25 красавiка 2024, Чацвер, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Салігорскія каталікі абаранілі свайго духоўнага лідара

3
Салігорскія каталікі абаранілі свайго духоўнага лідара
САБЕСЛАЎ ТАМАЛА

Улады не будуць высылаць польскага ксяндза з Беларусі.

Улады Беларусі скасавалі сваю ранейшую пастанову пра непадаўжэнне дазволу на служэнне айца Сабеслава Тамалы з Салігорску.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў nn.by в.а. прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.

Царква атрымала факс ад упаўнаважанага ў справах рэлігіі пра тое, што айцу Сабеславу дазвол на служэнне падоўжаны на паўгода.

Паўгода - гэта звычайны тэрмін для такога падаўжэння. Царква звычайна просіць аб прадаўжэнні тэрміну знаходжання на год, а дазволы выдаюцца часам на год, часам на паўгода, а часам на тры месяцы.

Высылка беларускамоўных ксяндзоў, хоць і польскіх грамадзян выклікае незадаволенасць вернікаў. Як паведамляла старшыня парафіяльнай рады храма Святога Францішка ў Салігорску, петыцыю з пратэстам супраць высылкі а. Тамалы падпісалі больш за 300 жыхароў горада. Адначасова тры сотні каталікоў Віцебска падпісалі ліст пратэсту супраць высылкі айца Паўла Кнурка.

Віцебчукі не ўспрымалі а. Паўла Кнурка як замежніка, бо «вёў набажэнствы, прамаўляў пропаведзі і размаўляў з людзьмі на добрай беларускай мове», - гаворыцца ў тым лісце.

«Мы перакананыя, што для людзей, якія сеюць дабро, любоў і праўдзівую веру, Беларусь павінна заўсёды трымаць дзверы адчыненымі. З таго, што яны раптам зачыняюцца перад кімсьці, вынікае, на наш погляд, толькі шкода і напружанасць у грамадстве», - гаварылася ў звароце вернікаў упаўнаважанага ў справах рэлігіі Леаніда Гулякі.

На перадкаляднай прэс-канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звяртаў увагу на «пэўныя складанасці з запрашэннем святароў з замежжа, не толькі з Польшчы».

Вакансіі святароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампенсаваць ксяндзамі-беларусамі. На падрыхтоўчых курсах у духоўнай семінарыі навучаюцца цяпер усяго два чалавекі з епархіі.

У той жа час за апошнія тры гады (2016-2018) улады не далі ніводнага дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам - каталіцкім святарам або манашкам.

За такімі крокамі праглядаецца жаданне ўладаў знізіць у краіне лічбу ксяндзоў грамадзян Польшчы. У той жа час, напрыклад, праваслаўным мітрапалітам з'яўляецца грамадзянін Расеі Павел (Панамароў), хоць згодна з законам ім павінен быў бы быць грамадзянін Беларусі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках