23 красавiка 2024, aўторак, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску рассылаюць ананімныя лісты для «дармаедаў»

15
У Віцебску рассылаюць ананімныя лісты для «дармаедаў»

Без подпісу, пячаткі і згадвання афіцыйных асоб.

Здымкам такога «ліста» падзяліўся чытач «Віцебскага кур'ера». Паводле ягоных слоў, папера прыйшла некалькі дзён таму. Віцебчука абурыла, што яна была пасланая без канверта, фірмовага бланка і нават зваротнага адрасу, як «ананімка». Сапраўды, такое пасланне складана назваць афіцыйнай паперай, яно больш нагадвае ўлётку.

На адваротным баку складзенага ўтрая аркуша было пазначана толькі лаканічнае «Сталая дзейная камісія для каардынацыі работы для садзейнічання занятасці насельніцтва адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска».

Чытач распавёў, што «ліст» прыйшоў канкрэтна на ягонае імя і адрас. Але ў тэксце няма ні слова пра тое, што камісія звяртаецца да пэўнага чалавека: толькі даведачная інфармацыя пра новыя тарыфы для «працаздольных, якія не былі заняты ў эканоміцы» грамадзян, і працы «камісіі для садзейнічання занятасці насельніцтва».

Атрымліваецца, што інфармацыя агульная, а рассылалі яе па адрасатах?

Адпраўнікі ліста раяць мужчыну звяртацца ў сталую дзейную «дармаедскую» камісію Першамайскага раёна Віцебска на адрасе вуліца 1-я Пралетарская, 14 кабінет 207, а таксама ва ўправу працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Віцебскага гарвыканкама ў аддзел садзейнічання працаўладкаванню на адрасе вуліца Багдана Хмяльніцкага, 10 кабінеты 4, 5 і 7.

Атрымальнік ліста вельмі эмацыйна выказаў сваю рэакцыю на такую рассылку:

- Адсутнасць фірмовага бланка ці пячаткі і звестак афіцыйных асоб выклікала ў мяне толькі адну рэакцыю і жаданне - адправіць адказ з пажаданнем ісці на пазначанае трыма літарамі месца. Але зваротнага адрасу гэтыя «гербалайфчыкі», на жаль не пакінулі, што даказвае паўкрымінальны кантэкст гэтага «паслання». Карыстаючыся сваім выключным правам на свабоду слова, падараваным мне Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, заяўляю з усёй шчырасцю і злосцю, на якую толькі здольны: паважаныя спадары ашуканцы, якія даслалі мне гэты ліст - ідзіце на...!!!

Таксама чытач выказаў здагадку, што «напамінак» быў дасланы невыпадкова, бо ён мае афіцыйную занятасць у Расейскай Федэрацыі.

Можа быць, хто-небудзь з нашых чытачоў таксама атрымліваў дзіўныя лісты праз пошту?

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках