24 красавiка 2024, Серада, 13:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін папрасіў у Абэ інвестыцый на перамовах пра Курылы

15
Пуцін папрасіў у Абэ інвестыцый на перамовах пра Курылы
Фота: Kyodo

Падчас сустрэчы ў Крамлі абмяркоўваліся «амбіцыйныя планы».

Расея разлічвае пашырыць інвестыцыйнае і тэхналагічнае ўзаемадзеянне з Японіяй, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін пасля перамоў з японскім прэм'ерам Сіндзо Абэ ў Крамлі, піша finanz.ru.

Пасля заканчэння сустрэчы, куды Абэ ехаў «поўны рашучасці» развязаць пытанне мірнай дамовы, якая больш за паўстагоддзя вісіць у паветры праз спрэчкі вакол Курыльскіх выспаў, Пуцін паскардзіўся на нізкі аб'ём японскіх інвестыцый у Расею.

Іх агульная сума - 2,2 млрд даляраў. «Патэнцыял кааперацыі дзвюх краін задзейнічаны яшчэ не цалкам», - канстатаваў Пуцін.

З Абэ, паводле слоў прэзідэнта, абмяркоўвалася магчымасць «амбіцыйных планаў аб пашырэнні эканамічных сувязяў», сярод іншага «інвестыцыйнага і тэхналагічнага ўзаемадзеяння».

Акрамя таго, Пуцін прапанаваў значна - у 1,5 раза - павялічыць тавараабарачэнне паміж краінамі, якое складае цяпер 20 млрд даляраў.

«$30 млрд. Гэта як мінімум», - ацаніў Пуцін (цытаты з «Інтэрфакса»).

Што да лёсу Курыльскіх выспаў, то гэтай тэме «надавалася шмат увагі», сказаў Пуцін. І Расея гатовая працягваць абмяркоўваць гэтую тэму.

Падчас перамоў дадзены загад правесці новы раўнд перамоў аб мірнай дамове на ўзроўні кіраўнікоў МЗС, распавёў у сваю чаргу Абэ.

Сяргей Лаўроў і Таро Кона, а таксама спецпрадстаўнікі, паводле ягоных слоў, сустрэнуцца на палях Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, якая запланаваная на сярэдзіну лютага.

Якога-небудзь збліжэння пазіцый аб мірнай дамове, мяркуючы з усяго, не адбылося: лідары паўтарылі ўжо вядомыя тэзы, кажа кіраўнік Цэнтра японскіх даследаванняў Інстытута Далёкага Усходу РАН Валерый Кістанаў.

За два тыдні да перамоў Абэ заявіў, што Японія гатовая прыняць Паўднёвыя Курылы ў свой склад разам з расейскімі грамадзянамі, якія цяпер жывуць на выспах, і спадзяецца атрымаць іх згоду на перадачу тэрыторый.

Пасля таго, як пытанне будзе разгледжанае будуць зробленыя і інвестыцыі: менавіта адсутнасць мірнай дамовы блакуе магчымасць актывізацыі супрацоўніцтва, казаў Абэ «Інтэрфаксу» напярэдадні візіту.

Японія прэтэндуе на чатыры паўднёвыя выспы Курыльскай грады, якія называе «паўночнымі тэрыторыямі» і разглядае іх «як акупаваныя». Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі ўвайшлі ў склад СССР пасля Другой сусветнай вайны.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках