуальных паслуг і ўласная вытворчасць.

Калі тэрмін дзеяння скончыўся, Пучкоў паведаміў: ён падоўжыць дамову, калі яны заплацяць. Яго ўмовы былі прынятыя. З траўня да лістападу 2002 года начальнік бюро атрымліваў па 300 даляраў.

- А ўсяго за гэты перыяд - 2100 даляраў, - удакладняе пракурор.

Наступны эпізод ужо датаваны 2004 годам. Проста ў службовым кабінеце, са звестак следства, патолагаанатам паведаміў санітарам морга, што можа падаўжаць ім працоўныя дамовы, налічваць добры заробак, забяспечыць працай, але пры адным «але». Яны павінны будуць аддаваць яму 10% ад свайго заробку.

- Гэтая інфармацыя даводзілася да новых супрацоўнікаў, - кажа пракурор.

Паводле версіі следства, Аркадзь Пучкоў атрымліваў частку заробку санітараў морга ад ліпеня 2004 года да снежня 2017 год. Усяго ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруе 16 яго падначаленых. Напрыклад, адзін санітар морга за некалькі гадоў перадаў свайму начальніку 6 600 рублёў.

Нагадаем, у чэрвені Аркадзь Пучкоў быў затрыманы на працоўным месцы падчас атрымання хабару. Паводле версіі следства, цягам 16 гадоў ён атрымліваў хабары ад прадстаўнікоў фірмаў і прадпрымальнікаў. Каб у іх была магчымасць пастаўляць бюро ўласную прадукцыю, яны плацілі Пучкову 10% ад кошту тавару.

«Падчас расследавання было выяўлена 24 эпізоды (...). Агульная сума незаконнага грашовага ўзнагароджання склала больш за 390 тысяч беларускіх рублёў», - паведамляў Следчы камітэт.

Галоўнаму патолагаанатуму Міністэрства аховы здароўя выстаўленае абвінавачванне паводле ч. 2,3 арт. 430 КК (Атрыманне хабару на вялікую і асабліва вялікую суму). Санкцыя паводле яго прадугледжвае пакаранне ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках