28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Стары хітрык з нафтай можа не прайсці

3
Эканаміст: Стары хітрык з нафтай можа не прайсці

Ужо былі гісторыі з альтэрнатыўнымі пастаўкамі вуглевадародаў у Беларусь.

Перспектывы пошуку альтэрнатыўных крыніц паставак нафты ў Беларусь сумнеўныя, піша эканаміст Сяргей Чалы ў артыкуле на сайце «Белорусы и рынок».

У нас ужо была гісторыя з альтэрнатыўнай пастаўкай нафты з Венесуэлы. Праўда, высветлілася, што гэта была не столькі венесуэльская нафта, колькі азербайджанская. Тады схема запрацавала толькі дзякуючы таму, што ўдалося дамовіцца з Украінай пра запуск нафтаправода Адэса - Броды. Цяпер у такім рэжыме ён не працуе: для Украіны гэта было нявыгадна.

Выказаныя Лукашэнкам прапановы аб пастаўках нафты балтыйскім маршрутам незразумелыя. Гаворка ішла пра тое, што мы разам з краінамі Балтыі можам купляць нафту, перапрацоўваць яе ў нас і прадаваць нафтапрадукты ім, прычым ім гэта чамусьці будзе выгадней. Аднак у такім выпадку нафту давядзецца купляць сусветнымі коштамі і пры гэтым мець дадатковыя транспартныя выдаткі, якія ніякім чынам не зробяць нафтапрадукты таннейшымі, чым на міжнародным рынку. Таму перспектывы ў нас зусім не радасныя.

Няма магчымасці купляць нафту і ў Казахстане, бо канчатковая ідэя ў тым, каб набываць яе наўпрост. Расея ж вельмі не хоча быць транзітнай краінай, яна хоча быць краінай, якая гандлюе. Доступ да трубы там вельмі моцна абмежаваны. Такая сітуацыя будзе захоўвацца да таго часу, пакуль не запрацуюць абяцаныя адзіныя рынкі ЕАЭС. Зрэшты, у ажыццяўленне гэтай ідэі ў жыццё не вельмі верыцца, бо Расеі гэта нявыгадна.

Фактычна, пытанне, хутчэй, неэканамічнае. Мінулым разам венесуэльская схема была выкарыстаная акурат падчас перамоў з РФ аб кошце нафты. Тады некалькі танкераў адыгралі сваю ролю, прытым што эканамічна гэта было нявыгадна. Проста Расеі не спадабалася з'яўленне альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, і яна паабяцала поўную загрузку нашых НПЗ. Блеф атрымаўся. Нешта такоўскае - спроба паўтарыць стары хітрык - назіраецца і цяпер. Аднак зусім не факт, што ён спрацуе.

Тое, што кошт уваходнай нафты для нас будзе імкнуцца да сусветных катыровак, было зразумела і тры гады таму. Пытанне толькі ў тым, як усё будзе адбывацца. Цяпер спрэчкі вядуцца зусім не пра гэта. Падатковы манеўр пачаўся даволі даўно, а асноўная праблема ў тым, што яго параметры ў Расеі змянілі імгненна.

Сёння мы маем сістэму адмоўнага акцызу, калі з сабраных падаткаў, якія акурат падвышаюць кошт нафты, частка грошай у выглядзе бюджэтнай падтрымкі вяртаецца расейскім НПЗ. Такія дзеянні ў эканамічных саюзах - гэта класічны прыклад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Калі б РФ не распачала такіх крокаў, то ў беларускай стараны не было б падстаў пра што-небудзь казаць, бо самая ідэя падатковага манеўру дакладная: паступовае зніжэннем да нуля экспартных мыт скарачаецца субсідаванне ўсяго ўнутранага рынку Расеі. Наша ўсходняя суседка сцвярджае, што яна нічога не абяцала. І гэта нядзіўна, бо вышэйпаказаныя меры былі прынятыя летам, калі і абяцаць не было чаго.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках